Музычны рух: Наперад да каранёў!

Выданне непадцэнзурных дыскаў з беларускамоўнымі музычнымі і літаратурнымі творамі стала магістральным напрамкам у развіцці беларускага музычнага руху. У 2013 годзе на розных тутэйшых і замежных лэйблах было выдадзена каля 40 беларускамоўных CD і DVD-дыскаў, што стала нагодай для разгляду мастацкіх вартасцей найцікавейшых з іх. Прынамсі, па раздзелу «рок».



Вяртанне «генералаў»

Для ўсяго беларускага рок-руху стаў важнай падзеяй чарговы рэліз ад «генералаў айчыннага року», гурта N.R.M. іх альбома «Д.П.Б.Ч.» Упершыню ў беларускай фанаграфіі ён быў выдадзены не толькі ў CD-фармаце але і на вінілавым носьбіце.

Цікава, што новы альбом пачынальнікаў нацыянальнай плыні ў айчыннай рок-музыцы прыйшоўся да спадобы як спрактыкаваным у музычных тэндэнцыях аналітыкам, так і маладым рэцэнзентам. Вось як падсумаваў значнасць чарговага альбома N.R.M. вядомы музычны крытык Віктар Мартыненка: «Калі вам скажуць, што N.R.M. страціў канцэптуальнасць з адыходам Вольскага, дык не верце: вось вам альбом страчанага пакалення, якое чакае сонца, не губляючы аптымізму» (http://belmusic.org/).

Музычнае напаўненне новай кружэлкі паўстала ў новым абліччы, як гарманічна-меладычным, так і ў рытмічным. Паслухайце, напрыклад, паказальны твор — кампазіцыю «Мроя мая», якая праз шматлікія асацыяцыі адсылае нас да творчасці «энэрэмаўскага» папярэдніка — гурта «Мроя». Але музыка гэтай кампазіцыі не рок-н-рольна-фолкавая з дамешкам панк-рока. Яна зусім адрозніваецца ад звычнага гучання гэтага гурта.

Новая музыка N.R.M. — больш сучаснае асэнсаванне альтэрнатывы, з яе пастаянным зваротам у лірыцы песень да экзістэнцыяльных праблем маладога слухача і выкарыстаннем пост-рокавых меладычных схем і аранжыровак. Але музыканты ў пагоні за навізной не зракаюцца і рок-н-рольнай «старыны», якая гарантавала ў мінулым поспех «Мроі» і N.R.M.

Паказчыкам гэтых адносін да асноў року можа служыць кампазіцыя «Прамень», якая мела шырокі рэзананс у коле аматараў айчыннай рок-музыкі, дзякуючы нечаканай ратацыі на тэлеканалах сапраўды ўражваючага сваім пазітывам відэа-кліпа на гэтую кампазіцыю. Свой піетэт да мінулага музыканты гурта абазначылі тым, што ў інтрадукцыі да яе выкарыстана мелодыя Дж. Харысана «Here Comes the Sun» з альбома «Abbey Road», гурта «Beatles».

Старыя прыхільнікі N.R.M. і цікаўныя маладыя слухачы, якія ўзгадаваліся на постмадэрнізме, знойдуць шмат свайго ў такіх кампазіцыях альбому, як «Ты маўчыш — я маўчу» ці «На далоні» з рэпертуару гурта Піта Паўлава «Garadzkija».

Але трошкі пра траблы (ці няўдачы) альбома. На мой погляд, іх дзве. Гэта фолк-апрацоўка «Кузнічка», якая была запісана да мінулагодняга адборачнага конкурсу да «Еўрабачання». На жаль, музыканты спяшаліся і не поўнасцю выкарысталі патэнцыял народнай мелодыі, не змаглі з дапамогай аранжыровак падкрэсліць яе энергетыку і прыгажосць. Ды і сама «Кузнічка» больш стасуецца з якой-небудзь фолк-складанкай, чым з канцэптуальным альбомам. Кампазіцыя «Хрусць і папалам» зноў уздымае непрыемныя выпадкі адносін некаторых беларусаў у метраполіі да прадстаўнікоў нашай эміграцыі сталага веку. Калі на альбоме N.R.M. «Тры чарапахі» (2000 г.) сатырычны дыялог з аналагічнай назвай быў успрыняты з разуменнем, то новыя рэмінісцэнцыі на гэтую тэму выглядаюць недарэчнымі.

