Народныя журналісты абмеркавалі праблемы аховы помнікаў дойлідства

21 снежня ў Мінску адбыўся круглы стол грамадскай ініцыятывы «Народны журналіст» па абмеркаванню пытання аховы помнікаў архітэктуры і культурнай прасторы.



Здымак Кірыла Стаселькі


Ідэя тэматычных круглых сталоў «Народнага журналіста» палягае ў тым, каб людзі, якія пішуць пра балючыя праблемы і жывуць у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі, часта не ведаючы адзін аднага, падзяліліся сваім досведам, дапамаглі адзін аднаму, перазнаёміліся, завязалі так важныя сёння гарызантальныя кантакты.
 
 
У сустрэчы па абмеркаванню праблемы аховы помнікаў — гэтай агульнабеларускай бяды — удзельнічалі народныя журналісты, аўтары з Берасця, Воршы (Віцебская вобласць), Мінску, Салігорску і Слуцку (Мінская вобласць), а таксама доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская (Берасце), вядомыя грамадскія дзеячы і навукоўцы з Мінску Вацлаў Арэшка, Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі.
 
 
У сваіх публікацыях аўтары апісвалі беспардонныя паводзіны мясцовых уладаў, якія забіраюць статус каштоўнасцяў у старадаўніх помнікаў дойлідства, каб моцныя гэтага свету змаглі перабудаваць архітэктурныя славутасці, змяняючы да непазнавальнасці іх аблічча, задаюць пытанне, каму выгодна знішчаць традыцыйную культурную прастору беларускіх вёсак, буйных сёлаў і былых мястэчак. Гэтыя публікацыі ў рамках творчага конкурсу «Народны журналіст» — не першы сігнал, што пасылаюць людзі з месцаў, дзе разбураецца сацыяльная інфраструктура, людзей пазбаўляюць уласнасці і ўласнай перспектывы, і руйнуецца, такім чынам, мікраасяроддзе, крайне важнае для зберажэння культурных традыцыяў.
 
 
Штосьці падобнае адбываецца і ў сталіцы з планамерным разбурэннем пасляваенных, але дастаткова трывалых двухпавярховак. Замест іхнай рэканструкцыі, альбо зберажэння, прынамсі, камернасці такіх раёнаў і кварталаў са сваім унікальным мікракліматам, традыцыямі. завядзёнкамі, узаемнай адказнацю жыхароў, двухпавярхоўкі зносяць, а замест іх узводзяць гіганты, прызначаныя для продажу багаценькім расейцам. Аднак гэтыя шматпавярхоўкі часцяком застаюцца незаселенымі, а таксама чужароднымі на целе беларускай сталіцы. Разам з тым, на пасяджэнні абмяркоўваўся відэасюжэт пра разбурэнне цяперашнім уладальнікам мясцовай фірмы аднаго з былых фартоў Брэсцкай крэпасці, што зараз апынуўся сярод жылога мікрараёну.
 
 
Эксперты далі відавочна патрэбныя парады людзям, якія спрабуюць скарыстацца сваім канстытуцыйным абавязкам берагчы гістарычна-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці, гаварылі пра стварэнне альтэрнатыўнага дзяржаўнаму зводу каштоўнасцяў, да складання якога маглі б спрычыніцца неабыякавыя грамадзяне з усёй Беларусі, бо надзеі на дзяржаву тут няма, а доступ да дзяржаўнага зводу даволі абмежаваны, а таксама абмяркоўвалі алгарытм змагання. Гэты алгарытм павінен уключаць у сябе і выкарыстанне заканадаўства, і пісьмовы звароты, і мабілізацыю грамадскай думкі для таго, каб людзі, у тым жа Слуцку, спыненыя на вуліцы, ведалі, што сёння руйнуецца адзін з корпусаў кансервавага заводу, ці каб жыхары Воршы маглі распавесці, што цяперашняе казіно — гэта помнік архітэктуры XIX стагоддзя, дзе некалі месцілася ЧК. Дарэчы, гэты будынак у Воршы — самае месца для размяшчэння музею гісторыі рэпрэсій таталітарных рэжымаў.
 
 
Людзі павінны ведаць пра дамы, сярод якіх яны ходзяць, і шанаваць свае карані, бо ўсё гэта ўзгадоўвае грамадзянскую адказнасць, калі ты ведаеш, што і перад табой жылі людзі, і ты павінен перадаць сваім нашчадкам гэты свет добрым і прыгожым з матэрыяльным напамінам пра час сваіх продкаў. 

Каментаваць