На прыкладзе свайго брата

Дастаткова адкрыць сайт любога нямецкага выдавецтва, каб пераканацца — тэма вайны там не ў пашане. Адышлі ў нябыт друкаваныя ўспаміны салдат вермахта. Адпісаліся нябожчыкі гітлераўскія маршалы. Калі што і з’яўляецца на тэму вайны, то яно яшчэ і яшчэ раз праклінае нацызм. Здавалася б, кропкі расстаўленыя. Але шэсць гадоў таму адна кніга літаральна ўзарвала спакой. Яна не страціла сваёй актуальнасці і сёння. У тым ліку і для Беларусі, у чым пераконваешся, калі яе чытаеш.



Дастаткова адкрыць сайт любога нямецкага выдавецтва, каб пераканацца — тэма вайны там не ў пашане. Адышлі ў нябыт друкаваныя ўспаміны салдат вермахта. Адпісаліся нябожчыкі гітлераўскія маршалы. Калі што і з’яўляецца на тэму вайны, то яно яшчэ і яшчэ раз праклінае нацызм. Здавалася б, кропкі расстаўленыя. Але шэсць гадоў таму адна кніга літаральна ўзарвала спакой. Яна не страціла сваёй актуальнасці і сёння. У тым ліку і для Беларусі, у чым пераконваешся, калі яе чытаеш. Зараз кніга нямецкага пісьменніка Увэ Ціма «На прыкладзе майго брата» пабачыла свет у выдавецтве Віктара Хурсіка на беларускай мове.

Пісьменнік распавёў гісторыю сваёй сям’і і паказаў, што вінаватыя ў ачмурэнні нацызмам былі самі шараговыя немцы. Усеагульная паблажлівасць да гвалту дазваляла дыктатуры жыць.

Карл-Хайнц Цім быў старэйшым за брата Увэ на васемнаццаць гадоў. Ён запісаўся добраахвотнікам у вафэн-СС і загінуў пад Харкавам у 1943-м. З фронту ў сям’ю вярнуўся невялікі пакуначак з асабістымі рэчамі Хайнца, дзе, паміж іншым, быў і невялічкі дзённік. Запісы маладога эсэсаўца, выкананыя наспех алоўкам у час перадыху, сталі адпраўной кропкай для разважанняў аўтара пра трагічны лёс брата, яго месцам у сям’і, у грамадстве.

Увэ Цім піша: «У адказ на пытанне, чаму брат запісаўся ў войскі СС, у маці заўсёды было напагатове некалькі самавідавочных тлумачэнняў: «З юнацкага максімалізму. Ён не хацеў быць горш за іншых. Не хацеў хавацца за чужыя спіны». Яна, як і бацька, з нязменнай дакладнасцю падкрэслівала адрозненні паміж СС і войскамі СС. Бо на той час, пасля заканчэння вайны ўвесь свет абышлі жудасныя кадры, знятыя на кіна- і фотаплёнку пры вызваленні канцлагераў, усе ўжо ведалі, як яно было на самай справе. Гэта «шайка», — так стала прынята казаць, — гэтыя «злачынцы». Аднак хлопчык якраз быў у войсках СС. «Гэта былі звычайныя баявыя часткі. Злачынцамі былі іншыя, тыя, што з СД. Так званыя часткі спецыяльнага прызначэння. А найперш тыя, што наверсе, — кіраўніцтва. Выкарысталі хлопчыка, злоўжылі яго юнацкім ідэалізмам», — тлумачыла маці.

«Спярша хлапчук, потым гітлерюгенд. Маршыроўка строем пад фанфары, ваенныя гульні, песні, аксельбанты... Былі дзеці, якія даносілі на ўласных бацькоў. І гэта пры тым, што ён, твой брат, у адрозненне ад цябе, ніколі не любіў гуляць у салдацікі. Я была супраць, казала яна, супраць таго, каб ён запісваўся ў СС».

У сваіх ацэнках аўтар не шануе нікога. І бацькі, і суседзі і іншыя жыхары Германіі ведалі пра тое, што адбываецца ў краіне. Мільёны немцаў загінулі ад паблажлівасці да дыктатуры, ад боязі супрацьпаставіць сябе ўсеагульнаму ачмурэнню, ад жадання жыць лепей за іншых...

Гартаючы старонкі гэтай кнігі, адчуваеш подых той далёкай ад нас эпохі, бачыш, як жылі і што думалі яны там, у далёкай Германіі, якая хацела заваяваць свет. І як імкнуліся апраўдаць сваю паразу ўжо пасля 1945-га, седзячы ў кавярнях ушчэнт зруйнаванага Гамбурга.

Выдатны аповед шчырага чалавека з цікавасцю будзе прачытаны і ў Беларусі.

Каментаваць