Навагоднія прыгоды Жені Лукашына

Адзнакай цяперашній навагодніх святаў ва Украіне сталі незвычайныя дэбаты вакол пытання — забараняць ці не славутую разанаўскую камедыю “Іронія лёсу або з лёгкім парам”. Як Жэня Лукашын трапіў у чорны спіс, і што з гэтага атрымалася распавядае жытомірскі журналіст Андрэй Мартынюк.



 — На першы погляд такая рэакцыя ўкраінскага грамадства на прапанову забараніь "Іронію лёсу" падаецца дзіўнай. Цяпер будзь які, нават забаронены фільм можна паглядзець у інтэрнеце, або набыць кампакт-дыск з яго запісам  у бліжэйшым кіоске.

 — Пры ўсёй павальнай моде на інтэрнет, ТБ — дасюль найбольш папулярны канал распаўсюду. Падчас нядаўняга сацыяагічнага даследвання  51% украінскіх рэспандэнтаў адказалі, што рэгулярна глядзяць тэлебачанне. Інтэрнетам і сацыяльнымі сеткамі актыўна карыстаюцца 48% апытаных украінцаў.

— Афіцыйна патэнцыйная забарона фільму звязана з тым, што актрыса Валянціна Талызіна падтрымала анэксію Крыма. Але ці не стаіць за забаронай нешта больш глабальнае?

 — Натуральна эпізод з удзелам Талызінай толькі фармальная зацэпка. Сямейны прагляд фільму “Іронія лёсу” на Новы год — рытуал, які застаўся з часоў СССР, са спадчынай якога цяперашняя ўлада актыўна змагаецца. Гэта публічна растлумачыў міністр культуры Кірыленка, які лічыць, што грамадства павінна кінуць настальгаваць па савецкіх часах і рухацца наперад. Праўда, Кірыленка забыўся, што "Іронію лёсу" ў СССР таксама забаранялі. У ноч на 1986-ы яе не паказалі з-за гарбачоўскай антыалкагольнай кампаніі.

— Як грамадскасць успрыняла заяву Нацыянальнага савету Украіны па тэлебачанні і радыёвяшчанню, які першым яшчэ 22 снежня  агучыў ідэю магчымай забарону фільму?

— Ідэю не зразумелі нават прыхільнікі Майдану. У тым ліку таму, што Эльдар Разанаў пры жыцці не хаваў сваіх антыпуцінскіх поглядаў. У фільме бліскуча гуляе Лія Ахіджакава — адна з самых пазнавальных асобаў расійскай апазіцыі. Аматары карціны нават звярнулі ўвагу на тое, што на стале ў фільме стаіць банка рыжскіх шпротаў, якія ў цяперашняй Расіі трапілі пад санкцыі. Іншыі словамі ў карціне куды больш небяспечных падтэкстаў для Крамля, чым для Кіева. 

Увогуле чыноўнікі абралі для сваёй акцыі вельмі кепскі час. Дэбаты пра лёс карціны адбываліся паралельна галасаванню за вельмі антысацыяльны па характару бюджэт кабінету Арсенія Яцэнюка. У такой напружанай палітычнай атмасферы любая ініцыятыва ўлады ўспрымаецца як разбазарванне бюджэтных грошаў. Акрамя таго, усе ўзгадалі як Мінкультуры пасля Майдану абяцала наладзіць ва Украіне вытворчасць фільмаў, якія б маглі замяніць расійскую папсу. Аднак з часам ведамства Кірыленкі забылася пра свае абяцанні. 

— Аднак ёсць і тыя, хто падтрымаў ідэю забароны фільму?

— Натуральна такія людзі існуюць, аднак ў большасці яны тлумачаць сваю пазіцыю прыкладна так: “колькі можна глядзець адно і тое ж”. Мяркую, думку таго ж Кірыленкі аб неабходнасці культурнага разрыву з савецкім мінулым падзяляе шмат хто, аднак сама яго персона як міністра вельмі непапулярнага кабінета ўспрымаецца адмоўна. Нянавісць да курсу ўраду нават сярод прыхільнікаў Майдану зашкальвае і праяўляць падтрымку яго ініцыятывам атачэннем не вітаецца.

— Ці спрабавала апазіцыя выкарыстаць выкліканае забаронай незадавальненне?

— Зразумела. Аліхархічная партыя партыя "Апазіцыйны блок", якая робіць стаўку на рускамоўны электарат поўдню і ўсходу, заявіла, што мае намер абскардзіць у судзе магчымую забарону паказу ва Украіне, прычым  не толькі "Іроніі лёсу", аднак і іншых фільмаў савецкага перыяду. Прычым у судзе “апазіцыянеры” намагаюцца давесці, што падобныя забароны супярэчаць як закону так і здароваму сэнсу, паколькі ўсе чыноўнікі — аматары забаронаў, самі з’яўляюцца прадуктам савецкай культуры.  Тое, што яны раптам пабачылі ў кінатворах СССР адзнакі нацыянальнай пагрозы, маўляў, сведчыць пра праблемы псіхікі.

— 24 снежня Дзяржкіно Украіны паведаміла, што фільм пакуль забараняць не будуць. Ці можна лічыць канфлікт вычэрпаным? Якія яго глабальныя вынікі?

—  Галоўная выснова — украінцы яшчэ раз давялі, што не любяць, калі дзяржава лезе ў іх прыватны свет, у тым ліку навязвае культурныя густы. Тое, што ўлада не разумее такіх прымітыўных пастулатаў украінскай калектыўнай думкі, яшчэ раз сведчыць пра крызіс ураду Яцэнюка. Што тычыцца непасрэдна "Іроніі лёсу", то фільму проста зрабілі рэкламу, замацаваўшы яго культавы статус, прычым вельмі сваечасова — у 40-ю гадавіну выхаду стужкі на экран. Сам скандал, думаю, будзе працягвацца, паколькі цяпер усё залежыць ад дырэкцый каналаў, якія складаюць сетку праграм. Аудыторыя гэтых каналаў розная і камусьці адсутнасць або наадварот прысутнасць фільму можа не спадабацца.

Каментаваць