На беларускім кнігадруку паставілі два крыжы

Першае ўражанне ад ХХ міжнароднай кніжнай вставы: яна дастала ўсіх. Арганізатараў дастала яе арганізоўваць. Экспанентаў — на яе прыязджаць. Пісьменнікаў — выступаць на ёй, а чытачоў — шукаць там кнігі.



Няўжо нарэшце электронныя кнігі захапілі Беларусь? Або гэта эпідэмія грыпу падкасіла сталічную інтэлігенцыю? Так ці іначай, памяшканне «Белэкспа» на Янкі Купалы, 27 сёлета вельмі рэдзенька застаўленае кніжнай і калякніжнай прадукцыяй, вакол якой ляніва шпацыруюць нешматлікія бібліяфілы.

Запрашаю ўсіх, хто пакуль не даехаў, прагуляцца па калідорах пісьменства, спыніўшыся каля некаторых экспанентаў.

СТЭНДЫ ВЫДАВЕЦТВАЎ

Выдавецтва «Макбел» — разам з «Белкнігай», шматгадовы арганізатар кніжнай выставы. Выстава — галоўная місія і сэнс існавання прадпрыемства, прынамсі, такое ўражанне складаецца пры аглядзе іх асартыменту. Свой працяглы стэнд — на правах гаспадароў — яны змясцілі пры ўваходзе. Тут традыцыйна прадаюць кнігі сучасных французскіх аўтараў, перакладзеных беларускімі перакладчыкамі на рускую мову ў рамках кніжнай праграмы пад назвай «Максім Багдановіч».

Цяжка вылучыць нейкую адну кнігу, але вы пазнаеце ўсю серыю па характэрнай жаўтаватай вокладцы «пад гарэх» і безгустоўных калажах у стылі 1990-х. «Макбел», як і любое прыватнае выдавецтва ў нашы дні, зарабляе, штампуючы падручнікі і дапаможнікі. Відаць, тыя ж людзі вярстаюць і афармляюць мастацкія кнігі. У прадстаўнікоў «Макбела» неаднаразова пыталіся, чаму вокладкі… ну… такія, але ў адказ тыя дэманстравалі дзіўную перакананасць, што «вокладка павінная падабацца хатняй гаспадыні».

І сапраўды — жанчыны, што выглядалі як хатнія гаспадыні, куплялі па 3–4 гарэхавыя выданні і паведамлялі адна адной, пудрачы носікі ў прыбіральні: «Там французскі раман каштуе еўра!». «Макбел» прадае па 10 тысяч старыя кнігі, навінкі — па 20 тысяч беларускіх рублёў.

Няясна, праўда, навошта тыповай хатняй гаспадыні кнігі лаўрэаткі Ганкураўскай прэміі Поль Канстан, якая піша псіхалагічныя раманы пра феміністак і маніякальных забойцаў. Варыць боршч там не вучаць. Можа, не варта было б падманваць чытацкіх чаканняў, выдаючы аўтара «не для ўсіх» за Дар’ю Данцову?

І вось яшчэ што няясна. 20 тысяч для новай кнігі (аўтар якой да таго ж — госць выставы!) — гэта амаль сабекошт. Калі «Макбел» не імкнецца зарабляць на сваіх выданнях, адкуль такое жаданне дагадзіць спажыўцу кічовай вокладкай? А калі нізкі кошт звязаны з нізкім попытам на кнігу, можа, варта выдаць яе ў фармаце густоўнага покет-буку, наняўшы дызайнера пасучасней і прадаваць даражэй? Можна толькі падзівіцца беларускаму кніжнаму рынку.

Выдавецтва «Регистр», паволі, але верна гне сваю лінію. Заявіўшы пра сябе як пра калектыў, што падтрымлівае рускамоўных аўтараў Беларусі, яны сапраўды выдаюць па некалькі кніг у год, якія адпавядаюць заяўленай нішы. Як ні падыдзеш да іх стэнду, адразу адчуваеш: рэдкія людзі, для якіх выстава — свята і нагода сустрэцца з чытачамі і міжсобку. Кніг мала, але кожная пададзеная з понтам. Ужо склалася ў лінейку проза Тамары Лісіцкай. Сёлета раскручваюць яе кнігу «Поцелуй аиста» (прадаюць за 90 тысяч), дзеянне якой адбываецца ў раддоме. Відаць, таму падчас адзначэння выхаду кнігі на стэндзе дзяжурыла дзяўчына ў форме медсястры.

У праграме крэатыўнага выдавецтва — гульня «Схватка», напісаная па матывах упершыню перакладзеных на рускую мову раманаў Сяргея Пясэцкага «К чести организации» і «Человек, превращённый в волка» (прадаюць, адпаведна, па 87 і 88 тысячаў). Шпіёнскую гульню абяцаюць 10 лютага. «Регистр» разумее важнасць рэпутацыйных выданняў, і таму сёлета прадставіў кнігу забытага рускамоўнага пісьменніка Беларусі Якуба Брайцава, які жыў стагоддзе таму. Прадмову напісала Ганна Запартыка. Прадаюць па 97 тысячаў.

