Музычны дыярыуш Віктара Шалкевіча

Прыхільнікаў творчасці барда Віктара Шалкевіча не спынілі ні дваццаціградусны мароз, ні тое, што яго канцэрт ладзіўся ў адным з самых аддаленых залаў — у Доме культуры імя Н.Ф. Шарко ГА БелТГ.

Віктар Шалкевіч заўсёды рыхтуе для сваіх праграм нешта адметнае, такое, чаго нельга было пачуць ні ў мінулых праграмах артыста, ні на яго дысках.



Прыхільнікаў творчасці барда Віктара Шалкевіча не спынілі ні дваццаціградусны мароз, ні тое, што яго канцэрт ладзіўся ў адным з самых аддаленых залаў — у Доме культуры імя Н.Ф. Шарко ГА БелТГ.

Віктар Шалкевіч заўсёды рыхтуе для сваіх праграм нешта адметнае, такое, чаго нельга было пачуць ні ў мінулых праграмах артыста, ні на яго дысках.

Так здарылася і на гэтым канцэрце, які быў пабудаваны з трох частак, адна з якіх была прысвечана новым праектам барда, а таксама яго новым песням. Прэм’еры папярэднічала частка праграмы, складзеная з вядомых хітоў. З нарастаючым імпэтам гучалі такія шчырыя лірычныя споведзі барда, як песні «Такая доўгая зіма», «Месца», якую выканаўца прысвяціў роднай Гародні, «Маё каханне». Асабліва спадабалася слухачам вострасатырычная «Песня пра Zorro». Акрамя актуальнага зместу, у песні выкарыстаны элементы музыкі лаціна, што даволі яскрава расфарбавала музычнае палатно канцэрта. У гэтым заслуга не толькі аўтара музыкі, але і суправаджаючых яго інструменталістаў, які стварылі непаўторную камерную атмасферу канцэрта: клавішніка Анатоля Кандыбы і гітарыста Дзяніса Брункевіча.

Канва канцэрта засведчыла, што ў творчасці Віктора Шалкевіча надышоў перыяд, калі аўтар звяртаецца да глыбокіх філасофскіх тэм, спрабуе знайсці адказ на пытанні, якія ўвесь час узнікаюць у сувязі са змяненнямі ладу беларускага жыцця ў нашых неспрыяльных умовах. Гэтыя змены тычацца падачы старых і новых песень барда: Віктар адыходзіць ад гратэскнай тэатралізацыі і імкнецца выявіць у песні схаваны псіхалагічны падтэкст, акцэнтаваць на рэчах, на якія раней не звярталася ўвага.

З асаблівым нецярпеннем чакалі слухачы абяцаныя Віктарам Шалкевічам новыя кампазіцыі. Выканаўца заінтрыгаваў усіх паведамленнем пра новы этап у сваёй музычнай кар’еры. Але перад тым прагучалі некалькі твораў, якія толькі падкрэслілі скіраванасць барда да камернасці і філасофскіх абагульненняў. Першая з іх — «Танга старога ўдаўца» — разглядае праблему старасці. Створана песня ад імя старога, як страціў родных і, у пешую чаргу, спадарожніцу свайго жыцця. Атрымалася шчымлівая споведзь самотнага чалавека, які страціў сэнс існавання.

Каронная тэма Шалкевіча — сатырычныя кампазіцыі, якія выклікаюць у слухача адно толькі ўсмешкі і жаданне сказаць: «Маска, маска, я вас ведаю!» Таму слухачы не шкадавалі апладысментаў, калі гучала музычная замалёўка «Вёска Пагост, калгас «Свабода», сатыра на тэму міжнародных дачыненняў «Эла і Венесуэла». Былі ў Шалкевіча ў запасе і новыя творы на рэлігійную тэматыку, кшталту «Балады пра святых», якія працягнулі апакрыфічную тэматыку песень і балад Шалкевіча. Такіх, як «Святы Мікалай», «Ціхі анёл», «Балада аб Збаўцы» і інш.

Віктар Шалкевіч завяршае працу над музычным кабарэ «Карчма «Забава» для аднаго з беларускіх тэатраў. Выявілася, што ў гэтых творах барда гарманічна спалучаюцца не толькі кабарэтовыя мелодыі, але блатны шансон, беларуска-польска-габрэйскі фальклор на заходнебеларускі лад. Пад несціхаючыя апладысменты слухачоў прагучалі такія зонгі з новага кабарэ Шалкевіча, як загалоўная «Карчма Забава», «Песня камсамольцаў», а таксама гістарычная замалёўка з гарадзенскага жыцця «Голдвін і Мэйер едуць у Галівуд». Гэтыя творы выклікалі не толькі жывую зацікаўленасць слухачоў, але і іх жаданне хутчэй апынуцца на прэм’еры такога незвычайнага музычнага шоў, як кабарэ.

Як ужо не аднойчы адзначалася, канцэрты Шалкевіча — гэта своеасаблівыя прыклады арганічнага спалучэння музыкі, спеваў і размоўнага жанру. І гэтым разам Віктар не адступаўся ад сваіх традыцый і асыпаў слухачоў перлінамі спантаннага гумару, разнамоўнымі выслоўямі, павучальнымі гісторыямі. Але гэтым разам бард выступіў у незвычайным амплуа — чытальніка сваіх апавяданняў з яшчэ неапублікаванай кнігі «Мястэчка G. і ваколіцы». Вельмі дарэчы прагучала ў выкананні аўтара апавяданне «Федар Мікалаевіч і сабакі», якое пераключыла ўвагу трохі стомленых слухачоў з музыкі да літаратуры. Зрэшты, большасць тэкстаў Шалкевіча — гэта высакаякасная паэзія, а яго кнігі, сярод якіх прыхільнікі, безумоўна, вылучаць і яго дэбютнае выданне «Requiem па непатрэбных рэчах», — захапляльнае і змястоўнае чытанне. Так і здарылася з і з апавяданнем, якое прагучалі на гэтым канцэрце ва ўнісон з ужо вядомымі хітамі барда. Ад гэтага слухачы больш востра ўспрымалі чорны гумар «Цынічнага танга кастрацыя», гратэск і сатыру песні «Жлобская нацыя», сплін па страчаным часе ў «Сумнай песні пра змарнаванае лета», адчулі любоў да беларускай правінцыі ў шчымлівай «Песні пра Валожын».

Каментаваць