Зборная Нарвегіі перамагла зборную Даніі

З лікам 4:3 завяршыўся на "Чыжоўка-Арэне" матч Нарвегія — Данія. Не гледзячы на тое, што датчане лічыліся больш слабай камандай, яны здолелі паказаць даволі цікавую, дынамічную і яскравую гульню і змагаліся да апошняй хвіліны. Але ўсё ж нарвежцы былі лепш.



Фота news.sportbox.ru


Пачатак матчу быў далёка не на карысць зборнай Нарвегіі. Літаральна за 20 секунд датчане забілі дзве шайбы ў вароты Ларса Хаўгена. Але ўжо на 7-й хвіліне нарвежцы рэалізавалі колькасную перавагу і забілі шайбу дацкаму брамніку Сіману Нільсену. На перапынак каманды пайшлі з лікам 1:2. Хаця перавага па кідках была на баку зборнай Нарвегіі (11:5).

Другі перыяд яскрава прадэманстраваў, што хакеісты Нарвегіі больш моцныя. Хутка лік гульні стаў роўны. А на 12-й хвіліне Сіман Нільсен прапусціў яшчэ адну шайбу. Пасля гэтага ініцыятыва амаль цалкам перайшла да нарвежцаў (па кідках 9:2). Гульня ў другім перыяде была яскравай і дынамічнай, але вельмі бруднай — шматлікія выдаленні з абодвух бакоў.  У выніку на апошняй секундзе за грубую гульню быў нават выдален на 2 хвіліны брамнік нарвежцаў Ларс Хаўген (замест яго штраф адбываў Даніэль Сёрвік).

У трэцім перыядзе хакеісты Даніі ўвесь час спрабавалі зрабіць лік хаця б роўным. Але на 13-й хвіліне іх надзеі рассталі: нарвежцы рэалізавалі колькасную перавагу і лік стаў 4:2. За 5 хвілін да канца матча зборная Нарвегіі засталася ў меншасці: пасля выдалення двух гульцоў нарвежцы паўтары хвіліны гулялі ўтрох супраць пяці датчан. У выніку за тры с паловай хвіліны да канца нападаючы зборнай Даніі Ніклас Йенсе рэалізаваў колькасную перавагу, лік стаў — 4:3.  За хвіліну і сорак секунд да заканчэння матча датчане замянілі галкіпера на шостага гульца, але перамагчы так і не змаглі.

У выніку, зборная Нарвегіі атрымала 6 ачкоў, зборнай Даніі — пакуль 0.

Каментаваць