Нацыянальная ідэя Кастуся Каліноўскага

Адэпты ідэалогіі неазаходнерусізму актыўна пашыраюць тэзу пра тое, што Кастусь Каліноўскі — не нацыянальны герой Беларусі, а польскі бандыт, які тэрарызаваў Паўночна-Заходні край. 



Што казаць, калі ўжо нават беларускія даследчыкі падзей паўстання 1863 года, якія зусім далёкія ад ідэалогіі заходнерусізму, заяўляюць: «Каліноўскі не змагаўся за Беларусь, і ніякі ён не нацыянальны герой». 

Аднак факты гавораць пра іншае. Вялікі ўплыў на светапогляд Кастуся Каліноўскага падчас яго вучобы ў Пецярбургскім універсітэце аказала ідэалогія народніцтва, ідэі Герцэна і Бакуніна, якія выразна прызнавалі права за зняволенымі народамі Расійскай імперыі, у тым ліку і за беларусамі, на самастойнасць у федэрацыйнай лучнасці між сабой, або і права на поўную незалежнасць. 

Каліноўскі быў першым беларускім народнікам, які будзіў народ беларускі, пасля яго доўгай спячкі ў няволі палітычнай і сацыяльнай. Але ў яго не было разумення Беларусі ў сучасным сэнсе гэтага слова. Каліноўскі разумеў беларускую справу настолькі, наколькі разумець яе дазвалялі яму тагачасныя ідэйныя кірункі і сацыяльна-палітычнае палажэнне беларускага народа. Але Каліноўскі ўсведамляў нацыянальную асобнасць беларусаў, што было вялікім прагрэсам у грамадска-палітычнай думцы таго часу.

Ён не пакінуў пісьмова дакументальнай сістэмы сваіх федарацыйных поглядаў, бо занадта хутка расстаўся з гэтым светам, дый крывавыя падзеі студзеньскага паўстання развіваліся з неверагоднай хуткасцю, каб ён змог дакументальна занатаваць сістэму федэрацыі ВКЛ з Польшчай. Але аб федэралізме Каліноўскага мы даведваемся ад блізкіх да часу і яго асобы гісторыкаў. Напрыклад, генерал-маёр В. Ф. Ратч у сваіх «Сведениях» напісаў: «…Калиновский, который вовсе не был расположен работать для Польши и в случае общего освобождения шляхетства, если в Польше воскреснет древнее магнатство со всеми шляхетными традициями, с натяжкою приспособленными к ХІХ в., видеть Литву втянутою в тот же омут. Калиновский опасался того слияния с Польшею, при котором потом от неё нельзя было бы и отделаться. Он хотел видеть Литву не с возобновленными на новый лад старыми шляхетскими традициями, но Литву, которую он мог бы пересоздать с всеобщим уравнением прав и состояний, на новых началах коммунистических бредней, проповедуемых Герценом и К, находя даже, что галицийская резня недостаточна, чтобы избавить народ от всякого влияния шляхетства, которого и подрастающее потомство может воскресить со временем настоящие». 

Такія радыкальныя погляды Каліноўскага вельмі палохалі буйных землеўладальнікаў, якія справядліва заўважалі, што, у адрозненні ад монанацыянальнага Царства Польскага, у ВКЛ шляхта была адзіным носьбітам польскай самасвядомасці, і выпады Каліноўскага супраць шляхты азначалі адначасова змаганне супраць польскага элементу ў краі.

Асаблівай увагі заслугоўваюць погляды Каліноўскага на Расію і рускіх увогуле і трансфармацыя гэтых поглядаў у часе паўстання.

Напярэдадні выбуху паўстання Каліноўскі бачыў саюзніка не толькі ў прыгнечаных народах царскай Расіі, але і ў перадавых сілах рускага народа. У пацверджанне гэтаму чытаем у падпольнай газеце «Хоронгев Свободы»: «Народ маскоўскі скланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам нам быць жадае і адказнасць перад нашчадкамі за нашу няволю рашуча ўскладае на гатовы пасці царызм».

Але пад уражаннем пачварнай дзейнасці Мураўёва-вешальніка і таго, што большая частка рускага народа ўспрыняла жорсткае падаўленне паўстання як патрыятычную дзейнасць, а таксама тое, што сялянская Расія не паўстала разам з землямі колішняй Рэчы Паспалітай, Каліноўскі прыходзіць да песімістычных высноў адносна рускага народа, што можна заўважыць у «Лістах з-пад шыбеніцы»: «Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзеш, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх заўсім забіла ў гэтым народзе ўсякую памяць а свабодзе, да і зрабіла з яго грамады людзей паганых без мыслі, без праўды, без справядлівасці, без сумлення, да і без баязні Боскай. З гэтакім народам цары маскоўскія, што жывуць людскою крыўдаю, падбілі зямлю нашу пад сваё панаванне, тут то мы іх і пазналі, гэтых, як яны сабе называюць, братоў нашых».

Праціўнікі дзейнасці Каліноўскага любяць распавядаць байкі пра тое, што той нібыта і не беларус зусім, а польскі рэвалюцыйны дзеяч. Аднак, па-першае, малаважна, колькі беларускай, а колькі польскай крыві цякло ў жылах Каліноўскага, бо для дабра Беларусі ён зрабіў вельмі шмат. А па-другое, само светаўспрыманне Кастуся дае нам усе падставы лічыць яго беларускім нацыянальным героем. 

За гэта гаворыць і тое, што свае «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастусь Каліноўскі напісаў па-беларуску і звернуты яны да беларусаў. Гэта перадсмяротныя лісты, а чалавеку, асуджанаму на смерць, няма сэнсу крывіць душой, у такія часы чалавек з’яўляецца найбольш шчырым.

Кастусь Каліноўскі загінуў на шыбеніцы за справу адраджэння сваёй Бацькаўшчыны. Яго грамадска-палітычная дзейнасць заклала падмурак у будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Каментаваць