Навукоўцы з шасці краін возьмуць удзел у канферэнцыі "Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання" ў Брэсце

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання" з удзелам вучоных Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і Казахстана пройдзе 1–3 чэрвеня ў Брэсце. Пра гэта паведаміла дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамара Данілюк журналістам 28 мая.



Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання" з удзелам вучоных Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і Казахстана пройдзе 1–3 чэрвеня ў Брэсце. Пра гэта паведаміла дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамара Данілюк журналістам 28 мая.


Паводле яе слоў, гэта другая канферэнцыя такога кшталту. Першая адбылася ў кастрычніку 2008 года. Паводле яе вынікаў у 2010 годзе ў Брэсце быў выданы зборнік "Берасцейскія кнігазборы" з прэзентаванымі на канферэнцыі навуковымі дакладамі, які высока ацэнены спецыялістамі.


У 2011 годзе ў Мінску выйшаў дыск "Кніжны збор роду Сапег". Электроннае выданне ўтрымлівае матэрыялы па гісторыі кніжнага збору роду Сапег — аднаго з выбітных магнацкіх родаў у гісторыі Беларусі, якія аказалі значны ўплыў на развіццё айчыннай культуры.

"На гэтай канферэнцыі будуць прэзентаваны даклады, якія развіваюць як тэмы, разгледжаныя на форуме ў 2008 годзе, гэтак і зусім новыя. Напрыклад, работнікі Дзяржаўнага гістарычнага музея з Масквы раскажуць пра ўнікальны дакумент, што захоўваецца ў іх, — план Белавежскай пушчы 1858 года, спецыялісты Нацыянальнага дзяржаўнага архіва Беларусі — пра завяшчанні жыхароў Брэстчыны другой паловы XVI стагоддзя", — сказала Данілюк.


Як зазначыла намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі па навуцы Ала Мяснянкіна, некалькі дакладаў на канферэнцыі будуць прысвечаны гісторыі Брэста, які ў 2019 годзе адзначыць 1000-годдзе з дня згадвання Бярэсця ў летапісных крыніцах.


У цэлым задача канферэнцыі — прадэманстраваць значэнне і каштоўнасць гістарычных кнігазбораў Брэстчыны, выявіць рэгіянальныя асаблівасці іх стварэння, захавання і вывучэння ў кантэксце кніжнай культуры Беларусі. Арганізатары форуму — упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, абласная бібліятэка.

Паводле БелаПАН

Каментаваць