На франтах ідэалагічнай вайны

Цяжка ўявіць, што будзе на дзяржпрадпрыемствах, калі тыя, хто адказвае за ідэйную працу, пачнуць дэталёва выконваць інструкцыі галоўнага камісара краіны Наталлі Пяткевіч.

— …І выйсці ў наступнай пяцігодцы на ўзровень сярэдняга заробку па краіне ў памеры 500 долараў ЗША.

Цяжка ўявіць, што будзе на дзяржпрадпрыемствах, калі тыя, хто адказвае за ідэйную працу, пачнуць дэталёва выконваць інструкцыі галоўнага камісара краіны Наталлі Пяткевіч.

— …І выйсці ў наступнай пяцігодцы на ўзровень сярэдняга заробку па краіне ў памеры 500 долараў ЗША.

Сказаўшы пра пяць касых баксаў, дакладчык — мужчына гадоў трыццаці — узняў галаву і паглядзеў на аўдыторыю. Нават пры дрэнным святле — у бытоўцы гарэла толькі адна (і тое так сабе) лямпа, было бачна, якой непадробнай цікавасцю да ягонай лекцыі свецяцца вочы прысутных. Старанна (некаторыя нават высунулі языкі) хлопцы і дзяўчаты з брыгады электрыкаў канспектавалі лекцыю.

— Прабачце, — узняў руку хлопец з пірсінгам у носе, — у мяне пытанне: а колькі тон азімых намалацілі ў Гомельскай вобласці ў 1999 годзе?

Дакладчык парыўся ў сваіх паперках.

— Два мільёны тон.

— Крута!

«Ну добра. Годзе, Міхалыч, мы можам заставацца сябрамі». Малюнак аўтара


Выступоўца перагарнуў старонку канспекта.

— А цяпер пераходзім да пытанняў міжнароднага становішча. Як вы ведаеце, наша краіна з’яўляецца ахвярай ціску заходніх дзяржаў і іх пятай кал…

У гэты момант у дзверы пастукалі. Лектар змоўк і пачаў нервова мітусіцца па памяшканню.

— Што рабіць? Што рабіць? Гэта ён!

— У шафу для інструментаў. Хутка! — загадаў бывалы сівы брыгадзір. — А вы, — ён кінуў сваім прысутным, — прыкіньцеся шлангамі.

Ледзь паспеў лектар утрамбавацца ў шафу, а працоўныя дастаць пляшкі з-пад віна і зрабіць інсталяцыю дзяжурнага бухалава, як на парозе ўзнікла фігура чалавека паважанага ўзросту з папкай у руках. Усё — акуляры, касцюм савецкага пакрою, гальштук — выдавала ў ім ідэолага.

— А вось і я, — заявіў ён з парогу. — Ці не час вам паслухаць лекцыю пра міжнародную сітуацыю? Як вы ведаеце, наша краіна з’яўляецца ахвярай ціску заходніх дзяржаў і іх пятай кал…

Па ўсім было бачна, што брыгада была не ў вялікім захапленні ад прапановы госця.

— Слухай, Міхалыч. Давай у наступны раз. Нешта ў нас галовы баляць, — выказаў калектыўную думку ўсё той жа брыгадзір. Астатнія электрыкі дружна заківалі.

У Міхалыча ад здзіўлення аж дыханне перахапіла.

— Слухайце, — ачомаўся ён, — я чытаў вам даклад пра міжнароднае становішча апошні раз амаль месяц таму. Што здарылася? Раней вы больш ахвотна мяне слухалі.

Нечакана погляд госця трапіў на вокладку сшытка, які па дурасці адзін з будаўнікоў не паспеў схаваць. «Канспект па міжнароднай сітуацыі», — значылася на вокладцы. Міхалыч усё зразумеў.

— Дзе ён?

— Хто ён? — паспрабаваў зрабіць з сябе левага брыгадзір.

— Хто, хто — аватар у паліто. А вы не ведаеце?! Да мяне даходзілі чуткі, аднак я, дурань, не верыў. Сяргееў — адказны за ідэйную працу ў кранаўшчыкоў. Ён жа тут недзе хаваецца. А ну выходзь, казёл!

Сяргееву нічога не заставалася, як выпаўзці з пыльнай шафы. Пры яго з’яўленні Міхалыч кінуўся на брыгадзіра з кулакамі.

— Ах ты, падступны здраднік. Як ты мог?

— Міхалыч, давай не рабіць сцэнаў. У жыцці ўсё бывае. Хіба я вінаваты, што ў снежні галоўны ідэолаг катэгарычна патрабавала, каб мы — адказныя за ідэалогію — ставіліся да калектываў як да родных. Я так і зрабіў. Аднак пасля таго, як пасварыўся з жонкай і збег з сям’і да каханкі, на аўтамаце ўжо таксама не мог ставіцца да кранаўшчыкоў як да родных. Як след, вырашыў знайсці ім замену — новы калектыў. Я ж не вінаваты, што нам добра разам.

Адзін з электрыкаў падтрымаў Сяргеева.

— Міхалыч, прабач. Нам сапраўды добра з Анатолем (так звалі Сяргеева). Ён так класна прымусова падпісвае нас на «Саўбелку».

Гэтыя словы быццам дабілі Міхалыча. Ён сеў за стол, адштурхнуў чыйсьці інструмент і зарыдаў.

— Ну добра. Годзе, Міхалыч, ты яшчэ малады, прывабны ідэолаг, — адзін з электрыкаў паспрабаваў яго суцешыць. — Мы можам заставацца сябрамі.

У гэты час стукнулі дзверы, і ў бытоўку ўварвалася бландзінка. Без усякіх там — «добры дзень», «прабачце» і іншых рытуалаў ,— яна атакавала Сяргеева.

— Пачвара! Скаціна! Ты ж казаў, што ты не можаш сёння застацца са мною, паколькі быццам ідзеш з сябрамі на піўняк — глядзець «Манчэстэр Юнайтэд». Гэта і ёсць твой Манчэстэр? — Жанчына (як усе здагадаліся, гэта і была каханка Сяргеева) кіўнула ў бок будаўнікоў. — Як ты мог? Як ты мог — здрадзіць мне з рабочым класам?!

Будаўнікі пачырванелі.

— Дахаты можаш не прыходзіць, — кабета грукнула дзвярыма. Услед за ёй панура пасунуўся Міхалыч. На яго было цяжка глядзець.

— Не парся, Анатоль, — закурыў цыгарку брыгадзір. — Будзеш жыць тут, у бытоўцы. З намі.

— Тады, можа, працягнем лекцыю, — дакладчык палез за канспектам. Электрыкі пачалі радасна рассаджвацца.

— Такім чынам, як вы ведаеце, наша краіна з’яўляецца ахвярай ціску заходніх дзяржаў і іх пятай кал…

З. Ы.

На наступны дзень брыгада электрыкаў была знойдзена мёртвай — следства ўжывання атручанай гарэлкі. Побач ляжала запіска: «Дык не даставайся ты нікому». Па падазрэнню ў калектыўным забойстве міліцыя арыштавала Міхалыча.

Каментаваць