Музыка на хвалі памяці. Трыб'ют Вудстоку ў Мінску

28 жніўня ў кавярні «Графіці» на завулку Калініна, 16, месцы, вядомым тым, што ў ім дазваляецца выступаць нават «забароненым»  музыкам, адбылася не зусім тыповая вечарына.



Генадзь Старыкаў у залі «Графіці»


Экс-«Верас», экс-бітнік 1960-х, экс-кіраўнік вядомага раскруткай новых імёнаў музычнага «Стар-клуба» Генадзь Старыкаў сабраў старых музыкаў і сяброў, каб адзначыць юбілей апошняга і самага знакамітага фэсту «меладычнага» року  Вудстоку-1969. Тая падзея адбылася пад Ню-Ёркам 17-19 жніўня, і засведчыла прысцутнасць самых значных імёнаў сусветнай рок-сцэны. Учорашняя спазнілася на некалькі дзён, «каб людзі вярнуліся з вакацый», і не прадставіла на сцэне нават усіх з заяўленых у афішы выканаўцаў. Не прыйшлі Андрэй Казлоўскі, Вольга Аліпава, Уладзімір Ткачэнка… Шэрагі дыназаўраў айчыннага року радзеюць, не ўсе ўжо такія актыўныя, як хацелася б  іхным прыхільнікам.

«Стар-клуб» можа яшчэ і жыве, але ў латэнтным стане, а Генадзь Старыкаў ужо не збірае вялікіх залаў. Дзеля чаго ж мы прыгадалі гэтую падзею, калі яна ўжо адбылася? Па-першае, усё роўна атмасфера ў малой утульнай зале «Графіці» была па-рокерску напаленая, і па-сяброўску ўтульная. Па-другое: на нашай сцэне, як гэта не смешна, і ў савецкія, і ў перабудовачныя часы былі выдатныя імёны. Многія з’ехалі, як брат Андрэя Аляксей Казлоўскі. Многія ўжо сышлі зусім. Таму: уважліва вывучайце афішы. Раз-пораз ветэраны выходзяць з прыцемкаў, і не псуюць аматарам добрай музыкі настрою, наадварот, дапамагюць чароўным чынам «паплыць па хвалі памяці». І гэта важна.

Каментаваць