Выдавецкі дом «Звязда». З мастацкіх цікавостак стэнд прадстаўляў рускамоўную кнігу Алены Брава «Имя — Тени — Свет». У першы дзень таксама фігуравала Людміла Рублеўская і яе «Авантуры Пранціша Вырвіча», але да трэцяга дня выставы намінаваная на Гедройца кніга кудысьці знікла. Спадзяёмся, раскупілі на аўтограф-сесіі. Стэнд — абвяшчэнне заручынаў газет «Звязда» і «ЛіМ». Першы крок да сінкрэтызму дзяржаўнага друку. Асістэнты то выцягвалі з-пад прылаўка выданні «Мастацкай літаратуры», то раздавала ўсім бясплатны «ЛіМ», дзе былі расстаўленыя «акцэнты кніжнага форуму» і прапіяраныя самыя цікавыя навінкі ад дзяржавы. Напрыклад, чытача запрашаюць на стэнд «Мастацкай літаратуры», каб пагартаць кнігу Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска» — жыццяпіс дамоў цяперашняга праспекта Незалежнасці.

Выдавецтва «Про Хрысто» было адзначанае патрыятычна настроенымі пакупнікамі як адзінае, на якім можна купіць каляндар на 2013 год на беларускай мове: «Ты толькі зірні, і святыя, і па-беларуску!». На гэтым жа стэндзе прадаецца мілая білінгва — «Razem z Tobą — Разам з Табою» вершы польскага паэта ксяндза Яна Твардоўскага ў перакладах на беларускую мову Дануты Бічэль.

Выдавецтва «Галіяфы» ўпрыгожыла сваю кропку маштабнай карцінай Алеся Родзіна, так што кнігі выглядалі працягам палотнішча (не сакрэт, што выдавец Зміцер Вішнёў любіць змяшчаць на вокладкі кніг карціны авангардыстаў). У пятніцу 8 лютага інспекцыя НЧ увайшла на выставу ў момант, калі на стэндзе выступала паэтка Вера Бурлак (Джэці). Адначасова адбываліся прэзентацыі на трох іншых стэндах. І Джэці пакрывала паўзалі, перакрыкваючы тры мікрафоны. Мы ў ёй не сумняваліся.

Стэнд «Логвінава» сёлета выступіў выяздной сесіяй ужо дастаткова раскручанай кнігарні, якая месціцца пры галерэі «Ў». Ляніва прадаваў толькі самыя топавыя кнігі, раздаваў рэкламкі кнігарні, паказваў усім, «як прайсці на прэмію Гедройца», рэкламаваў паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова і радаваў усмешкай дырэктаркі Кацярыны Пікірэні.

СТЭНДЫ КРАІНАЎ

Стэнд Беларусі ўяўляе сабою муляж стэлажоў з кнігамі, што сягае пад самую столь павільёну. Выклікае асацыяцыі з камінам папы Карла, у якім намаляваны агонь грэў намаляваную вячэру. Тут заўжды стаіць чалавек у касцюме з мікрафонам і пра штосьці манатонна расказвае. Часам граюць на баяне, танчаць ці спяваюць пад мінусоўку.

Стэнд Расіі займае чвэрць павільёна і аформлены пад неасяжную канферэнц-залю, у якой сур’ёзныя дзядзечкі нудна разважаюць пра лёсы чагосьці. У асноўным, гэта прадстаўнікі выдавецтваў, якія і так прыехалі прадаваць кнігі. З топ-зорак — Аляксандр Праханаў. Часам, калі верыць праграмцы (самі не бачылі) выводзяць мінскіх піянераў, і тыя чытаюць вершы. На стэндзе перыядычна падтусоўваюцца і прарэжымныя беларускія пісьменнікі, так што стэнд Расіі — не зусім стэнд Расіі.

Стэнд Украіны. Традыцыйны набор: сувенірка з рушнічкамі і Тарас Шаўчэнка. Мапы гарадоў Данецк і Стрый. Але ж штогод на выставе ёсць адзін пісьменнік-энтузіяст, аматар «кніжнага турызму» (гэта калі едзеш прэзентаваць кнігі ў горад, дзе не быў). Сёлета такая аўтарка прадстаўляе Украіну. Ніка Абрамовіч прывезла ў Мінск дзве рускамоўныя кнігі жаночай прозы — «Муха Ukraine» і «Записки филлипинки». Прадае па 45 тысячаў. На кніжках постэр, яўна напісаны самой Нікай: «Вельмі смешныя — абрагочацеся!» Жвавая пісьменніца актыўна ідзе на кантакт і ахвотна расказвае, чаму менавіта кніга харошая. Чы нэ за цэ мы любымо тэбэ, Украіно?

Стэнд Францыі аформлены пад парыжскі Паўночны вакзал. Там так і напісана — Gare du Nord. Менавіта на гэты вакзал прыбываюць у сталіцу Францыі цягнікі з нашых палестынаў. Канцэптуальна самы прыцягальны стэнд. На вакзале сядзяць людзі, як бы чакаюць цягніка,п’юць каву, а разам з імі — запрошаныя пісьменнікі, якія расказваюць пра свае кнігі. Сярод запрошаных сёлета — Поль Канстан, Крысціян Гарсэн і Луі Сандэрс. Усе трое — неаднаразовыя ахвяры «гарэхавай серыі». Цікава, як яны ўспрынялі тое, што іх кнігі ў Мінску прадаюць па 1 еўра?