Лейтматывам альбома «Д.П.Б.Ч.» можа стаць песня, якая дала назву новай кружэлцы. Яна ўвасабляе і развітанне з былым, і крокі насустрач новаму пакаленню слухачоў, якія будуць складаць асноўную частку прыхільнікаў новага N.R.M. — гурта-«доўгажыхара» беларускай рок-сцэны, мадэрновага і бескампрамісна беларускага.

Пра славянскую Атлантыду

Канцэрты айчынных экстрэмальных гуртоў апошнім часам адбываюцца не так часта. Гэтаму ёсць свае тлумачэнні: тут і арганізацыйныя цяжкасці, і адсутнасць канцэртных пасведчанняў, і музыка, якая часцяком не падабаецца тым, хто дае дазвол на канцэрты метал-каманд. Затое гэты змушаны канцэртны «перапынак» айчынныя экстрэмалы не губляюць дарма: працуюць у студыі, запісваюць новыя кампазіцыі і альбомы.

Вось і адзін з лідараў айчыннай paga-folk-metal-сцэны гурт «Камаедзіца» зрабіў падарунак слухачам Беларусі, Украіны, Нямеччыны. Менавіта там цяпер можна паслухаць іх навінку — альбом «Чалавек Планеты», які быў спачатку выдадзены ў Кіеве, а пасля з дапаўненнямі быў паўтораны нямецкім выдавецкім лэйблам «Wewelsburg records».

Нямецкія прадзюсеры альбома дадалі да праграмы дыска спецыфічны трэк ад «Камаедзіцы» — музычны гімн «Дух ваяра» (на рускай мове), які быў запісаны да спаборніцтваў па змешаных баявых адзінаборствах М1, што праводзіцца пры спонсарстве аднаго з сусветна вядомых вытворцаў спартыўнай вопраткі.

І вось беларускі, магутны і энергетычна насычаны pagan-folk-metal «Камаедзіцы» з альбомам «Чалавек Планеты» праз інтэрнэт і шырокую еўрапейскую дыстрыбуцыю стаў набыткам еўрапейскай музычнай супольнасці (мо таму і ўсе назвы кампазіцый альбома пададзены на англійскай мове, я ж буду перакладаць іх у нашу мову).

Якія ж ідэі і філасофскія асэнсаванні нясе экстрэмальная музыка вядомага беларускага гурта? Бадай што так: без моцы сваіх каранёў ты не можаш асэнсаваць сваё месца ў Сусвеце. Пра гэта ў кампазіцыях «Свет ты робіш сам», «Свет каляровы, а не руды». Горыч ад страт універсальных каштоўнасцяў цывілізацыі, а з ёй і пачуцця Роднай Зямлі, трывога за лёс чалавечага, самага дарагога, што засталося ў душы лірычнага героя, яго рашучасць адстойваць усё, што засталося нам у спадчыну…

Канцэптуальны працяг і развіццё ўсяго таго, што было створана музыкантамі ў альбомах «Дзеці лесу», «Пяруне», выразна адчуваецца ў тэкстах (аўтар — лідар гурта Люты) і музыцы такіх кампазіцый, як «Калі змагу ўбачыць Новы Світанак», «Дакраніся да кветкі свайго сумлення». А вось лірычны бок творчасці гурта адлюстраваны ў кампазіцыі «Каханай». Яна вылучаецца пранізлівай мелодыяй, якую дасканала выканаў на гітары Арцём і пранікнёна праспяваў Люты.

