Музей Багдановіча: рэарганізацыя падобная да ліквідацыі

Інфармацыя пра далучэнне Літаратурнага музея Максіма Багдановіча да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў межах «аптымізацыі і рэарганізацыі музяў» агаломшыла шмат каго.



Адзін з найвядомейшых музеяў краіны, які стаіць у адным шэрагу з музеямі Якуба Коласа і Янкі Купалы, губляе самастойнасць і становіцца філіялам іншага музея! Пра бяду, якая навісла над музеем, карэспандэнт «Новага Часу» Таццяна Шапуцька распытала супрацоўнікаў установы.

Рашэнне ёсць, падрабязнасцяў няма

Старшая навуковая супрацоўніца Таццяна Барадуля кажа, што работнікі музея мала што ведаюць пра будучую рэарганізацыю, якую, паводле рашэнне калегіі Міністэрства культуры, неабходна правесці да 31 снежня.

Таццяна Барадуля

На нашы пытанні ў Мінкульце адказвалі — маўляў, пазней дакумент будзе апублікаваны ў дзяржаўных газетах, там і прачытаеце ўсе дэталі. Чуткі хадзілі даўно, але ж гэта былі толькі чуткі... Пра далучэнне нашага музея да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры даведаліся, як і ўсе, — з пастановы калегіі Міністэрства культуры, агучанай у СМІ.

Музейныя супрацоўнікі пакуль і самі не ведаюць, каго з іх звольняць, а хто застанецца працаваць; што будзе з музейнымі фондамі і з экспазіцыямі. Ці застанецца музею будынак у Траецкім прадмесці, дзе цяпер вядзецца рамонт — таксама пытанне. Таццяна Барадуля выказвае перасцярогу, што пазбаўленне музея Багдановіча аўтаноміі можа нашкодзіць прэстыжу ўстановы:

Для беларусаў уся нацыянальная літаратура грунтуецца на «трох кітах» — гэта Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч. Калі ж наш музей стане філіялам — адбудзецца паніжэнне статуса як нацыянальнага паэта, так і музея як дзяржаўнай установы. Наведвальнік хутчэй пойдзе ў галоўны музей, а не ў філіял.

Па-другое, у нас саміх два філіялы — «Беларуская хатка» ў Мінску і дом у Ракуцёўшчыне, дзе летам 1911 года адпачываў Багдановіч. У Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры таксама маюцца свае філіялы — калі іх злучыць, выйдзе каля 10! Сумняваюся, што ў новага кіраўніцтва будзе час клапаціцца пра наш музей, калі трэба дбаць пра столькі філіялаў!

Паводле Таццяны Барадулі, супрацоўнікі музея вельмі нервуюцца праз будучую рэарганізацыю. Тым болей, у філіялаў няма ні сваёй бухгалтэрыі, ні сваіх аддзелаў, таму, выходзіць, скароцяць навуковых супрацоўнікаў.

Усе вельмі хвалююцца, усе на нервах. Узнікае ўражанне, што культура — гэта тая сфера, на якую выдаткоўваюцца грошы па нейкім астатачным прынцыпе. Былі моманты, калі падавалася, што горш няма куды, але гэтая сітуацыя давяла, што заўсёды ёсць.

Супрацоўнікаў менш, бюракратычнай працы больш

Захавальніцу фондаў Людмілу Сасонку найбольш хвалюе, што ж станецца з фондам музея:

У нашым зборы знаходзіцца самая вялікая калекцыя аўтографаў Максіма Багдановіча — 30 рукапісаў, а таксама 6 прыжыццёвых выданняў кнігі вершаў Багдановіча «Вянок» 1913 года. Сабраць гэтыя ўнікальныя творы і дакументы ўдалося толькі дзякуючы шматгадовай працы музея менавіта як самастойнай юрыдычнай адзінкі — для таго, каб аператыўна ўвасабляць у жыццё планы і творчыя праекты, важна мець магчымасць на месцы вырашаць працоўныя пытанні. Калі ж скасуюць нашу юрыдычную самастойнасць, павялічыцца бюракратычныя праца — будзе дублявацца справаводства, дакументы трэба будзе падпісваць у іншым будынку, мы будзем вымушаныя губляць час, каб азнаёміць з пытаннямі людзей, якія непасрэдна не займаюцца нашай працай.

Людміла Сасонка апавядае, што цяпер у фондзе музея налічваецца каля 17 тысяч «адзінак захоўвання» — гэта калекцыі твораў мастацтва, дакументы даследавання жыцця і творчасці Багдановіча, рукапісныя архівы дзеячаў культуры і літаратуры.

Захавальніца фондаў нагадвае, што на першым нацыянальным форуме «Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю», які прайшоў у мінулым годзе, музей атрымаў узнагароду ў намінацыі «Лепшая арганізацыя выставы з уласных фондаў» за цыкл выставаў «Экспануецца ўпершыню».

Таццяна Барадуля дадае, што нягледзячы на рамонт, музей актыўна працуе: адбываюцца творчыя вечары, літаратурныя сустрэчы:

Цяпер экскурсій не прымаем, але мы вельмі запатрабаваныя, і часам нават вымушаныя адмаўляць школам, якія запрашаюць нашых супрацоўнікаў на заняткі — распісана ўсё на тыдні наперад. На фоне іншых музеяў мы выглядаем годна!

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай «аптымізацыі ў галіне культуры», міністр культуры Барыс Святлоў зазначыў, што пытанні рэарганізацыі музеяў абмяркоўваліся з музейнаю супольнасцю.

Я пра гэта чую ўпершыню, — кажа Таццяна Барадуля. — Калі б Міністэрства культуры абмеркавала з намі магчымае далучэнне музея Багдановіча да іншай установы перад тым, як прымаць рашэнне, мы б растлумачылі ім усе праблемы і негатыўныя наступствы гэтай рэарганізацыі, і такой балючай сітуацыі не склалася б.

Каментаваць