На ўсе вякі

Пабачыў свет зборнік вершаў (на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы) Сяргея Панізніка “На ўсе вякі...

Сяргей Панізнік не толькі выдатны паэт, але і добры гаспадар сваіх творчых набыткаў. У сённяшні фінансава цяжкі час ён дбае аб тым, каб ягоныя вершы даходзілі да чытача, і мы ўдзячныя яму за гэта.

На каляровай вокладцы новага зборніка бачым аўтара з радаснай усмешкай і распасцёртымі рукамі нахіленым над вялікім глобусам. А на абводцы глобуса ўздоўж экватара стаяць сем папярэдніх паэтавых кніжак. І вось ён падарыў нам восьмую.

Глобус на вокладцы не выпадковы. Як зазначае Міхась Скобла, аўтар прадмовы, “Сяргей Панізнік — аднолькава жаданы госць у Празе, Рызе, Вільні, Львове... Пералік замежных сталіц і гарадоў можна было б працягваць: беларускі паэт нястомна ўмацоўвае культурныя повязі з краінамі блізкага і далёкага замежжа.

Міжнародныя сувязі Панізніка ў новай кнізе навідавоку: у зборніку 28 ягоных вершаў прадстаўленыя англамоўнаму чытачу ў перакладзе Dogmar T. Walcott і 41 верш на французскай мове ў перакладзе Ніны Дэбольскай. А на 80 старонках аўтар прапануе свае новыя творы.

Сяргей Панізнік — паэт-жыццялюб, глыбока адухоўлены. Тэматыка ягоных вершаў дэманструе замілаванасць моваю, абазнанасць у гісторыі роднага краю, здольнасць да тонкіх назіранняў над з’явамі навакольнай прыроды і космасу.

Заглыблены ў моўную стыхію, са шчодрым талентам, аўтар дорыць чытачу паэзію багатую алітэрацыямі і наватворамі, музыкай слоў, гукаў і сугуччаў. Паэт верыць у цудадзейную сілу слова ды ў лепшую будучыню.

Падзякуем жа паэту за чарговую скарб-кніжку ды пажадаем, каб яна сапраўды заставалася “На ўсе вякі...

Янка Запруднік

Каментаваць