Гэтыя песні могуць лічыцца паказальнымі, бо ў іх ёсць кантраст, які дамінуе ў песеннай творчасці гурта «Камаедзіца», як у мелодыях, так і лірыцы, выкананні. Цікава, што на альбоме арганічна пераплеценыя і жорсткія рыфы pagan-folk-metal, электронны hard-core з энергічным гроўлінгам, баладныя спевы. А таксама інструментальныя кампазіцыі, якія прадстаўлены такімі п’есамі, як загалоўная кампазіцыя «Чалавек Планеты» ці рытмізавана-мінімалісцкай кампазіцыяй «Там, дзе жыве Сонечны Прамень»…

Амбівалентнасць, дваістасць значэнняў некаторых узораў лірыкі гурта (скажам, калі музыканты крытычна ставяцца да ліберальных «выкрунтасаў»), пазітыўны нацыяналізм музыкантаў дае падставу некаторым звышпільным слухачам і інтэрнэт-тролямі абвінавачваць гурт ледзь не ў прыхільнасці да «расавай чысціні». Мы ж маем справу з чарговым арт-праектам, які музычнымі сродкамі абвяргае такія закіды ўдзельнікам калектыву.

Лёс Барбары Радзівіл

З’яўленне на айчыннай рок-сцэне гурта «LitvinTroll» было ўспрынята беларускімі слухачамі як новая арыгінальная музычная з’ява. І гэта не дзіва: у склад традыцыйнага metal-гурта былі ўключаны дзве беларускія дуды (на іх саліравалі лідар гурта А. Апановіч і дудар, аўтар тэкстаў В. Верабейчыкаў), які надалі гучанню гурта незвычайныя рысы, вылучылі «LitvinTroll» з шэрагу аднатыпных каманд.

Услед за першай кружэлкай гурта «Rock’n’Troll» (2008 г.), якая была прыхільна сустрэтая крытыкай і слухачамі, музыканты падрыхтавалі і выдалі новы дыск, які адразу стаў заўважнай падзеяй на беларускай «цяжкай» рок-сцэне.

Трэба нагадаць, што выхаду альбома папярэднічалі трагічныя падзеі — гібель падчас metal-фэсту ў Гомелі басіста «LitvinTroll» Алега Клімчанкі. Таму новую працу музыканты прысвяцілі свайму сябру і далі альбому містычную назву «Чорная Панна». Дый сама праграма пачынаецца з кампазіцыі пад назвай «Да сябра». Яна адметная гармоніяй сучасных электронных і старажытных інструментаў, рытмічных рок-рыфаў і акустычных пераліваў беларускіх дудаў.

Адно з мацнейшых уражанняў альбома «Чорная Панна» — квазі-балада «Крыжак» («Песня пра Троляў ІІ»), якая захапляе слухачоў жахлівым, злобным і, адначасова, сцёбным тэкстам пра прыгоды троляў-ліцьвіноў. Гэтая кампазіцыя — цудоўны прыклад сінтэзу сучаснага medieval’ю і гітарных metal-рытмаў.

Працягам гэтай важнай для гурта тэматыкі можна лічыць і «Каралеўскую» песню, тэкст да якой стварыў Васіль Верабейчыкаў, выступіўшы на альбоме як асноўны тэкставік гурта.

У тэксце да песні «Чорна Панна» Васіль асэнсаваў вобраз і трагічны лёс Барбары Радзівіл. З гэтага матэрыялу і змрочна-таямнічай мелодыі і аранжыровак атрымалася вельмі атмасферная кампазіцыя, якая быццам вядзе слухачоў па залах Нясвіжскага палаца XVI стагоддзя.

Сярэднявечна-арыстакратычную тэматыку музыканты «LitvinTroll» працягнулі шыкоўнай інструментальнай п’есай «Ad Astra» («Да зор»), у якой саліруюць цыстра, на якой грае А. Апановіч, і флейта М. Шарый з гурта «Стары Ольса».

