Нацыянальны гістарычны музей узначаліў 25-гадовы культуролаг

Дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь стаў культуролаг Павел Сапацько, перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».



Ён змяніў Алега Рыжкова, які кіраваў музеем з 2013 года. Сам Павел Сапацько раней узначальваў мастацкую галерэю «Універсітэт культуры».

— Гэта вельмі нечаканае і прыемнае для мяне прызначэнне, паколькі я люблю Нацыянальны гістарычны музей, ведаю мерапрыемствы, якія там праводзяцца, людзей, якія там працуюць. У музеі сабрана багатая матэрыяльна-духоўная і гісторыка-культурная спадчына Беларусі. І наша задача максімальна папулярызаваць тое лепшае, што там ёсць. У планах рэалізацыя культурна-асветніцкіх праектаў, фондавая дзейнасць, правядзенне навукова-практычных канферэнцый, выдавецкія праекты, умацаванне міжнародных культурных сувязяў. Напрамкаў работы шмат. Калектыў добры — больш за 200 чалавек, 6 філіялаў. Таму ў бліжэйшы час буду з усімі знаёміцца, вывучаць патэнцыял музея і запусцім шэраг новых цікавых праектаў, — сказаў Павел Сапацько.

П. Сапацько нарадзіўся 4 студзеня 1992 года ў Маладзечне. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, спецыялізуецца на менеджменце сацыяльнай і культурнай сферы. У 2014 годзе скончыў магістратуру БДУКМ і выкладае на кафедры міжкультурных камунікацый гэтага універсітэта.

З'яўляецца старшынём праўлення Мінскага абласнога аддзялення Беларускага фонду культуры, намеснікам старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, выконвае функцыі адказнага сакратара дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» па Маладзечна, кіруе Цэнтрам міжкультурнага дыялогу і сацыяльных ініцыятыў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. Удзельнічае ў розных грамадскіх аб'яднаннях і арганізацыях.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць