Мы ўсе любім Глеба Лабадзенку

Журналіст і грамадскі дзеяч стаў пятнаццатым лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.
Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка


Штогод прэмія, заснаваная рухам “За Свабоду” і Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны, уручаецца на радзіме народнага пісьменніка Беларусі ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне выдатным грамадскім і культурным дзеячам.

Сёлета арганізатары ўрачыстасці сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі ў пошуку фінансавання, і арганізавалі збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе “Талака”. Галоўным мецэнатам стаў заснавальнік партала TUT.BY Юрый Зісер, які ахвяраваў на прэмію тысячу долараў.


Вядоўца імпрэзы паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч

Вядоўца імпрэзы паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч


Старшыня руху "За свабоду" Юры Губарэвіч

Старшыня руху "За свабоду" Юры Губарэвіч


Сустаршыня БХД Павал Севярынец

Сустаршыня БХД Павал Севярынец


Упершыню ў Бычкі прыехаў аўтар статуэткі прэміі “За свабоду думкі” Віктар Кобач


Музычная праграма ад Аляксандра Памідорава


Урачыстая праграма ў Бычках пачалася з выступленняў паэтаў, якія прысвяцілі свае творы Васілю Быкаву. Затым слова ўзялі лаўрэаты мінулых гадоў – палітык Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, рэжысёр Валер Мазынскі. Калі першых лаўрэатаў выбіралі найбольш пачэсныя грамадскія і культурныя дзеячы краіны, то цяпер гэта місія ўскладзена на лаўрэатаў папярэдніх гадоў. Імя новага героя вядома толькі ім і не разгалошваецца да самай кульмінацыі – абвяшчэння чарговага лаўрэата.

Рэжысёр Валер Мазынскі

Рэжысёр Валер Мазынскі

Мастак Алесь Пушкін

Пісьменнік Кастусь Севярынец

Пісьменнік Кастусь Севярынец



Свята ў Бычках немагчыма ўявіць без яго ганаровай ўдзельніцы, апякункі спадчыны Язэпа Драздовіча, сяброўкі Васіля Быкава Ады Райчонак. Яна распавяла, што на Шаркаўшчыне, дзе яна жыве, распачаліся заняткі “Мова Нанова”.

– Калі да нас на першы занятак прыехаў Глеб Лабадзенка, мы ў яго закахаліся! Ён не проста таленавіты журналіст, ён – артыст! Ён усіх зачараваў, натхніў нас збірацца, і дзякуючы яму на заняткі прыходзяць новыя людзі. Я яго вельмі люблю. А яшчэ ў нас з ім ёсць агульная мара: зрабіць музей Рыгора Барадуліна ў Вушачах, – распавяла прысутным Ада Элеўна, пакрысе раскрываючы інтрыгу дня.

Краязнаўца Ада Райчонак

Краязнаўца Ада Райчонак


Але, паводле традыцыі, прэмію новаму лаўрэату павінен уручыць лаўрэат мінулага года – ім быў Зміцер Дашкевіч.

Я таксама вельмі люблю Глеба Лабадзенку! – гукнуў ён, запрашаючы героя дня да мікрафона і канчаткова раскрываючы імя лаўрэата. – Калі я не ведаў Глеба і сачыў за яго дзейнасцю год 15 таму, я думаў, што ён такі “мажорчык”. А калі пазнаёміўся з ім, я ў яго ўлюбіўся – гэта ясна, – і быў здзіўлены, наколькі гэта прынцыповы і мэтанакіраваны чалавек. І потым проста дзіву даваўся: гэта чалавек-аркестр! Ім адным можна замяніць два міністэрствы – адукацыі і культуры.

Зміцер Дашкевіч

Зміцер Дашкевіч


Новаспечаны лаўрэат быў вельмі крануты ўзнагародай, і сказаў, што гэта першы дыплом, які ён павесіць на сцяну. Але зазначыў, што да ўхвалення ставіцца з самаіроніяй – гэтаму ён навучыўся ў народнага паэта Рыгора Барадуліна.

– Калі б я заснаваў нейкую прэмію, то назваў бы яе “Не словам, а справай”. Бо мы вельмі шмат пішам каментаў у інтэрнэце, лайкаем, галасуем, склікаем аргкамітэт па скліканні аргкавмітэта, і гэта вельмі часта нічым не сканчаецца. Я лічу, што кожны павінен нешта рабіць там, куды дацягваюцца яго рукі. Не старацца вырашыць за раз усе глабальныя справы – няма такога тумблера, каб дзёрнуць – і Беларусь у адзін дзень памянялася. Каб прачнуцца ў “нашай” Беларусі, трэба зрабіць тысячу крокаў – і кожны з нас можа зрабіць хаця б адзін крок, – сказаў Глеб Лабадзенка.

Дарэчы, магчымасць для такога кроку з’явілася тут жа: на свяце пачалі збіраць ахвяраванні на рамонт будынка школы, дзе вучыўся Быкаў. Ужо сабралі 207 рублёў.

Па словах Лабадзенкі, усе хочуць быць генераламі, і ніхто – салдатам. У той час у сілах кожнага чалавека штосьці зрабіць: нехта можа напісаць кніжку, а нехта можа яе набыць.

Вось і лаўрэат, пацвярджаючы на справе свае словы, прыехаў у Бычкі не з пустымі рукамі, ён прывёз шыльду, якую ўсталююць на месцы, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся Васіль Быкаў – насупраць той, дзе цяпер месціцца музей пісьменніка.

– У мяне ў сутках 25 гадзін, – усміхаецца Глеб, даючы каментар “Новаму часу”. – Калі б я бачыў, што нехта зробіць за мяне, я б з задавальненнем сядзеў і вудзіў рыбу, але часам я разумею, што я не зраблю – ніхто не зробіць. Да таго ж, калі што-нішто зробіш, наступныя рэчы ўжо даюцца прасцей. І калі людзі адгукаюцца, падтрымліваюць, разумееш, што ў цябе войска за спінай.

Першых лаўрэатаў прэміі "За свабоду думкі" ў 2008 годзе назвалі 50 найбoльш вядомых прадстаўнікоў незалежнага грамадства. Лаўрэатамі ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, літаратары і палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч, рэжысёр Валер Мазынскі, грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч.
Глеб Лабадзенка – журналіст, грамадскі дзеяч, заснавальнік курсаў «Мова нанова». Ён арганізаваў збор грошай на першы помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі, мемарыяльныя дошкі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, бронзавую дошку да 100-годдзя абвяшчэння БНР і шэраг іншых ініцыятыў.

Фота аўтаркі




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць