Інды пачатку дванаццатага

Пачатак 2012-га стаўся ўрадлівым для беларускіх інды-рокераў. Прадстаўнікі фактычна процілеглых плыняў, — англамоўнай і беларускамоўнай, — выпусцілі поўнафарматныя альбомы.

Ціск адкрытай прасторы



Пачатак 2012-га стаўся ўрадлівым для беларускіх інды-рокераў. Прадстаўнікі фактычна процілеглых плыняў, — англамоўнай і беларускамоўнай, — выпусцілі поўнафарматныя альбомы.

Ціск адкрытай прасторы

Запіс другой поўнафарматнай кружэлкі мінскіх англамоўных інды-рокераў «Open Space» пад назвай «Pressure» зацягнуўся на год — раней музыкі абяцалі выпусціць альбом увесну 2011-га. А ўсё з-за імкнення да лепшага гуку. Хлопцы абышлі многія беларускія студыі з праектам песні «Bookseller», але вынік музыкаў не задаволіў: «прынцыпова вышэйшы па ўзроўню» гук хлопцы здолелі здабыць толькі ў кіеўскай студыі Дзмітрыя Іванея, які вядомы сваім супрацоўніцтвам з такімі зоркамі, як Ані Лорак і «ДДТ».

Прасачыць розніцу паміж беларускім і ўкраінскім запісам лёгка па тых песнях, якія ўжо былі выдадзеныя на міні-альбоме «Let It Go», а на «Pressure» былі прадстаўлены ў новых версіях. На мой густ, новая версія песні «Let It Go» згубіла ранейшы выразны пройгрыш, які быў заменены больш прымітыўным.
Музыкі другі раз запар дадаюць у паўнавартасны альбом па тры новыя версіі старых, ужо выдадзеных песень.

У параўнанні з першым паўнавартасным альбомам гурта, новая кружэлка выйшла больш роўнай. Калі ў «Deal With Silence» можна заўважыць завадныя рокавыя песні накшталт «Hurricane», больш спакойныя і меладычныя «Busy» і «Travel Song», што засталіся ў спадчыну ад EP «Beautiful», і нават фартэпіянную «Same Excuses», то «Pressure» атрымаўся не такім кантрастным.

Варта заўважыць, што гэтым альбомам і яго канцэртнай прэзентацыяй музыкі падвялі своеасаблівую рысу пад сваёй мінулай творчасцю. Тэкст на трох мовах — англійскай, беларускай і рускай — ужо гатовы да песні «Do You Remeber». Цяпер ад калектыву, хутчэй за ўсё, варта чакаць рускамоўных песень: у любові да беларушчыны гурт пакуль не быў заўважаны — ад шматлікіх прапаноў напісаць беларускамоўную песню хлопцы адмаўляліся.


«Чорны трохкутнік Мытніка»

Новая кружэлка «Akute» пад назвай «Nie isnuje» пабачыла свет трохі менш чым праз год пасля дэбютнага альбома і ўсяго праз два месяцы пасля самотніка «Kroŭ EP».

Частка песень альбома ўжо неаднаразова выконвалася на канцэртах, кампазіцыя «Kroŭ by vada» выходзіла на самотніке, а вось астатняя частка кружэлкі стане для слухачоў невялікім сюрпрызам. Выпускаючы сінгл, музыкі расказвалі, што некалькі гэтых самых новых песень павінны ўвайсці ў саўндтрэк да серыяла «Вышэй за неба», што здымаўся ў Беларусі на сродкі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІД, туберкулёзам і малярыяй. Альбом выйшаў, а фільм не — цяпер слухачы могуць паразважаць, што з творчасці магілёўскай каманды ўсё ж такі патрапіць у серыял.

Вокладка (зрэшты, як і сам альбом) стала больш мінімалістычнай. Музыкі кажуць, што яны імкнуліся рабіць упор на эмоцыі і ўжывалі мінімум музычных сродкаў. Фігуру, што сімвалізуе альбом, у інтэрнэце ўжо паспелі ахрысціць «чорным трохкутнікам Мытніка». Як высветлілася, ідэя гэта не новая: той жа сімвал мае расійскі горад Магнітагорск, на сцягу і гербе якога адлюстраваны чорны трохкутнік, які сімвалізуе гару. Музыкі, праўда, укладваюць у фігуру іншы сэнс: тры куты сімвалізуюць тры асноўныя працэсы чалавечага жыцця — нараджэнне, жыццё і смерць.

Альбом ужо традыцыйна запісваўся на магілёўскіх студыях «Арзамас–16» і SWN Records. Значны ўклад у гучанне дыска зрабіў Яўген Сухавей, які займаўся міксаваннем і майстарынгам альбома. Музыкі яго ні ў чым не абмяжоўвалі, і таму новы альбом — у нейкай ступені вынік яго ўласнай працы. Праўда, гучанне новага альбома мала адрозніваецца ад старога, хаця ёсць і свае «фішкі» — у песні «Ihołki» замест гітары гучыць арган, што выглядае даволі натуральна.

Гледзячы на альбом як мага больш аб’ектыўна, можна сказаць, што прахадных песень тут фактычна няма — калі хтосьці са слухачоў і будзе сістэматычна прапускаць нейкія песні, то арыентавацца ён будзе хутчэй на свой густ, чым на нейкія аб’ектыўныя крытэрыі. Гэта ўсё той жа касмічны дыска-дэкаданс, напоўнены «светлым сумам».
 

Каментаваць