Навіны культуры

Экспертыза кнігі для настаўнікаў

На экспертызу ў Нацыянальны інстытут адукацыі накіравана кніга для школьных настаўнікаў гісторыі «Выратаванае жыццё: жыццё і выжыванне ў Мінскім гета».

Экспертыза кнігі для настаўнікаў

На экспертызу ў Нацыянальны інстытут адукацыі накіравана кніга для школьных настаўнікаў гісторыі «Выратаванае жыццё: жыццё і выжыванне ў Мінскім гета».

Сярод аўтараў гэтага нямецка-беларускага выдання кіраўнік Гістарычнай майстэрні ў Мінску кандыдат гістарычных навук Кузьма Казак, кіраўнік гістарычных праграм Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Фрэда Дорна, прафесар Манфрэд Цабель і кіраўнік справамі Дортмундскага МАЦ Петэр Юнге-Вентруп, дырэктар Мінскага МАЦ Віктар Балакіраў, асістэнт праекта «Забяспечым годную старасць» Алеся Белановіч і старшыня Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Леанід Левін.

У кнігу ўвайшлі ўспаміны былых вязняў Мінскага гета Міхаіла Трэйстэра і Іосіфа Грайфера, а таксама Праведнікаў народаў свету Ганны Салаўёвай і Раісы Сямашкі. Выданне мае дадатак з фрагментамі дакументаў з нямецкіх архіваў, перакладзеных на рускую мову, якія дазваляюць уявіць нацысцкую сістэму генацыду яўрэйскага насельніцтва Беларусі. А таксама копіі арыгінальных дакументаў аўтараў успамінаў.

Пакуль выданне надрукавана пробным накладам 100 асобнікаў для ўдзельнікаў прэзентацыі (настаўнікаў, навучэнцаў, прадстаўнікоў органаў адукацыі, сведак ваенных падзей і прадстаўнікоў Германіі), што адбылася 19 сакавіка ў Мінскім МАЦ.

Пасля ўхвалення кнігі экспертамі яе папраўленае і дапоўненае выданне будзе надрукавана накладам не менш як 1 тысяча асобнікаў і паступіць у школы.

 Вечарына Францішка Багушэвіча

Вечарына, прысвечаная 170-годдзю з дня нараджэння нацыянальнага паэта Беларусі Францішка Багушэвіча, адбылася 21 сакавіка ў Мінску.

Уладзімір Содаль


Даследчык жыцця і творчасці Багушэвіча, літаратуразнаўца Уладзімір Содаль назваў Багушэвіча «найсумленнейшым чалавекам сваёй эпохі, хто ўпершыню сказаў такія словы пра нашу мову, якія пра яе да яго ніхто не казаў», і адзначыў, што разам з іншымі беларускімі прарокамі Багушэвіч прывёў Беларусь да незалежнасці.

Паводле яго слоў, у 1888 годзе Багушэвіч наведаў Мінск па сваіх адвакацкіх справах і жыў на кватэры свайго калегі Вяржбіцкага ў доме, які знаходзіўся каля сённяшняга знака «Пачатак усіх дарог» на Кастрычніцкай плошчы. «І хоць імем паэта названа плошча на перакрыжаванні вуліц Няміга і Клары Цэткін, мінчукі і госці сталіцы не ведаюць пра гэта, бо ў маршрутах грамадскага транспарту няма прыпынку «Плошча Багушэвіча», а на ёй адсутнічае мемарыяльная шыльда ў гонар гэтага тапоніму», — адзначыў Содаль.

У рамках кампаніі «Гавары праўду!» ён накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта вершы Багушэвіча «Праўда» і «Як праўды шукаюць», якія, на думку даследчыка, не страцілі сваёй актуальнасці.

Удзельнікам вечарыны быў паказаны відэафільм пра Багушэвіча «Роднае слова» (аўтар сцэнарыя Уладзімір Содаль). Затым прысутныя напісалі III Агульнанацыянальную дыктоўку паводле прадмовы да зборніка Багушэвіча «Дудка беларуская».

Па прапанове ініцыятара акцыі, кандыдата філасофскіх навук Уладзіміра Падгола, кожны ўдзельнік дыктоўкі пісаў адзін сказ на агульны ліст і ставіў сваё імя і прозвішча. Гэты ліст Содаль возьме з сабой і прапануе завяршыць дыктоўку ўдзельнікам літаратурных сустрэч, якія пройдуць у шэрагу населеных пунктаў краіны і будуць прымеркаваныя да 170-годдзя Багушэвіча.

Паводле БелаПАН

Каментаваць