Музыка, якая яднае

Мне надарылася дзень 25 сакавіка пражыць у Вільні. Імжыста-няўтульнай раніцай на нешматлюднай вуліцы Майроні, чыя брукаванка памятае крокі Шырмы, Сеўрука, Сергіевіча і іншых выдатных беларусаў, недалёка ад гатычнай перліны Еўропы, касцёла св. Ганны і побач з бялюткай Прачысценскай царквой, насупраць бернардзінскага парку, чорную графіку дрэваў якога шчыльна апанавалі вялізныя пенапластавыя птушкі-інсталяцыі, я чакаў сябра.

Мне надарылася дзень 25 сакавіка пражыць у Вільні. Імжыста-няўтульнай раніцай на нешматлюднай вуліцы Майроні, чыя брукаванка памятае крокі Шырмы, Сеўрука, Сергіевіча і іншых выдатных беларусаў, недалёка ад гатычнай перліны Еўропы, касцёла св. Ганны і побач з бялюткай Прачысценскай царквой, насупраць бернардзінскага парку, чорную графіку дрэваў якога шчыльна апанавалі вялізныя пенапластавыя птушкі-інсталяцыі, я чакаў сябра. Са стану прыўзнята-філасафічных мрояў да дня сённяшняга вярнуў аэраграфічны надпіс на аўтобусным прыпынку — «Тут быў Вася!» (зразумела, па-літоўску).

Бліжэй да абеду надвор’е палагаднела. Калі беларуска-літоўская грамада ўскладала кветкі памяці і пашаны пачынальнікам Беларусі і БНР Івану і Антону Луцкевічам, а таксама Ёнасу Басанавічусу, па над могілкамі «Роса», у блакіце неба купаліся асляпляльна белыя аблокі.

Ва уніяцкай, Святатроіцкай царкве, што ў Базыльянскіх мурах, каля будынку былой Віленскай беларускай гімназіі адбылася Імша за Беларусь.

Падарункам да свята Дня Волі сталася выстава ў Арсенале (у памяшканні музея дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва) — «Еўрапейскі краявід ХХ ст.». Цікавага ў экспазіцыі было багата, але ў зорным складзе рэпрэзентаваных аўтараў, дзе, дарэчы, прадстаўлены і заходнебеларускія творцы, скалануў сэрца выдатны жывапісны краявід «Перад бурай» мастака-гулагаўца Зм. Крачкоўскага. Поўны лірычнай прыгажосці і затоенай, выбуховай энергіі, твор перадае дух Беларусі. (Гэта, бадай, адзіны, з вядомых маляўнічых твораў майстра ўвогуле. Рэч у тым, што, па прызнанні аўтара, свае жывапісныя творы ён знішчыў па прыходзе вызваліцеляў).

Вяршыняй урачыстасцяў Дня Волі стаўся святочны канцэрт, які адбыўся надвячоркам у Камернай зале Акадэміі музыкі і тэатра (блізу тэатра Оперы на вул. Тілта, вобраз якой добра сцверджаны ў жывапісных і графічных творах М. Дабужынскага). Хвалюючаму выступу мінскіх гасцей, пестунам хормайстра Кірыла Насаева, былога кіраўніка «Уніі», папярэднічала некалькі далікатна кароткіх прамоваў прадстаўнікоў беларускай і літоўскай грамадскасці. Імпрэза, прапанаваная маладым і надзвычай перспектыўным калектывам, парадавала прысутных не толькі чысцінёй і мілагучнасцю маладых галасоў, але і багаццем рэпертуару — як нацыянальнага, так і тэматычнага. (Сімвалічна, што выступ гэты стаўся, па сутнасці, нараджэннем новага музычнага калектыву, якое адбылося ў музычнай сталіцы аб’яднанай Еўропы).

Напрыканцы стоячы праслухалі ўдзячныя ўдзельнікі ўрачыстасцяў нацыянальны гімн Беларусі — «Магутны Божа».

Канаў і адыходзіў дзень 25 сакавіка, а ў душы яшчэ гучала і гучала музыка… Музыка, якая яднае.

Сяргей Гваздзёў

Каментаваць