Музыка — гэта перш за ўсё наша духоўная спадчына

Пасля 17 гадоў музычных падарожжаў Сціў Крамер вярнуўся ў Беларусь, стварыў гурт «МЕРАДА» і рыхтуе да выхаду беларускамоўны альбом. 



Гурт «БОНДА» і Сціў Крамер — злева. 1986 год


Нагодай для нашай са Сцівам размовы стаў памятны здымак амаль дваццацігадовай даўніны.

— Сціў, калі вы бачыце фатаграфію 1986 года, дзе вы з гуртом «БОНДА» на фоне Трокскага замка, якія ўспаміны прыходзяць на розум, што з таго часу вы пранеслі праз  жыццё?

— Перш за ўсё, гэта фота з нашай маладосці: мы ўсе тады былі поўныя энергіі і творчых амбіцый. Мы тады былі на першым у Савецкім Саюзе міжнародным фестывалі рок-музыкі «Літуаніка». Тады ў Вільню з’ехаліся ўсё рок-зоркі: «Акварыум», «Брава» (яшчэ з Жаннай Агузаравай), першы склад «Арыі», гурт «Магнэтык Бэнд»...

Тады нашы хлопцы выступілі вельмі годна. «БОНДА» слухалася амаль як заходняя рок-каманда — у вялікай ступені, дзякуючы беларускай мове і якаснаму выкананню і гучанню. Дык вось, першае, што я вынес ад працы з гэтым гуртом — скрупулёзны падыход да гуку і выбару інструментаў. У тыя часы музыканты аддавалі за гітару суму роўную 2–3-м гадавым заробкам! Іх галоўны прынцып быў: музыка — гэта гук, а гук — добры інструмент. Наступнае — гэта тое, што музыка павінна мець прыгожую гармонію, запамінальную мелодыю і тэкст. Прайшло ўжо больш за 25 гадоў, як «БОНДЫ» няма, а я да гэтага часу магу на памяць заспяваць амаль усе іх песні. Што цікава, калі я пісаў артыкул пра гурт, то ў Вікіпедыі, у інфармацыі аб удзельніках фестывалю «Літуаніка», «БОНДА» нават не згадвалася. Прыйшлося самому ўносіць туды змены. Гэтак жа, і сёння, ні ў інтэрнэт-выданнях, ні ў прэсе імя гэтага калектыву, чамусьці, не ўбачыш.

— Ці ёсць магчымасць вярнуць гэтае імя ў аналы беларускага року?

— На сённяшні дзень наша музыка — як від мастацтва і падыход да творчасці — перажывае крызіс. Яна ператварылася або ў палітыку, або ў камерцыю. Таму «БОНДА», як ужо неіснуючы калектыў, нецікавы. Гурт не можа быць выкарыстаны ў чыіхсьці «шкурных» інтарэсах.

Я лічу «БОНДУ», як у музычным плане, і так і ў плане культурнай спадчыны, такой жа значнай з’явай, як і «Песняры». Адзінае, што ў «БОНДЫ» тады не было «песняроўскіх» магчымасцяў запісу. Усе нашы альбомы былі запісаныя або на бытавы магнітафон, або на паўпрафесійную касетную портастудыю. Галоўны недахоп такіх запісаў — на іх гучаць не жывыя барабаны, а папулярная ў тыя гады «драм-машына». Я працую ў добрай студыі, і ведаю многіх таленавітых барабаншчыкаў. І сёння можна было б запісаць і накласці барабаны ўжывую, перазвесці ўвесь матэрыял на прафесійнай апаратуры, зрабіўшы гучанне больш якасным і сучасным. Для гэтага патрэбна не так шмат сродкаў: каля 5 тысяч долараў у эквіваленце.

— Вы пабачылі шмат краін, пазнаёміліся са шмат якімі музычнымі плынямі. Калі вы найбольш востра адчулі прагу да беларускага слова, да беларускага меладычнага генатыпу? І як гэта рэалізуецца цяпер, у гурце «МЕРАДА»?

