Надзея Рындзевіч: Для людзей беларуская мова — сапраўды каштоўнасць

На выхадных у сталічным кінатэатры «Перамога» стартуюць паказы сусветных кінастужак, агучаных па-беларуску.


«Беларускія ўікэнды» — такую назву мае серыя кінапаказаў — пачнуцца з некалькіх бясплатных праглядаў. Першы з іх адбудзецца 22–23 кастрычніка, у гэтыя дні ў 19 гадзін будуць паказваць фільм «Цудоўна Ласка». Стужка ўяўляе сабой захапляльную гісторыю змагання супраць рабства у Велікабрытаніі. Фільм зняты рэжысёрам «Хронік Нарніі» Майклам Эптэдам, а адну з галоўных роляў выконвае знакаміты брытанскі акцёр Бенэдыкт Камбербэтч.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» звязалася з намеснікам кіраўніка праекта «Кінаконг», які ладзіць паказы ў «Перамозе», Надзеяй Рындзевіч.

— Наколькі запатрабаваныя сёння фільмы, агучаныя па-беларуску?

— Канчаткова мы пра гэта даведаемся ўжо на самім праглядзе. Раней мы рабілі кінапаказы ў невялікіх аўдыторыях, якія былі цалкам запоўненыя. Увесну, калі мы ўпершыню паказалі ў кінатэатры агучаны намі фільм «Добрыя дзеці не плачуць», зала была поўнай нават без асаблівай рэкламы. Спадзяемся, гэтым разам атрымаецца гэтак жа.

— Колькі карцін ужо агучылі па-беларуску за час існавання праекта «Кінаконг»?

— Праект, якія тады яшчэ не меў такой назвы, пачаў развівацца ў 2008 годзе. У нечым на гэта паўплываў досвед Украіны, дзе ў якасці эксперыменту палову кінапракату зрабілі на рускай мове, а палову на ўкраінскай, і ў выніку на ўкраінскія фільмы людзей прыйшло болей.

Мы агучвалі фільмы па-беларуску і паказвалі іх у маленькіх аўдыторыях, год таму да нас звярнуліся амбасады з просьбамі сінхранізаваць рускія субтытры для сваіх паказаў, а потым сталі замаўляць і пераклады на беларускую. Але яшчэ летась у нас не было думкі рабіць публічныя шырокафарматныя кінапрагляды ў кінатэатрах, нешта вымалёўвацца пачало толькі цяпер.

Мы ўжо пераклалі каля 23 фільмаў. Над гэтым працуе каманда з некалькіх перакладчыкаў, рэдактараў, акцёраў, склад якіх таксама ўжо сталы — гэта Павел ХарланчукАлесь МалчанаўСяргей ЖбанкоўСвятлана ЦімохінаУладзімір ГлотаўГанна Хітрык. Але калі ў некага не атрымліваецца, запрашаем і іншых. Да таго ж у нас ёсць валанцёры, якія дапамагаюць на саміх праглядах.

— З якімі праблемамі вы сутыкаецеся падчас працы?

— Самая галоўная праблема звязаная з ліцэнзіямі. Некаторыя фільмы, з якімі мы працуем, ужо перайшлі ў грамадскую ўласнасць. Калі ж не, то мы спрабуем дамовіцца з праваўладальнікамі, напрыклад, звярталіся ў Warner Brothers і Dreamworks. Але, калі атрымліваецца дагрукацца, некаторыя кампаніі кажуць, што не хочуць з намі супрацоўнічаць, маўляў, навошта для Беларусі рабіць пераклады фільмаў па-беларуску, калі ў вас ёсць па-руску? Яны не разумеюць гэтай каштоўнасці. Але ёсць і такія кампаніі, якія адразу прадастаўляюць правы.

— Чым будуць адрознівацца «Беларускія ўікэнды» ад кінапаказаў, якія ладзіліся на меншыя аўдыторыі?

— Ранейшы фармат меў, хутчэй, хатнюю атмасферу, і не меў такіх сур’ёзных тэхнічных патрабаванняў, як кінатэатр. Калі аўдыторыя ў 150 чалавек не чуе нейкіх накладак у гуку, то ў кінатэатры мы робім адмысловую апрацоўку гука: выстаўляем частоты, выраўніваем гучнасць усіх галасоў. Некалькі год таму мы не працавалі з рэдактарамі, але чым больш людзей, тым большая адказнасць. Раней ніколі не рабілі рэкламу, але цяпер вы можаце заўважыць яе ў метро і кінатэатры. Так што гэта ўжо іншы ўзровень.

— Ён патрабуе і іншых укладанняў. Першыя паказы ў «Перамозе» будуць бясплатнымі, а далей давядзецца заплаціць сімвалічную суму за квіткі. Вы спрабуеце такім чынам пераходзіць на камерцыйныя рэйкі?

— Першыя два паказы — «Цудоўна Ласка» і гістарычная драма «Лютар», які адбудзецца 31 кастрычніка з нагоды Дня Рэфармацыі, сапраўды, будуць бясплатнымі. А квіток на дзіцячы фільм «Падынгтан» будзе каштаваць усяго 1 рубель 50 капеек.



Я б не сказала, што зараз гэта пераход на камерцыйныя рэйкі. Гэта было зроблена, каб людзі зразумелі каштоўнасць кіно па-беларуску. Бо калі нешта даецца бясплатна, яно часта выкідаецца на сметніцу. Але з нашых праектаў я бачу, што для людзей беларуская мова — сапраўды каштоўнасць. Многія кампаніі ўжо робяць рэкламу па-беларуску, і гэта значыць, што беларуская мова не мёртвая, а можа і мусіць быць натуральнай для камерцыйнай сферы гэтак жа, як і для забаўляльнай, культурнай, сацыяльнай, грамадска-палітычнай ды іншых. Ну і хацелася б вяртаць хоць частку грошай, укладзеных у праект, каб развівацца далей.

Яўгенія Бурштын, «ЕўраБеларусь»

Каментаваць