Стэнд Ісламскай Рэспублікі Іран. У інтэрв’ю для газеты «ЛіМ» Іран быў абвешчаны чыноўніцай Мінінфа Аленай Паўлавай «цэнтральным экспанентам кірмашу». Думаю, шаноўную спадарыню, як і мяне, вельмі ўразілі здаровыя гіпсавыя львы абапал стэнду. Пасмешлівыя дзяўчаты прадавалі бліскучыя кічовыя карцінкі з пасмешлівымі дзяўчатамі і львамі.

Стэнд Палестыны займае ганаровую краекутную пазіцыю бліжэй да канца павільёна, і, відаць, таму сёлета на кірмашы няма стэнда Ізраіля. Пануе поўная ідылія: раскошныя беларускія бландзінкі сядзяць на каленях у раскошных арабаў, і ўся гэтая кампанія прапануе наведнікам пагартаць мемуары Ясіра Арафата, кнігу «64 года пасля Катастрофы» (арабы называюць Катастрофай гвалтоўнае высяленне іх з тэрыторый, заселеных габрэямі) і іншыя выданні, якія расказваюць пра самы гарачы канфлікт Блізкага Усходу. І праўда. Прадстаўнікам Ізраіля супрацьпаказана глядзець на такое.

Стэнд Фінляндыі: праходзіш побач — і лёгкая туга заціскае сэрца. На гэтым месцы мусіў быць стэнд Швецыі. А цяпер фіны выдаюць шведскія візы і стаяць паўсюль, дзе мы прызвычаіліся бачыць Стэфана Эрыксана. Падкрэслена рускамоўны фін з сумнымі вачыма ахоўвае брашуркі пра тое, што Фінляндыя проста створаная для турызму.

Стэнд ЗША зрабіў экспазіцыю так, што наіўны наведнік мог падумаць, што тут бясплатна раздавалі кіндлы. Але гэта было не так — электронныя кнігі былі прыманкай (іх можна паспрабаваць выйграць на старонцы амбасады ЗША ў facebook, а бясплатна (у першы дзень) раздавалі сумкі. Але не ўсім, а тым, хто правільна адкажа на пытанні электроннай віктарыны пра кнігі Амерыкі. Пытанні былі нялёгкія, напрыклад, трэба было ўгадаць першую кулінарную кнігу, выдадзеную ў ЗША, або першую амерыканскую граматыку англійскай мовы. Але студэнты, яўна натрэніраваныя на ЦТ, лёгка давалі рады з апытанкай і выносілі са стэнда запаветныя сумачкі.

Стэнд Польшчы быў цалкам аддадзены пасольствам гэтай краіны Літаратурнай прэміі Гедройца. Менавіта тут у дзень адкрыцця выставы 6 лютага разгарэўся скандал са зрывам прэзентацыі Уладзіміра Някляева. Адбывалася шмат камічных рэчаў, напрыклад, арганізатары вырубілі электрычнасць на стэндзе: відаць, усе разумелі, што адбудзецца, калі ў рукі Някляева трапіць мікрафон. У пятніцу 8 лютага сітуацыя нармалізавалася: Адаму Глобусу і Людміле Рублеўскай далі выступіць без эксцэсаў. У суботу 9 лютага — на стэндзе Сяргей Балахонаў, Паліна Качаткова, Уладзімір Сцяпан.

НА ВЫХАДЗЕ

…На выхадзе з выставы аглядальніка НЧ дагнаў малады эпатажны паэт Віктар Лупасін. «Я думаў, што ў беларускай паэзіі мне падабаюцца хоць бы вершы Віктара Жыбуля, — пачаў ён гутарку. — Але вось паслухаў і пераканаўся, што мне падабаецца толькі адзін беларускі паэт. І гэты паэт — я сам. І я думаю, што тая ж праблема ў нас у кожнага творцы. Менавіта таму ўсё так…» Як так — паэт Лупасін не дагаварыў. А загадкава пакрочыў па вуліцы Янкі Купалы.

КАМУ ІСЦІ НА ВЫСТАВУ

  • Маладым бацькам. Усе экспаненты, як згаварыліся, завезлі ўсякіх чытанак і маляванак. Цяперака ў Беларусі бэбі-бум, гэта самы хадавы тавар, сцвярджаюць прадаўцы. У пакупніцкай здольнасці іншых груп насельніцтва тыя ж выдаўцы з Расіі яўна расчараваліся.

 

  • Тым, хто шукае падарунак або збірае ілюстраваныя выданні па-беларуску, у тым ліку раскошныя выданні розных рэтра-паштовак.
  • Аматарам жывёлаў.

 

  • Аматарам Аляксандра Праханава.

 

  • Аматарам сухафруктаў. Вам на стэнд «Віцебскі мядок». Чарнасліў, міндаль, курага і іншыя смакоцці — па прыймальных коштах!

Каментаваць