Настальгія па цывілізацыі, што сышла

Сёлетні «Оскар» адметны трывожна-аптымістычнымі ноткамі развітання. У нябыт сыходзяць не толькі тэхналогіі, але і заходняя цывілізацыя.

Герой стужкі Вудзі Алена «Апоўначы ў Парыжы», якая атрымала ўзнагароду за лепшы сцэнар, настальгуе па залатым часе, калі Парыж быў сталіцай літаратараў і мастакоў. Летуценнік штоноч сыходзіць ад сваёй нявесты, каб сустрэцца з Пікасо, паразмаўляць з Хемінгуэем і падзяліцца думкамі з Гертрудай Стайн.

Сёлетні «Оскар» адметны трывожна-аптымістычнымі ноткамі развітання. У нябыт сыходзяць не толькі тэхналогіі, але і заходняя цывілізацыя.

Герой стужкі Вудзі Алена «Апоўначы ў Парыжы», якая атрымала ўзнагароду за лепшы сцэнар, настальгуе па залатым часе, калі Парыж быў сталіцай літаратараў і мастакоў. Летуценнік штоноч сыходзіць ад сваёй нявесты, каб сустрэцца з Пікасо, паразмаўляць з Хемінгуэем і падзяліцца думкамі з Гертрудай Стайн.

Але міжваенны Парыж, які ачуняў пасля Першай сусветнай вайны, яшчэ не ведае пра набліжэнне Другой.

А рамантычны герой і не жадае думаць пра сусветныя мітрэнгі, дый заклапочаны асабістым жыццём. І хаця Ален з цеплынёю жартуе з «уцекачоў», якія пазбягаюць сучаснасці, сённяшні дзень выглядае крохкім, а прышласць — непажаданай.

Яшчэ большаю настальгіяй прасякнутая стужка Марціна Скарсэзэ «Захавальнік часу», дзеянне якой таксама адбываецца ў трыццатыя гады. Хлопчык-сірата, які жыве на вакзале, даглядае гадзіннікі і заінтрыгаваны таямніцай старога, які гандлюе ў шапіку цацкамі.

Стары — ахвяра вайны 1914 года, што знішчыла мары дый пахавала ягоную працу. Гаспадар цацак — заснавальнік кінематографу і маг экрану Жорж Мяльес, які напрыканцы жыцця, сапраўды, гандляваў лялькамі на вакзале.

Карціна Скарсэзэ з «Оскарам» за аператарскае майстэрства — гэта рарытэтны тэхналагічны фетышызм. Рэжысёр перавёў у аб’ёмныя кадры ўрыўкі з фільмаў Мяльеса; а скарыстаная хроніка стогадовай даўніны з жаўнерамі, якія адправяцца ў вір, — яшчэ і з адноўленым колерам.

Фільм Спілберга «Баявы конь», што прэтэндаваў на галоўную ўзнагароду (дый так яе і не ўзяў) паказвае гэтых жаўнераў. Колішнія фермеры і гандляры кладуцца на палях Першай сусветнай вайны; імчыцца на кулямёты зграбны афіцэр на чорным кані; носіцца самотны конь паміж акопаў.

Баявы конь — герой стужкі. Ён прагне вярнуцца дадому да юнака, які ўзгадаваў яго. Карціна слыннага амерыканскага майстра зрокава дасканалая, гэта школа прафесійнае формы. Але, як і ў фільме Марціна Скарсэзэ, форме бракуе спружыны, што зусім не падобна на Стывена Спілберга.

Амаль тэатральныя ваенныя дэкарацыі — халаднаватае рэтра заўтрашняй катастрофы.

Самая настальгічна-стылізаваная стужка — франка-бельгійскі «Артыст» Мішэля Хазанавічуса. Гэта нямы чорна-белы фільм пра прыдуманага акцёра старога кіно прэтэндаваў на 10 «Оскараў» і атрымаў 5 — у тым ліку за найлепшую рэжысуру і найлепшую галоўную ролю. Найпершая «оскараўская» карціна распавядае пра захад эпохі нямога кіно.

Папулярны акцёр Джон Валентайн — ягонымі прататыпамі паслужылі забыты «лацінскі палюбоўнік» Рудольф Валянціна, галівудскі герой прыгодаў Дуглас Фэрбэнкс дый яшчэ колькі асобаў — у гукавым кіно не запатрабаваны. Ягоная кар’ера абрываецца. У сваю чаргу, юная прыхільніца акцёра паспяхова грае ў новых карцінах — з гутаркамі і песнямі. Персанажы ціхмяна кахаюць адно аднаго, але саромеюцца прызнацца ў пачуццях.

Выкшталцоныя фармальныя практыкаванні Хазанавічуса, які расквеціў нямы фільм музыкай і дазаванымі гукамі, — выклікалі замілаванне ў амерыканскіх акадэмікаў. Французскі фільм — вельмі галівудская стужка з героямі-міфамі, імпэтнымі прадзюсарамі і велічнай кінасістэмай-марай.

Гэтая мара надламалася, яна тоне ў пясках, як герой Валентайна, але спрабуе застацца бадзёрай.

Толькі стылізацыя бадзёрасці замінае.

Залатыя часы ўзгадваюць альбо на досвітку эпохі, альбо на яе змярканні. Бо ў мінулае можна вяртацца па-рознаму. Можна выкарыстоўваць старыя паданні і легенды, каб уладна змяняць сучаснасць дый будаваць новае прышлае. Так паступалі рамантыкі; а стваральнікі нацыянальных дзяржаваў чэрпалі натхненне ў мінулым. Формы, што з’яўляліся, былі, на тагачасны густ, каструбаватымі, але жывымі і пераканаўчымі.

Але можна сыходзіць у мінулае, каб пазбягаць будучыні і адмаўляцца ад сваёй адказнасці за сучаснасць. У гэтым выпадку «ўсё ўжо зроблена»; мінулае — недасягальны ўзор, і адзінае, на што здольныя пазалочаныя нашчадкі, — стылізацыя пад старыя вабноты. Формы ў праўнукаў — дасканалыя і вычварныя, але сапраўднае жыццё з іх сышло.

Менавіта такія стужкі вялі рэй на сёлетнім «Оскары». Адна настальгічна-«фармальная» карціна — падстава для замілавання; дзве — тэндэнцыя; тры — грымоты нябачнае навальніцы.

Што станецца ейным вынікам? Тэхналагічны покрыш? Заняпад заходняй цывілізацыі? Ці проста — аднаўленне стыляў?

Нямы «Артыст» яшчэ свеціцца аптымізмам, ён таньчыць і глядзіць наперад. Але прышлае, што надыходзіць, будзе не падобнае на ягоную немату.
 

Каментаваць