Музей Максіма Багдановіча ў Мінску запрашае

На мастацка-дакументальную выставу “Праглядзіце гэты томік…”,  прысвечаную 100-годдзю выхаду адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”,  які з’яўляецца сапраўды вышыннай адметнасцю беларускай паэзіі пачатку XX стагоддзя.



Фрагменты экспазіцыі


                                             “Вы, хто любіце натрапіць

                                             Між страніц старых, пажоўклых

                                             Кнігі, ужо даўно забытай,

                                             Блёклы, высахшы лісток, —

                                             Праглядзіце гэты томік:

                                             Засушыў я на паперы

                                             Краскі, свежыя калісьці,

                                             Думак шчырых і чуцця”.

Менавіта гэты верш нацыянальнага генія, які датуецца 1912 годам, стаў своеасаблівай паэтычнай прадмоваю да “Вянка”.

Вельмі шчыра і пранікнёна падышлі супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, каб уганараваць юбілей выхаду зборніка выбраных вершаў паэта, які напрыканцы 1913 — на пачатку 1914 гадоў упершыню пабачыў свет у віленскай друкарні Марціна Кухты і быў надрукаваны накладам 2 000 паасобнікаў. Музей вырашыў святкаваць юбілей “Вянка” на працягу ўсяго 2014 года, бо ўсе вядомыя аўтографы Багдановіча на зборніку датуюцца 1914 годам.   

Супрацоўнікі Максімавага дому, якія займаюцца зборам і захаваннем усяго, што тычыцца асобы паэта, яго жыцця, творчасці і асяроддзя, добра ведаюць гісторыю ўкладання і выдання “Вянка” і лічаць гэтую справу непадобнаю. Наўрад ці ў гісторыі беларускай літаратуры ёсць нейкае іншае выданне, да здзяйснення якога далучылася б такое мноства людзей. Максім жыве ў расійскім Яраслаўлі, з’яўляецца сталым карэспандэнтам “Нашай Нівы”, што выходзіць у Вільні, па запрашэнні рэдактараў газеты братоў Антона і Івана Луцкевічаў у 1911 годзе наведвае Беларусь. Вандроўка ў Вільню і Ракуцёўшчыну стала наймагутнейшай крыніцай натхнення для напісання паэтам сваіх шэдэўраў — неўміручых і непаўторных вершаў, што і леглі на  старонкі “Вянка”. Непасрэднай падрыхтоўкай зборніка да выдання займаўся адзін з рэдактараў “Нашай Нівы” Вацлаў Ластоўскі, а фундатарам “Вянка” выступіла вядомая мецэнатка і асветніца, княгіня Магдалена Радзівіл.

Выдавец зборніку Марцін Кухта і фундатар кніжкі Магдалена Радзівіл

Багдановіч — паэт паўтонаў. Свае фарбы ён бярэ з паблёклых старадаўніх тканін, з малюнкаў святых кніг, пісаных многа сот лет таму назад на пергаменце, з засохшых красак родных палёў… Паўтоны ў фарбах, у гуках, у перажываннях — вось асноўная рыса творчасці Максіма Багдановіча. Яго ролю ў беларускай паэзіі можна аднесці да ролі таго, хто ўвёў у музыку паўтоны, хто на іх збудаваў новую гармонію”. Так пісаў пра паэзію Багдановіча першы рэцэнзент зборніку літаратурны крытык Антон Луцкевіч.

Першая рэцэнзія на “Вянок” у “Нашай Ніве” аўтарства Антона Луцкевіча

Пра гісторыю стварэння “Вянка”, першыя водгукі на яго і распавядае густоўна аформленая экспазіцыя.

Фрагменты экспазіцыі

Наведвальнікі музею змогуць паслухаць музычную праграму “Вянок” у выкананні ансамблю “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, якая прэзентавалася ў Нью-Ёрку ў 1991 годзе да 100-годдзя з дня народзінаў Максіма Багдановіча, а таксама пабачыць  фрагменты  знакамітых аўтэнтычных слуцкіх паясоў і арыгінальныя выданні зборніку з дарчымі надпісамі аўтара.

Дарэчы, у музеі захоўваюцца шэсць паасобнікаў прыжыццёвага выдання “Вянка” з 27, што захаваліся і знаходзяцца ў фондах розных устаноў культуры Беларусі. Пры гэтым супрацоўнікі музея вядуць картатэку, у якой улічваюцца экземпляры першага выдання “Вянка” і іх уладальнікі ў розных краінах свету.  

Трэба адзначыць, што гэтая вельмі сціплая кніжачка на шэрай паперы карыстаецца  непараўнальнай з іншымі беларускамоўнымі паэтычнымі выданнямі фенаменальнай любоўю беларусаў па ўсім свеце. Рэпрынтныя выданні “Вянка” імгненна разыходзяцца нават і ў цяперашні час. Так, з 1981 года зборнік чатыры разы перавыдаваўся агульным накладам у 18 тысяч паасобнікаў, але факсіміле “Вянка” ўсё роўна нідзе немажліва купіць. Вось чаму дырэкцыя музею зноў будзе звяртацца да выдавецтва “Мастацкая літаратура” з просьбаю надрукаваць чарговае, пятае, рэпрынтнае выданне зборніку.

Першае выданне “Вянка” з дарчым надпісам аўтара сястры

Творчасць паэта вельмі багатая на яскравыя вобразы, і ўжо амаль сто гадоў яна натхняе мастакоў на новыя творы. Па матывах вершаў і апавяданняў паэта створана вялікая колькасць скульптурных, жывапісных і графічных твораў   

У экспазіцыі прадстаўлена каляровая графіка акрылам Юрыя Хілько, створаная ў 2011 годзе да вершаў Багдановіча “Раманс”(“Зорка Венера”) і “Слуцкія ткачыхі”. Гэтыя графічныя творы былі выкананы адмыслова для трохтомніка (з трох вершаў паэта: “Раманс”, “Пагоня” і “Слуцкія ткачыхі” на дзесяці мовах), прысвечанага 120-годдзю з дня народзінаў нацыянальнага генія.

Ілюстрацыі Юрася Хілько ў кнізе Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” на 10 мовах свету

Работы мастака захапляюць і ўражваюць. Юрый Хілько дэманструе высокі ўзровень вобразнага абагульнення, уменне вельмі тонка і чулліва перадаваць мелодыку і метафарычнасць, лірычнасць, прыгажосць, чароўнасць і філасафічнасць паэзіі Багдановіча.

Верш “Слуцкія ткачыхі” напісаны паэтам у 1912 годзе і ўваходзіць у нізку “Старая Беларусь”, змешчаную ў зборніку “Вянок”. Для Багдановіча, які жыў паэзіяй, васілёк — адзін з адметных патрыятычных сімвалаў беларусаў, сведчанне высокай духоўнасці і мастацкай красы, сімвал беларускага адраджэння.

                               “Цямнее край зубчаты бора...

                               І тчэ, забыўшыся, рука,

                               Заміж персідскага ўзора,

                               Цвяток радзімы васілька”.

Верш “Зорка Венера” таксама ўваходзіць у зборнік “Вянок” і з’яўляецца адным з самых пазнавальных беларускіх твораў. Святло зоркі Венеры цягам тысячагоддзяў запальвае самае моцнае і самае захапляльнае пачуццё — Каханне.

                             “Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

                              Светлыя згадкі з сабой прывяла...

                              Помніш, калі я спаткаўся з табою,

                              Зорка Венера ўзышла”.

Выстава працуе да 31 траўня.

Фота аўтара

Каментаваць