Музычны цуд на Каляды

Сапраўднае свята падарылі аматарам беларускай творчасці слынныя айчынныя выканаўцы на праваслаўнае Раство Хрыстова: праз 17 гадоў ветэраны рок- і фолк-музыкі упершыню выканалі праект «Святы вечар-2000». 

У Доме карцін (праспект Пераможцаў, 89/3) выступілі легенды — Лявон Вольскі, Вераніка Круглова, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч. Канцэрт прайшоў з трыюмфам.

«Калядны альбом», як яго называюць яшчэ, узнік напрыканцы мінулага тысячагоддзя. Гэта быў другі супольны праект выбітных беларускіх музыкаў, які з’явіўся пасля «Народнага альбома» (1997 год), і ў гэтым праекце ўзялі ўдзел пераважна тыя, хто ствараў свайго папярэдніка. Варта звярнуць увагу, што, адрозна ад «Народнага альбому», «Святы вечар» не выконваўся так часта. А апошнім разам, як прызнаваліся самі музыкі, яны рэпетавалі гэты альбом больш за паўтара дзесяцігоддзя таму.


Пачатак канцэрта быў прызначаны 7 студзеня на 20.30, але адбыванае нагадвала «музычны дэтэктыў». Самым пунктуальным аказаўся Лявон Вольскі, які прыехаў больш як за дзве гадзіны да азначанага пачатку імпрэзы. Але высветлілася, што ў гэты час Вераніка Круглова, якая ехала на канцэрт з Берліна праз Вільнюс, усё яшчэ ў цягніку і будзе са значным спазненнем (а без Веранікі гэты прект — не праект). Зміцер Вайцюшкевіч едзе яшчэ ў машыне са свайго аднайменнага хутара, а Аляксандра Памідорава нечакана затрымалі на месцы працы. Ну, па рабочых момантах.


Карацей, паўнавартаснай рэпетыцыі праз столькі гадоў не адбылося. Своечасова канцэрт не пачаўся. Публіка не бухцела, бо мела магчымасці паглядзець выставу, пагутарыць, папіць смачнай кавы ці гарбаты. Дарэчы, у залі было даволі багата дзяцей у вышыванках і вышымайках, ды і настрой у прысутных быў прыўзняты ў чаканні сапраўднага каляднага свята. І, варта прызнацца, гэтае свята адбылося. Хоць парэпетаваць пару хвілінаў у адсутнасці Веранікі змаглі ў падсобцы толькі Вольскі, Вайцюшкевіч і Памідораў.    


Крыху пазней высветлілася, што Вераніка яшчэ больш спазняецца. З прычыны маразішча транспарт ходзіць не так, як магло быць у лепшым варыянце. Відаць, арганізатары прадугледжвалі такое развіццё падзеяў, абяцаючы сюрпрызы. Калі самі музыкі зразумелі, што цягнуць з пачаткам больш нельга, было вырашана «стартаваць». Але не з «Каляднага альбома». На радасць прысутных, Вольскі, Памідораў і Вайцюшкевіч выдалі па невялікім сэце са сваіх твораў і з «Народнага альбома».


Публіка разагрэлася, а да гэтага часу ў залі нарэшце з’явілася Вераніка Круглова. І пачаўся «Святы вечар». Цяжка сабе ўявіць, што без рэгулярных рэпетыцыяў можна так файна выканаць гэты складаны праект! Але ў нашых майстроў-ветэранаў гэта атрымалася. Энергетыка ў залі проста зашкальвала. І дарослыя, і дзеці падтанчвалі, спавялі разам з выканаўцамі, пляскалі ў ладкі ды проста скакалі, калі на тое была патрэба ў адпаведных кампазіцыях.

«Святая ноч», «Глорыя», «Мінула дзве тысячы год», іншыя крыху падзабытыя, але такія любімыя кампазіцыі проста скалыналі душу. Асобным момантам стала выкананне песні «Званочкі», якую ў альбоме спавяла памерлая летась жонка Лявона Ганна Вольская. Гэтым разам кампазіцыю выканалі сам Лявон і Вераніка Круглова. Дарэчы, музыкі не ўстрымаліся, каб не выканаць пад моцныя апладысменты і з удзелам прысутных класічную ўжо кампазіцыю з «Народнага альбома» «Простыя словы».


Было відавочна, што асалоду ад таго, што адбываецца, атрымліваюць не толькі гледачы, але і самі музыкі. Фундатар і натхняльнік «Святога вечара» прадпрымальнік, былы «талаковец» Алесь Суша са сцэны прызнаўся, што не чакаў такога святочнага і феерычнага вяртання альбома да гледачоў.

«Я вельмі ўсцешаны, і цяпер спадзяюся, што такім чынам можа адрадзіцца і трэці супольны альбом — «Я нарадзіўся тут», — сказаў Алесь. На адказ музыкі выканалі аднайменную песню з гэтага альбома, а саліравалі яе аўтар Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч, які на плытцы і выконвае гэты сапраўды шлягер беларускае музыкі. Таму можна спадзявацца, што словы Алеся Сушы спраўдзяцца, і нас чакае адраджэнне яшчэ аднаго супольнага шэдэўра нашых улюбёнцаў.

Каментаваць