Наша Мроя, наш N.R.M.

Гэтым разам не пабаюся быць суб’ектыўным – я шчасьлівы чалавек, бо трапіў на доўгачаканы электрычны канцэрт волатаў беларускае рок-музыкі.



Гэтым разам не пабаюся быць суб’ектыўным – я шчасьлівы чалавек, бо трапіў на доўгачаканы электрычны канцэрт волатаў беларускае рок-музыкі.

Але адметнасць чарговага з’яўлення на подыюме Лявона Вольскага і кампаніі была не толькі ў тым, што яны зноўку парадавалі гледачоў хітамі апошніх гадоў, якія многія ведаюць на памяць, але і паказалі тое, з чаго пачынаўся беларускі рок. Я больш за дзесяць год марыў убачыць на сцэне маю ўлюбёную “Мрою, і 10 лютага ў сталічным клубе “Рэактар мая мара, як і мара сотняў і сотняў  людзей, што прыйшлі на канцэрт, здзейснілася.

Канцэрт пачаўся са спазненнем, але не таму, што заслужаныя музыкі такія ганарлівыя, але таму, што чарга на ўваходзе расцягнулася на дзесяткі метраў, і да пачатку імпрэзы ўсе не паспявалі трапіць у файны зал “Рэактара. І нават калі праз дваццаць хвілін калектыў (адмыслова называю зараз музыкаў менавіта так) выйшаў на сцэну, ланцуг фанаў яшчэ доўжыўся ля ўваходу.

Вольскі сваім выглядам нагадаў мне таго Лявона, з якім я пазнаёміўся  амаль 18 год таму – не, не паўсядзённа, а як з лідэрам ужо тады культавага гурта -  з наведзенымі пад вачыма ценямі, у фраку, акуратных завужаных джынсах. Не хапала толькі даўгіх (да пояса) валасоў. Юра Ляўкоў і Алезіс Дземідовіч выглядалі як і тады – не старэюць… целам і душою рокаўскія ветэраны!

Пачаўся канцэрт менавіта з “Мроі. Дзіўная рэч. Мроеўскія песні я не чуў больш за дзесятак гадоў, але калі Лявон пачаў спяваць “Ён яшчэ вернецца, “Мая зямля, “Краіна крывавых дажджоў, я злавіў сябе на тым, што спяваю разам з Вольскім і помню ўсе словы! Дзесятка гадоў як і не бывала. Дзякуй, Лявон!!! Дзякуй, Мроя!!!

Публіка “Рэактара нагадвала два лагеры – адны прыйшлі на “Мрою, іншыя – на N.R.M. І калі першыя з узнятымі ўверх рукамі хісталіся ў такт “Зямлі… і “Краіны…, то іншыя асцярожна назіралі. Ужо потым, калі прагучалі першыя акорды энэрэмаўскага рэпертуару, гледачы сталіся адным цэлым. Перакананы, што амаль усе, як і я, маюць зараз праблемы з галасавымі звязкамі, бо ні сіл, ні глоткі ніхто не шкадаваў.

І яшчэ адзін момант, які парадаваў мяне і многіх прысутных. Раптам у сярэдзіне канцэрту бубнач Мроі-НРМ Алесь Дземідовіч саступіў сваё кароннае месца… Лявону Вольскаму і выйшаў да мікрафона. І прагучала цудоўная кампазіцыя, нешта там пра Кітай. Я і раней чуў, як файна Алезіс спявае, але ў той вечар ён быў непадробным…

Публіка была задаволена “на ўсе сто. Музыкі пасля заканчэння канцэрту па настойлівых патрабаванняў удзячных фанаў выканалі яшчэ тры кампазіцыі, і толькі пасля гэтага знясіленыя, але задаволеныя гледачы адпусцілі такіх жа знясіленых і, спадзяюся, задаволеных Лявона Вольскага, Піта Паўлава, Юрася Ляўкова і Алега Дземідовіча. Дзякуй, Мроя, дзякуй, N.R.M.! Спадзяюся, да хуткай сустрэчы на чарговым канцэрце!

Каментаваць