Назад да сярэднявечча: Павел Данэйка запрашае абмеркаваць выклікі будучыні

27 мая Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі запрашаюць на адкрытую лекцыю генеральнага дырэктара бізнес-школы ІПМ Паўла Данэйкі «Выклікі будучыні: назад да сярэднявечча». Галерэя Ў (пр-т Незалежнасці, 37 а), пачатак а 18.30




Ніводная краіна не можа быць прыкладам для Беларусі, бо трэба знаходзіць уласныя рашэнні ў сваёй краіне для ўласнага народа. Гэта як у асабістым жыцці — вы можаце мець нейкія ідэалы, але гэта вашае жыццё, вашае асяроддзе і вашая сітуацыя. Трэба шукаць уласнае развязанне. Трэба ствараць будучыню тут, а будучыня — гэта тваё асабістае вырашэнне тваіх асабістых праблем.

З інтэрв’ю з Паўлам Данэйкам

 

Мы жывем у кантэксце змены тэхналагічнай парадыгмы і пераходу ад фабрычнай вытворчасці да інфармацыйнага грамадства, дзе кіраваць будуць інтэлектуальныя эліты. Распаўсюд інтэрнэту даў нам новыя магчымасці без пасярэднікаў вырашаць самыя розныя пытанні — ад элементарнага шопінгу да праблем палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага характару. Краўдфандынг стаў нармальнай практыкай фінансавання праектаў. Танныя рэчы, створаныя 3D-прынтэрамі, кастамізацыя прадуктаў, доўгажыхарства — усё гэта не такія далёкія перспектывы нашага жыцця. Гэтыя тэндэнцыі сведчаць пра тое, што чалавецтва рухаецца ў свет, дзе зменіцца сам спосаб жыцця, а разам з гэтым роля і месца традыцыйных інстытутаў — дзяржавы, сям’і, працы.

 

Як будзе выглядаць сацыяльная арганізацыя будучыні? Якія з сусветных трэндаў ужо закранулі ці закрануць Беларусь у бліжэйшым часе? Якія бар’еры перашкаджаюць нам стаць часткай гэтых працэсаў і адказаць на выклікі будучыні?

 

27 мая Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ў межах цыкла "Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” запрашаюць на адкрытую лекцыю генеральнага дырэктара бізнес-школы ІПМ Паўла Данэйкі “Выклікі будучыні: назад да сярэднявечча”. Галерэя Ў (пр-т Незалежнасці, 37 а), пачатак а 18.30

 

На думку лектара, “сярэднявечча” — гэта менавіта той вобраз, які дазваляе нам зразумець новую сацыяльнасць, да якой вядуць сучасныя тэндэнцыі і трэнды. Гэта сацыяльнасць, дзе будуць дамінаваць індывідуальны падыход і лакальныя супольнасці, дзе шматлікія пытанні аховы здароўя, рынку працы будуць вырашацца на лакальным узроўні, а за дзяржавай будуць замацаваныя сістэмныя функцыі — такія, як абарона і бяспека. Сумнеўна? Правакацыйна? Прыходзьце спрачацца і дыскутаваць! Уваход на лекцыю вольны!

 

Відэазапісы папярэдніх лекцый і анонсы наступных падзей Лятучага ўніверсітэта шукайце на сайце: http://fly-uni.org/




Каментаваць