На скрыжаванні музычных шляхоў: з Магілёва ў Бярозу


Аматары беларускай рок-музыкі і гурта “:B:N: з асаблівым пачуццём прыйшлі на канцэрт любімай каманды: музыканты з Бярозы не так даўно абвясцілі пра пачатак працы над трэцім па ліку альбомам. Гэтая падзея павінна была адбыцца менавіта пасля гэтага канцэрта, які прысвячаўся 12-годдзю гурта.


Аматары беларускай рок-музыкі і гурта “:B:N: з асаблівым пачуццём прыйшлі на канцэрт любімай каманды: музыканты з Бярозы не так даўно абвясцілі пра пачатак працы над трэцім па ліку альбомам. Гэтая падзея павінна была адбыцца менавіта пасля гэтага канцэрта, які прысвячаўся 12-годдзю гурта.

Слухачы, якія прыйшлі ў сталічны клуб “Re:Publik, чакалі новыя песні ад любімага гурта, назіралі за тым, як змянілася гучанне каманды, задаваліся пытаннем, якія “фішкі падрыхтавалі “бээнаўцы для свайго музычнага шоў?

На ўсе гэтыя пытанні ў вопытных музыкантаў знайшоўся адказ, бо “жывы канцэрт — заўсёдны экзамен для таленавітых музыкантаў, якія смела ідуць на наўпроставы кантакт са слухачамі. А музыканты “:B:N: заўжды адрозніваліся менавіта гэтымі якасцямі. Цікаўнасць да канцэрта была падвышана і тым, на сцэну клуба была запрошана яшчэ адна суперпапулярная каманда — магілёўскі гурт “Akute.

У нечым гэтыя каманды падобныя, бо выконваюць энергічны гітарны рок, хоць магілёўцы граюць трыо, а бярозаўцы — квартэт. Абедзве каманды былі трыумфатарамі фэсту “Басовішча, “:B:N: у 2002 годзе, а іх магілёўскія сябры — у 2010-м. Аб’ядноўвае музыкантаў і тое, што за аснову сваёй творчасці яны бяруць жыватворны рок-н-рол, а тэксты іх заўсёды напоўнены яскравымі пачуццямі, якія імкнуцца раскрыць унутраны свет сучасніка. Да таго ж, іх яднае агульная прыхільнасць да беларускай мовы ў песнях, што робіць іх кампазіцыі ўзорамі нацыянальнай музычнай творчасці маладой генерацыі беларусаў пачатку ХХІ стагоддзя.

На канцэрце ў сталічным клубе “Re:Publik музыканты прадставілі свае праграмы, якія адлюстроўвалі сённяшні стан выканаўчага і кампазіцыйнага майстэрства вядомых выканаўцаў. Зразумела, музыканты “Akute прадстаўлялі сталічным слухачам песні са свайго новага альбома “Дзевачкі і космас, а вось “бээнаўцы нагадалі хіты з папярэдніх кружэлак — “Не трывай і “Жыве рок-н-рол. Запіс наступнага, трэцяга альбома бярозаўскімі музыкантамі быў толькі абвешчаны, і гурт “:B:N: праспяваў слухачам дзве кампазіцыі з чарговага альбома. Гэта песні “Выраю няма і “Напрыканцы...

Затое госці з Магілёва з гурта з “Akute яшчэ раз “выпрабавалі ў канцэртных умовах свой новы альбом. Дзякуючы таму, што ўпершыню яго можна было пачуць і спампаваць з інтэрнэта, слухачы добра ведалі словы песень і актыўна дапамагалі лідар-вакалісту і гітарысту “Akute Стасю Мытніку. Так, агульным спевам, прагучалі вядомыя ўжо ў Мінску песні гурта “Машына, “Свяці, “Агонь, “Павольна, “Непазбежнасць і, канешне ж, песня, якая ў нейкай ступені вызначыла лёс музыкантаў — “Адзіноцтва. Прагучала і навінка ад “Akute: песня “Іголкі, якая плануецца для другога альбома каманды.

                                        “Akute

У музыцы “Akute шмат эксперыментальнага — незвычайныя сугуччы і гітарныя акорды, нечуваныя раней у айчыннай рок-музыцы рытмічныя і кампазіцыйныя малюнкі. У той жа час песні гурта напоўнены “касмічнай меланхоліяй і сімвалізмам адзіноты далёкіх зорак, мінорным строем некаторых кампазіцый. Гэтая своеасаблівасць музыкі “Akute вылучае яе на фоне ўсіх гуртоў, якія дэкларуюць прыхільнасць да стылістыкі рок-музыкі ХХІ стагоддзя. “Akute ад дэкларацый робіць значны крок да рэалізацыі гэтай мэты: каманда ўспрымаецца як флагман мадэрновых стылістычных эксперыментаў айчынных музыкаў. Нездарма магілёўскія музыканты з вялікай доляй самаіроніі ахрысцілі свой гурт “дыска-дэкадансавым...

Музычная і гукавая эвалюцыя гурта “:B:N: адбываецца даволі традыцыйна: ад рок-н-рольных рытмаў у бок “металічных гітарных рыфаў і хард-рокавага ансамблевага гуку. Гэтыя змены добра былі заўважныя ў каверы на знакамітую песняроўскую апрацоўку народнай песні “Ружа, якую на канцэрце музыканты “:B:N: прысвяцілі памяці Уладзіміра Мулявіна. Кавер на “Ружу вызначаўся акцэнтаваным рытмічным інструментальным малюнкам у metal-стылістыцы, а ў выніку — незвычайным прачытаннем мулявінскай аранжыроўкі.

Песні з новага, трэцяга па ліку альбома “:B:N: засведчылі, што музыканты сталеюць і гатовы прапанаваць слухачам не толькі хітовую рок-музыку, але і заглыбленыя, філасофскага плана кампазіцыі, якія дадуць прыхільнікам творчасці гурта і беларускай рок-музыкі падставы для больш глыбокага асэнсавання з’яваў нашага жыцця, для больш глыбокага разумення сваёй ролі ў грамадстве, у лёсе краіны. Да таго ж, новыя творы “Выраю няма і “Напрыканцы неяк незаўважна намалявалі рысы новай працы музыкаў “:B:N: і іх адрозненні ад папярэдніх кружэлак. Зрэшты, ці спраўдзяцца гэтыя прагнозы і спадзяванні слухачоў, пакажа час. Тым больш, што бярозаўскія музыканты абяцалі новы альбом ужо вясной будучага года.
 

Каментаваць