Набыткі нашчадкаў Астапа Бэндэра

Восьмага жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адчынілася выстава «Выратаваныя каштоўнасці». Экспазіцыя са збораў брэсцкага музея «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», філіі Абласнога краязнаўчага музея, адчыненая для наведвальнікаў да 15 верасня.



Праца мытнікаў падчас выяўлення кантрабанды


Першае ўражанне ад выставы — вось яна, спадчына няўдалых нашчадкаў Астапа Ібрагімавіча, няздзейсненыя мары пра Рыа-дэ-Жанэйра, дзе ўсе ходзяць у белых штанах. У рукі пільных мытнікаў у якасці канфіскату, што спецыяльнай камісіяй перадаецца затым у музейныя сховы, пераважна ў вышэйпамянёную калекцыю, рэдка трапляюць творы «высокага» мастацтва. Дзеля вывазу апошніх трэба быць Армандам Хамэрам і сябраваць з лідэрамі краіны ад Леніна да Гарбачова.

Тады можна вывезці, як зрабіў Хамэр, у абмен на збожжа ды будаўніцтва фабрыкі канцылярскіх вырабаў імя Сака і Ванцэці ладную частку жывапіснай калекцыі Эрмітажа ці цэлую падборку ювелірных вырабаў Фабержэ. Брэсцкаму музею, які адчыніўся ў 1989 г., а першыя творы калекцыі прыдбаў у 1953, толькі аднойчы пашчасціла набыць вазу Фабержэ: буйныя кантрабандысты не вязуць шэдэўры цягнікамі ці аўтобусамі праз беларускую мяжу.

У асноўным трапляецца «дробны прадпрымальнік», які імкнецца прапанаваць на Захадзе сямейныя абразкі ці фамільнае срэбра, часам не ведаючы, што кожны мастацкі выраб, старэйшы за 1939 г., або не аформлены дазволам спецыяльнай камісіяй мінкульта на вываз, лічыцца кантрабандай. Гэта не суседняя Польшча, дзе кожны антыкварны прадмет, таннейшы за 50 тысяч еўра і легальна куплены ў мастацка-антыкварнай лаўцы, можна вольна вывозіць у любым кірунку. На беларускай мяжы ёсць рызыка страціць і мастацкі твор, прыдбаны ў Еўропе без адпаведнай дакументацыі, які новы ўладальнік імкнецца ўвезці ў краіну.

За гады збірання калекцыі ў яе такі трапілі творы вядомых мастакоў — пейзажы Івана Айвазоўскага і Юлія Клевера, эскіз Мі’хаіла Урубеля да «Дэмана», і, што асабліва каштоўна — работа беларуса Апалінарыя Гараўскага. У Мінск жа прывезлі шараговы канфіскат, не пазбаўлены, аднак, пэўнай вартасці. Гэта і ёсць асноўным пасылам экспазіцыі: уладальнікі прабабчыных сямейных рэліквій могуць пераканацца, што іх фамільнае дабро мае і эстэтычную, і гістарычную, і музейную каштоўнасць.
 
 
Хатнія іконы вырабу пецярбургскіх, кіеўскіх і іншых майстэрняў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя часам маюць адзнакі вытанчанага пісьма, літыя складні, царкоўныя друкі зіхацяць эмалямі і ювелірнымі абкладамі — гэты пласт хрысціянскай культуры з неабсяжных расійскіх прастораў у апошнія дзесяцігоддзі становіцца прадметам і калекцыянавання, і навуковага вывучэння.
 
 
Побач — прадметы ўжытковага мастацтва. Паліцы экспазіцыі ўпрыгожваюць соуснікі, падстаўкі пад шклянкі, партсігары і шкатулкі варшаўскіх (знакамітай «Norblin & Co») і нямецкіх ювелірных фірм, рыжскі крышталь ХІХ стагоддзя — маладзейшы за урэцкі, але старэйшы за нёманскі, — прадметы мяшчанскага побыту дарэвалюцыйных часоў. Асобны раздзел нумізматыка, баністыка, зброя — манеты ад візантыйскіх да расійскіх, дэкаратыўныя чаканныя каўказскія паясы з тымі ж манетамі, кінжалы ў чаканных ножнах. А яшчэ прадметы з Усходу — тыя, што вольна даязджаюць да беларускай мытні з-за адсутнасці ахоўваемай мяжы з Расіяй. Дзе яшчэ, як не ў брэсцкай калекцыі, сустрэнеш персідскія дываны ці выявы кітайскіх воінаў-коннікаў з разьбой і роспісам па косці?
 
 
Слоган выставы — «Культура не ведае правінцыі», магчыма, занадта гучны. Як і тэрмін «уратаваных» да экспанатаў не зусім пасуе: нашай дзяржаве неабходна яшчэ ўпарта вучыцца ратаваць тыя каштоўнасці, архітэктурныя і рухомыя, якія знаходзяцца пад яе непасрэднай апекай, але дагэтуль нішчацца. Выстава — хутчэй цікавы сацыяльна-псіхалагічны экскурс у свет сучаснага кантрабандыста. Аднак нельга не адзначыць станоўчую тэндэнцыю: канфіскаваныя набыткі нашчадкаў Бэндэра, як і новазнойдзеныя клады, больш не едуць аўтаматычна ў «Гохран СССР», а ўзбагачаюць беларускія музеі.

Каментаваць