На сёлетняе «Басовішча» паедуць «PANaNieba» і «PAWA»

24 чэрвеня ў мінскім «Rocker Bar» адбылося «Адборышча» — канцэрт, на якім мусілі абраць маладыя гурты для ўдзелу ў сёлетнім «Басовішчы». У выніку, у Польшчу паедуць «PANaNieba» і «PAWA», а астатнія тры запрошаныя гурты нават не прынялі ўдзелу ў канцэрце.



24 чэрвеня ў мінскім «Rocker Bar» адбылося «Адборышча» — канцэрт, на якім мусілі абраць маладыя гурты для ўдзелу ў сёлетнім «Басовішчы». У выніку, у Польшчу паедуць «PANaNieba» і «PAWA», а астатнія тры запрошаныя гурты нават не прынялі ўдзелу ў канцэрце.

Як трапна заўважыў рэпер SP Kava ў сваім мікраблогу ў Twitter, «арганiзацыя “Адборышча — без каментару». Хлопцам з “PANaNieba давялося выступаць з жудасным гукам, і літаральна пасля дзвюх песень яны сышлі са сцэны. Гурт «PAWA» быў яўна не гатовы так хутка выходзіць на сцэну: яны вельмі доўга рыхтаваліся да выступу, а вядоўца Алесь Таболіч тым часам спрабаваў развесяліць нешматлікую публіку. Стваралася ўражанне, што ў клубе адбываюцца сяброўскія пасядзелкі ці рэпетыцыя, а ніяк не адборачны канцэрт на легендарны беларускі фестываль.

                                                   “PANaNieba

Наступным адыграў гурт «Unia», што некалі перамог у «Басовішчы». І ўсё. Ні «Acid Head», ні «Inside Us» у гэты вечар не выступілі. Не было і гурта «Sonika», які праславіўся дзякуючы песні ў фільме «Вышэй за неба». І калі «Sonika» і «Inside Us» паведамілі пра свой няўдзел праз суполкі “УКантакце, то з боку «Acid Head» ніякай інфармацыі пра выступ і яго адмену не з’явілася. Таму не выключана, што гурт нават не ведаў пра тое, што ён мусіў адыграць на адборачным канцэрце.

                                  «Unia»

Сёлетняя арганізатарка «Басовішча» Ганна Пякарская паспрабавала выкруціцца з непрыемнай сітуацыі па-свойму: маўляў, усе гурты даведаліся пра свой удзел у адборачным туры толькі за тры дні да яго пачатку. Таму тыя, хто ўсё ж такі здолелі прыняць удзел у «Адборышчы», сапраўды вартыя паездкі на фэст у Польшчу.

                                               «PAWA»

Застаецца толькі адно пытанне: ці варта было гуртам праходзіць праверку ў пустой залі з кепскім гукам і амаль поўнай адсутнасцю хоць якой арганізацыі? Хочацца спадзявацца, што вялікі фэст у Польшчы не паўторыць тых хібаў, што былі на адборы. Іначай і без таго напаўжывы, некалі легендарны фестываль рызыкуе канчаткова памерці ў вачах сваіх адданых фанатаў. Задоўга да пачатку фестывалю ў інтэрнэце толькі і гучыць крытыка ў ягоны бок, а такое «Адборышча» толькі падлівае масла ў агонь сеціўных дыскусій.

                                      Алесь Таболіч

Каментаваць