Музыка Грунвальда

24 кастрычніка ансамбль салістаў Белдзяржфілармоніі «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава адчыняе канцэртны сезон праграмай, прысвечанай слаўнай гісторыі Грунвальдскай бітвы.



24 кастрычніка ансамбль салістаў Белдзяржфілармоніі «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава адчыняе канцэртны сезон праграмай, прысвечанай слаўнай гісторыі Грунвальдскай бітвы.

У выкананні калектыву пры ўдзеле Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам Людмілы Яфімавай прагучаць гімн «Багародзіца», «Малітвы перад Грунвальдскай бітвай» Г. Гарэлавай, «Песні даўнейшых ліцьвінаў» В. Кузняцова, сюіта «Грунвальд–1410» У. Байдава. Цяжка ўявіць: у 1529 годзе тэкст «Багародзіцы» на старабеларускай мове быў змешчаны ў першай рэдакцыі Статута ВКЛ, што ёсць сведчаннем асаблівай запатрабаванасці, нават знакавасці твора. Пад назвай «Песнь о велебной девици панне Марии». Песня, малітва, гімн трапіла ў канстытуцыю дзяржавы.

«Багародзіца», вельмі папулярная і ў Польшчы, таксама даўно адаптавана да культуры нашых суседзяў і лічыцца «найстарэйшай польскай рэлігійнай песняй». Там яна гучыць на святах і ў касцёлах, яе спяваюць рыцарскія клубы. У польскіх дакументах і выданнях тэкст твора з’явіўся напачатку XV стагоддзя, але яго першыя куплеты, верагодней, датуюцца нават канцом ХІІІ стагоддзя, яшчэ часамі сярэднявечча. І паходзіць ён з памежжа культур, бо пісаўся на лацінскай мове з уплывамі грэчаскай і царкоўнаславянскай. Выконвалася песня спачатку падчас службаў, а ўжо ў XV стагоддзі стала рыцарскай і гучала перад бітвамі і ў час каранацый.

Старабеларускі тэкст быў упершыню надрукаваны ва ўзгаданым Статуце, у 1529 годзе. Тады ж у кастрычніку 9-гадовы Жыгімонт ІІ Аўгуст, сын Жыгімонта І Старога, быў абвешчаны на сойме ў Вільні вялікім князем ВКЛ. «Багародзіца» зрабілася гімнам і для беларусаў, і, выходзячы на палі Грунвальда, шыхты нашых продкаў, магчыма, спявалі яе не толькі на латыні. У наш час да харавога канцэртнага выканання гімн гучаў у версіях гурта «Стары Ольса» і хору «Унія».

Па словах стваральніцы канцэпцыі праграмы, вядомага гісторыка музыкі Святлены Немагай, яе ідэя першапачаткова фармавалася вакол твора Уладзіміра Байдава «Грунвальд–1410», задуманага як музычна-літаратурная містэрыя. Сваімі вобразамі, мелодыкай і спосабам выканання сюіта мусіць пагрузіць слухачоў у атмасферу эпохі, паказаўшы сучаснае бачанне беларускім кампазітарам даўніх падзей. Некалькі стагоддзяў таму музычныя прадстаўленні фармаваліся вакол выступу акцёра, які ў паўзах паміж паасобнымі нумарамі выступаў з драматычнымі інтэрмедыямі.

Падобная сцэнічная традыцыя захоўвалася аж да часоў Грыга: як музычна-літаратурны спектакль прадстаўлялі знакамітага «Пер Гюнта». Але ў поўным фармаце, працягласцю каля 2 гадзін, твор Байдава будзе вынесены на сцэну праз некалькі месяцаў. 24 кастрычніка прагучаць толькі музычныя часткі, якія таксама маюць гістарычную канву: «Бітва», «Кароль і манах» (супрацьстаянне ордэну), «Плач княгіні Ганны, жонкі Вітаўта», «Малітва белагаловых», «Рэквіем» — дзе, між іншым, закладзены і агульначалавечы антываенны настрой. Іншыя творы праграмы мусяць сучаснымі мастацкімі сродкамі ў рэчышчы нацыянальнай культурнай спадчыны паспрыяць увасабленню духа падзей і часу Грунвальда.
 

Каментаваць