«Навучы сябра размаўляць па-беларуску»

«Распавядзіце, як вы пачалі размаўляць па-беларуску ці прыахвоцілі да беларушчыны сябра — і атрымайце карысныя падарункі» — гаворыцца ў прэсавым рэлізе кампаніі, якую распачынае «Мова ці кава».



Ініцыятыва «Мова ці кава» абвяшчае пра пачатак кампаніі «Навучы сябра размаўляць па-беларуску», якая адбываецца пад эгідай кампаніі «Зробім лепш» Асамблеі НДА.


Паводле ініцыятараў, кампанія cкіраваная на пераадоленне страху, псіхалягічных бар’ераў, папулярызацыю ідэі размаўляць па-беларуску і дэпалітызацыю моўнага пытання.


Усім ахвотным і неабыякавым прапануецца ўзяць шэфства хоць бы над адным сваім рускамоўным сябрам і навучыць яго размаўляць па-беларуску:


«Гэта можа быць, напрыклад, ваш добры знаёмы ці сябра дзяцінства, брат, сястра, тата, бабуля ці чалавек, якога вы сустрэлі ўчора ў тралейбусе і які не мае нічога супольнага з Беларушчынай. Чалавек, які вывучыў беларускую мову, адкрывае для сябе новы свет: новую музыку, новыя кнігі, новае кола зносінаў».


У межах кампаніі стартуе конкурс. Ахвотным прапануецца распавесці пра свой уласны досвед пераходу на беларускую мову або пра тое, як да гэтага прыйшлі знаёмыя ці сваякі. Публікаваць свае гісторыі можна ў суполках Мовы ці кавы вКонтакте ці ў фэйсбуку.

Каментаваць