— Правёўшы 17 гадоў за мяжой, я заставаўся беларусам, чалавекам, які нарадзіўся і вырас у дадзенай геаграфічнай прасторы. У сучаснай музыцы (песнях) ідэнтыфікацыяй гэтай прасторы з’яўляецца мова. Таму дзе б я ні знаходзіўся, роднымі для мяне заўсёды заставаліся песні «Песняроў», «БОНДЫ» і ранняга «Уліса». Памятаю, як мы часта спрачаліся пра блюз. Музыкі гурта стала ўзгадвалі пра нібыта яго моцны ўплыў на іх музыку. Дарэчы, да гэтага часу ў нас многія ведаюць і слуха­юць блюз, у асноўным, толькі па запісах і па роліках на YouTube.

Калі я жыў у ЗША, то некаторы час працаваў дальнабойшчыкам і аб’ездзіў усе штаты, пабываў у сотнях бараў і клубаў, пераслухаўшы жыўцом сотні выканаўцаў. Сярод якіх былі легендарныя: Бі Бі Кінг, Бадзі Гай, Лоні Брук, Руці Фостэр. Тады я быў вельмі рады нарэшце трапіць у сапраўдную блюзавую атмасферу, пра якую яшчэ з часоў «БОНДЫ» было столькі размоў. Але, трапляючы на канцэрт чарговага блюзмэна, я ўвесь час лавіў сябе на адчуванні нейкага ўнутранага дыскамфорту. А прыходзіў у больш ці менш гарманічны стан, калі праслухоўваў музыку ў стылі кантры. Блюз досыць просталінейны (не значыць дрэнны!) гарманічна і меладычна. А ў славянскіх народаў, усё ж, усё будуецца на багацці гармоніі і прыгажосці мелодыі.

Гурт «МЕРАДА»

— З запісаў, якія пастаянна гучаць па беларускім радыё, слухачы ведаюць, што «МЕРАДА» — гэта не толькі Сціў Крамер, але і Ганна Крамер. Як ёй удаецца так арганічна спалучаць розныя музычныя стылі ў вашых кампазіцыях: фолк, рок, блюз, соўл?

— Калі я пазнаёміўся з Ганнай, то яна, маючы дзве вакальныя адукацыі, займалася педагагічнай і арганізатарскай дзейнасцю. А ў дзіцячых установах, на жаль, не да музычных эксперыментаў. Мая ж музыка створана ў вельмі разнапланавых стылістыках, з досыць моцным уплывам блюзу, кантры і лацінскіх рытмаў. Да сустрэчы з Ганнай у маім гурце было пяць вакалістак, але іх спевы былі не такімі, якімі іх чуў я. Тое ж самае напачатку было і з Ганнай.

Але ж яна — дзяўчына ўпартая, вырашыла высветліць да канца, што не так у яе выкананні. Нам прыйшлося пераслухаць і разабраць горы музычнага матэрыялу, пачынаючы ад вытокаў блюзу, фанка, соўл, лаціны, да амерыканскага року, фольку, кантры. Так праз тры гады мы прыйшлі да агульнага разумення, што капіяваць спевы — не мае сэнсу. Ды і ці трэба гэта?

Увогуле, мы з Ганнай пасля трохгадовага пагружэння ў вытокі, прыйшлі да высновы, што нам трэба развіваць свой музычны напрамак на аснове кантры-музыкі. Але «развіваць», арыентуючыся на ўжо нешта створанае. Напрыклад, у Амерыцы вельмі моцныя традыцыі: кантры музыцы ўжо больш за 150 гадоў, блюзу афіцыйна — каля ста. І амерыканцы шануюць свае традыцыі і пастаянна развіваюць і ўдасканальваюць гэтыя і іншыя музычныя напрамкі. Нашы суседзі-палякі маюць з дзясятак гуртоў, якімі нацыя можа ганарыцца. Яны заклалі падмурак і традыцыі сучаснай польскай музыкі. У нас, на жаль, традыцыі ёсць, але не развіваюцца, а, як на прыкладзе з «БОНДАЙ», — забываюцца.

