«Музыка беларускіх замкаў»

У межах цыкла выданняў «Беларуская музычная калекцыя» выйшаў чарговы дыск — «Музыка беларускіх замкаў». Серыя задумана яе заснавальніцай Арынай Вележ як 12 аб’яднаных агульнай ідэяй музычных альбомаў — лепшае са старадаўняй і сучаснай класічнай і фальклорнай музыкі.



У межах цыкла выданняў «Беларуская музычная калекцыя» выйшаў чарговы дыск — «Музыка беларускіх замкаў». Серыя задумана яе заснавальніцай Арынай Вележ як 12 аб’яднаных агульнай ідэяй музычных альбомаў — лепшае са старадаўняй і сучаснай класічнай і фальклорнай музыкі.

Распачалася калекцыя з запісаў класікі — з’явіліся «Музыка ВКЛ» у выкананні «Старога Ольсы», аўтэнтычныя фолькавыя «Спевы беларусаў», «Музыка беларускіх храмаў». Чацвёртым стаў дыск «Музыка беларускіх замкаў» — збор твораў кампазітараў XVI–XVII стагоддзяў у выкананні ансамбля «Класік-Авангард». Кампазіцыі старадаўняй свецкай музыкі з рэпертуару канцэртаў на велікакняжацкім і магнацкіх дварах таго часу, сабраныя разам і выкананыя выключна «Класік-Авангардам», выпускаюцца ўпершыню. Раней працы ансамбля запісваліся на дысках паасобку ў розных зборках за мяжой і ў Беларусі.

Вартасць выканальніцкага майстэрства «Класік-Авангарда» — у аднаўленні аўтэнтычнага стылю далёкай эпохі і ў якасці аранжыровак. Кіраўнік ансамбля Уладзімір Байдаў — унікальны спецыяліст, лепшы ў Беларусі даследчык-аранжыроўшчык музычнай спадчыны. Аднаўленне твораў па некалькіх радках нотнага запісу, зробленага 300–400 гадоў, таму патрабуе вялікага майстэрства і адчування стылю эпохі.

Да нашага часу дайшлі табулатуры лютністаў і арганістаў, табулатуры клавірнага тыпу, творы з якіх выконваліся на клавесінах альбо невялікіх пазітывах, інструментах, якія стаялі ў залах палацаў і замкаў. Кампазітары, прадстаўленыя на дыску сваімі творамі, былі майстрамі высокай кваліфікацыі, з еўрапейскім досведам, нярэдка замежнай адукацыяй. Іх мелодыі гучалі і ў выкананні капэлаў, якія дзейнічалі ў сталічнай Вільні, Гародні, Нясвіжы.

— Як нарадзіўся праект? — цікавімся мы ў яго кіраўніка Арыны Вележ.

— Усё пачалося з выдання двух альбомаў «Легенды Вялікага Княства», якое запаволілася з-за праблемы набыць аўтэнтычныя інструменты таго часу дзеля рэканструкцыі музыкі Рэнесансу і барока. Папулярная ў Еўропе плынь рэканструкцыйнага выканання гістарычных твораў у Беларусі адсутнічае: няма сродкаў, спонсараў, дзяржаўнага фінансавання. І нават адпаведных ставак для прафесуры ў Акадэміі музыкі. Спадзявацца на прафесійную працу ў такіх умовах цяжка, таму на запісах «Легенд Вялікага Княства» ляжала пячатка аматарства. Тады і ўзнікла ідэя «Беларускай музычнай калекцыі», стварэння прафесійных запісаў класічных твораў беларускай музыкі. Яна прадугледжвае выпуск 16 дыскаў, паставіўшы якія на паліцу, мы атрымаем музычную карту ВКЛ у прасторы і часе. Першыя дыскі серыі ахапілі пласт музычнай культуры да ХІХ стагоддзя. У ХІХ стагоддзі я маю намер засяродзіцца не на Станіславе Манюшку і Міхале Клеафасе Агінскім, якія добра вядомыя слухачам, а высунуць наперад свае аўтарскія прыярытэты. Прадставіць музычную творчасць Напалеона Орды і іншых малавядомых аўтараў, спадчыну якіх варта данесці да сённяшняга маладога пакалення. Таму выпуск дыскаў мяркуецца ў даступнай пакупніку цэнавай катэгорыі, а продаж — праз музеі, музычныя імпрэзы і папулярныя кіёскі.

Арына Вележ-Вячорка



— Вы нейкім чынам перахопліваеце ініцыятыву Акадэміі музыкі?

— На жаль, пасля звальнення з Акадэміі музыкі Віктара Скарабагатава, пра яе ролю ў аднаўленні спадчыны беларускай класікі даводзіцца казаць са скепсісам. Склалася сітуацыя, калі спецыялісту ў музычнай беларусістыцы Вользе Дадзіёмавай стала цяжэй фармаваць выкладчыцкую праграму, а прафесуры, якая аддана займаліся прапагандай беларускай музычнай культуры, не давалася прыярытэтаў. Выдзяленне выканаўцам-лаўрэатам стыпендый, дадатковага фінансавання не спрыяе захаванню нацыянальнай спадчыны, развіццю адметнай музычнай школы. Дасягнення высокага выканальніцкага майстэрства для гэтага не дастаткова. Таму, маючы за плячыма толькі музычную школу, я вымушана займацца тым, што варта было б рабіць акадэміі.

Хвалюе адсутнасць праграмы па выданні помнікаў музычнай культуры, якую варта мець на міністэрскім узроўні. Не існуе і адэкватнай сістэмы ўзнагароджання спецыялістаў-падзвіжнікаў у гэтай сферы. Ці не парадокс, што за аднаўленне на нацыянальнай сцэне оперы Яна Голанда «Чужое багацце» (1785 г.), адзначанае Дзяржаўнай прэміяй, аўтар яе сучаснай транскрыпцыі Уладзімір Байдаў не атрымаў нават звання заслужанага артыста?

Каментаваць