Фолк-старонку альбома «Чорная Панна» адчыняе даволі пацешная апрацоўка народнай песні «Камарова смерць», у якой А. Апановіч дэманструе віртуозны спеў-рэчытатыў. Народная тэматыка мае працяг і ў народнай песні «Ліпка», якая выконваецца на польска-беларускай мяшанцы.

Тое, што новы дыск гурта «LitvinTroll» атрымаў высокую адзнаку крытыкаў і слухачоў, займае вядучыя месцы ў хіт-парадах і аглядах, невыпадкова. Сваім першым альбомам «Rock’n’Troll» музыканты гурта ўзнялі дастаткова высока творчую планку і падвысілі яе яшчэ вышэй. 

Абмеркаванне:

  • Макс Гровасолбін
  • 2014-02-02 21:46:03
Дзякуй за своечасовы агляд, бо якраз учора быў на канцэрце памяці Каліноўскага ў Палацы Мастацтваў, дык акурат і купіў там новы "N.R.M." Астатніх альбомаў нешта не прадавалі, бо яны ж
замежнай вытворчасьці. А "N.R.M." вельмі пацешыў душу гартаванага меламана. Паболей бы такіх аглядаў, іх цікава чытаць, разглядаць карцінкі. Рады, што варушыцца белшоўбіз у гэтай
вечна нерытмічнай стране. Але чаму ўсё гэта не трапляе на тэлебачаньне? Мо Барбара Радзівіл запісалася ў БНФ ці маскоўска-нямецкія выдаўцы працуюць на разьвіцьцё ультранацыяналізму?
  • Ігар Старасценка
  • 2014-02-03 16:46:01
Як філафаніст філафаністу скажу, Макс, што ў выданні новага кампакту "N.R.M." найбольш уражваюць калекцыянера (па-за музыкай) яшчэ і сонечныя фарбы залатога дыска. Такія нешта рэдка
вырабляюць, але тут канцэпцыя дызайну патрабавала, і зрабілі (адмыслова аж на Екацярынбургскім заводзе замоўлена). Вінілавы дыск бачыў, але ці там залаты стыкер на цэнтры - не ўпэўнены, хоць каштуе
паўлімона (made in Holland). А наконт беларускіх рок-вінілаў дадаў бы, што ў мяне ёсць ажно два "Уліса" (польскі і расейскі) і адна "Мроя" (расейск.). Ну і шэсць
Данчыкаў амерыканскіх.
  • Догльбут
  • 2014-02-07 17:56:29
Дзякаваць Богу, усё гэта выдавалася і на кампактах. Прынамсі ў мяне ёсць. А вось альбом "Песьні налітых хмараў" менскага гурта "Лютавер'е" ужо з год шукаю, бо
выдаваўся міжнародным joint venture, карпарацыяй "Sound Age production". Апошняя надзея на "Закаханы Фэст", дзе яны 13 лютага выступаюць у клюбе
"Re:Public". На канцэртах калекцыянэру часьцей удаецца дасягнуць плёну. Я там нават і прыгаданую тут нямецкую "Камаедзіцу" знайшоў.
  • Макс Гровасолбін
  • 2014-02-20 01:34:25
Дык было фірменнае "Лютавер'е" на канцэрце. Шкада, як вас там ня змог дапільнаваць, спадар Догльбут, але жадаю ўдачы слуханьня. У бліжэйшую суботу, 22 лютага, у клюбе
"Піраты" будзе цікавы мэта- канцэрт, дзе адзіны шанец адшукаць альбом "Паўстань" менскіх блэк-мэталёўцаў "Wartha", якіх летась выдала расейская фірма
"StygianCryptProductions". Чытайце рэкляму й водгукі тут http://ultra-music.com/events/18779

Каментаваць