— У вас шмат гітар розных канструкцый і вытворцаў, арган «Хэманд», губныя гармонікі і шмат яшчэ чаго. Гэта імкненне калекцыянера ці ўсё ж спадчына «БОНДЫ», музыканты якой імкнуліся да дасканаласці ў музыцы і гучанні?

— Я заўсёды марыў пра шмат розных інструментаў. Ды і хто з сапраўдных музыкантаў пра гэта не марыць!? Бо гэта дае магчымасць надаць песням разнастайныя адценні, непаўторны каларыт і магію. Збіраў я іх менавіта з пункту гледжання выкарыстання класічных гукаў, а не як калекцыянер. Але мяне здзівіла тое, што, калі я вярнуўся на Радзіму, амаль ніхто з мясцовых музыкантаў не праявіў аніякай цікавасці да маёй калекцыі! Нават тыя, хто тут называе сябе блюзмэнамі. Хоць у мяне, на самай справе, ёсць легендарныя гітары і ўзмацняльнікі, на якіх у свой час была сыграна ўся класіка кантры і блюзу. Адзін з нямногіх, каму заўсёды цікава арыгінальнае гучанне — гэта былы вакаліст «БОНДЫ» Ігар Варашкевіч. І, вядома ж, у «МЕРАДЗЕ» мы заўсёды выкарыстоўваем «Хэманд», мае вінтажныя гітары і ўзмацняльнікі, бо імкнёмся захаваць і развіваць далей такія крохкія традыцыі сучаснай беларускай музыкі.

— Думаю, што ваш гурт чакае пераўтварэнне ў пастаянна канцэртуючы калектыў. Такая логіка падзей на рок-сцэне: спачатку ідзе запіс і выданне сольнага альбома, а пасля — прэзентацыя яго «ўжывую» перад слухачамі.

— Мы былі б рады ператварыцца ў пастаянна канцэртуючы калектыў, але, як я ўжо казаў, музыка ў нас ператварылася ў палітыку, дзе галоўную ролю займаюць нейкія пасіянарныя панкі, прычым якія спяваюць, у асноўным, на рускай мове. З іншага боку — камерцыялізацыя. Як можна бачыць па тэлевізійных музычных праграмах, нехта з зайздроснай упартасцю раскручвае «бітвы» кавер-бэндаў. Усе музыкі, якія гралі са мной, з цягам часу перамяшчаліся менавіта туды, таму што гэта адзінае месца, дзе музыкант можа зарабіць хоць нейкія грошы.

Афіцыйная эстрада — гэта наогул «міжсабойчык» сярод салодкай папсы. Яшчэ такі нюанс: сёння за запіс песні мы плацім больш чым 400 долараў. У ратацыю яе бяруць толькі дзве-тры дзяржаўныя радыёстанцыі, для ўсіх астатніх мы — нефармат. І за паўгода нам з Ганнай прыходзіць 150 тысяч беларускіх рублёў аўтарскіх адлічэнняў. Дык пра працяг якіх традыцый можа ісці гаворка?! Усё, што мы з Ганнай робім сёння, трымаецца толькі на нашым энтузіязме, на вялікай любові да музыкі і сваёй краіны.

Мы проста верым, што аднойчы прыйдзе дзень, калі людзі прачнуцца і ўспомняць, што музыка з’яўляецца часткай мастацтва, а мастацтва — гэта эстэтыка! Што музыка існуе не толькі для дасягнення нечых палітычных мэтаў, прымітывізацыі свядомасці, карпаратыўнага суправаджэння танцаў у рэстарацыі. Што музыка — гэта перш за ўсё наша духоўная і культурная спадчына, якую мы абавязаныя развіць і перадаць наступным пакаленням. Дарэчы, наш дэбютны альбом і ўздыме гэтую тэму і будзе называцца «Проста вер».

Абмеркаванне:

  • Ushyjking
  • 2014-09-22 11:07:04
Усё ж здорава мець нейкія невіртуальныя архівы! А песьні настальгічныя, але ні аб чым. "Бонда" значна больш зьмястоўная, чым і адрозьнівалася ад пустазвоннай
"патрыацічэскай" эстрады 80-х.

Каментаваць