На раскопках «замка князя Кміты» пад Карэлічамі патрэбныя валанцёры (фота)

На гарадзішчы XVI — XVII стагоддзя, якое ў 2013 годзе стала археалагічнай сенсацыяй, працягваюцца працы.



Побач з вёскай Беразавец, што ў 10 км ад Карэлічаў, месціцца старажытнае гарадзішча. Гэта адно з трох гарадзішчаў жалезнага веку, размешчаных на Карэліччыне. У 2013-м яно стала сапраўднай сенсацыяй, калі на ім упершыню распачаліся археалагічныя раскопкі.

Годам раней навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут прыехала на Карэліччыну, каб праверыць і апісаць стан захаванасці аб’ектаў археалогіі. Тады яна і звярнула ўвагу на гарадзішча, што на дзясятак метраў узвышалася над поплавам ракі Сэрвач. Яно мае прамавугольную форму 95 на 45 метраў, на яго тэрыторыі захаваліся рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў.

Як з вясковай легенды нарадзілася сенсацыя

Мясцовая жыхарка Марыя Сянюта, якой на той час споўнілася 90 год, пераказала археолагу з Гродна вясковае паданне пра князя Кміту, які некалькі стагоддзяў таму збудаваў на гарадзішчы замак. Вяскоўцы расказалі пра знаходкі, зробленыя на тэрыторыі гарадзішча: старыя манеты, пячную кафлю.

У ліпені 2013-га археолагі пачалі даследаваць гарадзішча. Першыя знаходкі ўразілі: культурны пласт дасягаў звыш 2,5 метраў, што магло сведчыць пра важную ролю замка ў рэгіёне.

У часе першых раскопак на гарадзішчы даследчыкі адшукалі матэрыялы XVI стагоддзя: пячную кафлю, рэчы хатняга побыту, фрагменты зброі, манеты, упрыгожванні ды іншыя прадметы, што сведчылі пра высокі статус знойдзенага паселішча.

Паселішча часоў Ягайлы

Працягнутыя праз год раскопкі далі новыя цікавыя знаходкі. Археолагі адшукалі рэшткі жытла XV ст. Знойдзеная срэбраная манета першай паловы XV ст. дазволіла дапусціць, што выяўленыя побач з ёй знаходкі таксама можна аднесці да гэтага часу.

Рэшткі драўлянай забудовы XV ст., на фота бачныя фрагменты драўляных слупоў, што захаваліся праз стагоддзі

 

Аскепак косці, які тырчыць са сцяны раскопа

У 2014-м даследчыкі адшукалі ў культурным пласце селішча рэшткі драўлянай забудовы XV стагоддзя — слупы дыяметрам 16-18 см і рэшткі драўлянага насціла. Асаблівую цікавасць спецыялістаў выклікала ступень захаванасці драўляных элементаў. Добры стан знаходак тлумачыцца тым, што паселішча размяшчалася на тарфяніку.

Хто такі князь Кміта?

Як расказала «Гродзенскай праўдзе» Наталля Пачобут, у гісторыі ВКЛ сустракаецца некалькі вядомых Кмітаў. Але бліжэй за ўсё да Беразаўца апынуўся пісьменнік і кнігадрукар Пётр Бластут Кміта, які пры падтрымцы Кшыштафа Радзівіла заснаваў у пачатку XVII ст. у Любчы друкарню.

Улічваючы невялікую аддаленасць Любчы ад Беразаўца, каля 25 кіламетраў, навукоўцы зрабілі здагадку, што паселішча і замак маглі належаць Пятру Кміце або яго нашчадкам.

Гаспадары замка мелі добры густ: узоры пячной кафлі XVI ст., знойдзеныя пад Беразаўцом, раней не трапляліся археолагам нават пры раскопках замкаў у Гродне, Міры і Нясвіжы.

На раскопках патрэбныя валанцёры

Як расказаў «Салідарнасці» старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАНБ Леанід Калядзінскі, удзельнік экспедыцыі, сёлета на раскопках працуе адмысловец з Польшчы — археолаг з варшаўскага Універсітэта кардынала Вышынскага Ася Ваўжынюк, этнічная беларуска, праваслаўная.

Аскепкі посуду

Адкапанае жылое памяшканне з рэшткамі печы

 

Па словах Калядзінскага, у суботу, 19 верасня, працы адновяцца. На раскопках заўсёды патрэбныя лішнія рукі. Таму ўдзел валанцёраў толькі вітаецца.

Археолаг расказаў пра дапамогу раённых уладаў і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі. Па яго словах, з раёна на гарадзішча дасылаюць валанцёраў, а сельгаскааператыў выдзеліў для ўдзельнікаў раскопак чатырохпакаёвы дом і лядоўню.

Пячная цэгла

Турыстычныя перспектывы «Замка Кміты»

Знаходкі беразаўцоўскага гарадзішча плануецца перадаць у музеі Гродна і Карэліч.

Працы на замчышчы хопіць на дзясятак гадоў, але ўжо зараз ёсць падставы

меркаваць пра турыстычную будучыню «Замка Кміты», які можа стаць аб’ектам агульнанацыянальнай значнасці.

Ён размешчаны побач з дарогай Мір—Навагрудак, знаходзіцца сярод прывабнага ландшафту і з’яўляецца ўнікальным для Беларусі ўзорам замкавага дойлідства.

Краявіды

Рака Сэрвач

 

Што яшчэ можна пабачыць у Беразаўцы

— У пачатку XVII ст. замкам валодалі Радзівілы. На тэрыторыі гарадзішча тады стаяла дряўляная царква. Гаспадары замка былі кальвіністамі, і ім такое суседства не пасавала. Таму царкву перанеслі ў Беразавец, — расказаў Леанід Калядзінскі.

Рэшткі царквы Святой Тройцы ў Беразаўцы

Па яго словах, звесткі пра царкву ёсць у інвентарах чатырохсотгадовай даўніны. Акрамя таго, на тэрыторыі замчышча было адшуканае вуха ад царкоўнага звана, адлітага з бронзы.

Пазней царкву некалькі разоў перараблялі. Як гаворыцца ў раённай кнізе «Памяць», у 1899 годзе на месцы старой царквы быў збудаваны мураваны храм у рэтраспектыўна-рускім стылі.

Над бляшаным дахам асноўнага аб’ёму ўзвышаўся светлавы купальны барабан на 12 вокан. Выкладзеныя з часанага каменю фасады чляніліся 10 вялікімі вокнамі і 3 дзвярыма.

У 1960-я гады царкву зруйнавалі. Аднак нават у паўразбураным стане царква ўражвае.

www.gazetaby.com

Каментаваць