Не стала лэдзі беларускай рок-музыкі...

Калі даводзілася гаварыць пра лёсы беларускіх рок-музыкантаў, то заўсёды радаваўся, што ўсе жывыя і здаровыя, ва ўсіх іх яшчэ шмат магчымасцяў зрабіць нешта важкае для беларускай культуры. Але на мінулым тыдні тое бесклапотнае пачуццё моцна пахіснулася, змянілася на роспач: заўчасна пайшла з жыцця вядомая беларуская рок-спявачка і журналістка Вольга Самусік...

(На здымку: Вольга з сястрой)



Калі даводзілася гаварыць пра лёсы беларускіх рок-музыкантаў, то заўсёды радаваўся, што ўсе жывыя і здаровыя, ва ўсіх іх яшчэ шмат магчымасцяў зрабіць нешта важкае для беларускай культуры. Але на мінулым тыдні тое бесклапотнае пачуццё моцна пахіснулася, змянілася на роспач: заўчасна пайшла з жыцця вядомая беларуская рок-спявачка і журналістка Вольга Самусік...

(На здымку: Вольга з сястрой)


З Вольгай Самусік мне давялося пазнаёміцца спачатку завочна, як з ініцыятарам дыскусіі «Что есть она — музыка белорусская?» («Музыкальная газета» № 12, 2005). Тады пазіцыя журналісткі і некаторыя выказванні, якія былі зроблены Вольгай у палемічным запале, падаліся не зусім карэктнымі ў адносінах да ўдзельнікаў дыскусіі, да шляхоў развіцця айчыннай рок-культуры. Мне закарцела пазнаёміцца з Вольгай для ўдакладнення пазіцый. На жаль, спачатку такой магчымасці не выпадала: перашкаджалі неадкладныя справы і тое, што Вольга — маладая таленавітая журналістка — пачала выпрабоўваць сябе ў якасці вакалісткі ў беларускіх рок-гуртах. Мне нічога не заставалася, як зрабіць палеміку з думкамі Вольгі ў «Музыкальной газеце» пад рубрыкай «Что есть она — музыка белорусская?» цэнтральнай у маім музычна-культуралагічным эсэ «Музыка моўнага рэзістансу» («Дзеяслоў №22»).

Але наша знаёмства ўсё ж адбылося сам на сам. Гэта здарылася, калі В. Самусік рыхтавала інтэрв’ю з вядомым мінскім музыкантам Андрэем Плясанавым. Я зайшоў у госці да Андрэя і там, з ініцыятывы гаспадара, мы пазнаёміліся з Вольгай. Пару хвілін размовы хапіла, каб паразумецца і ўпэўніцца, што мы амаль аднадумцы ў пытаннях перспектыў айчыннай культуры...

Далей сустрэчы з Вольгай адбываліся на фестывальных пляцоўках па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Так, напрыклад, упершыню я ўбачыў Вольгу Самусік у якасці салісткі гурта «Zygimont Vaza» на беларуска-ўкраінскім рок-фэсце «Bee Free» ў Львове. Сапраўдная ж вядомасць да Вольгі прыйшла пасля выбуховага выступлення гурта «Тарпач» на фестывалі «Рок-кола», які адбыўся ў Наваполацку ў 2007 годзе. Вольга Самусік у той час замяніла ў гурце Святлану Сугаку. Мне давялося быць у складзе журы і бачыць, як рэагавалі сябры журы на песні ў яе выкананні: гурт я яе вакалістку як адзін віталі самымі шчырымі апладысментамі і стоячы! Усе адзначалі тую ролю, якую ўнесла ў перамогу гурта «Тарпач» Вольга: яе магутны рок-вакал надаваў песням то рысы жаноцкай неабароненасці, то псіхадэлічнай вобразнасці, то станавіўся неабмежавана драйвавым і нават агрэсіўным.

Вольга з гуртом BN



Пасля ж абвяшчэння вынікаў «Рок-кола», на якім «Тарпач» быў узнагароджаны Гран-пры, шчаслівая Вольга выйшла да арганізатараў і журы фэсту. Дзяўчына была апранута ў канцэртную сукенку і пальчаткі, што надавала Вользе артыстычна-багемнага шарму. Яна яшчэ не адышла ад канцэртнага адрэналіну, але была ў гуморы і жартавала. Гэты настрой перадаваўся ўсім, хто ўдзельнічаў у пасляканэртнай сустрэчы. Тады я падумаў пра Вольгу: «Сапраўдная лэдзі беларускага року!»

Потым былі сустрэчы на канцэртах гурта «:B:N», узнагарода рок-каронай у намінацыі «Рок-князёўна» на «Рок-каранацыі–2007». Паўсюль Вольга ўкладвала ў песні часцінку свайго таленту, сваёй музычнай душы...

Трагічны лёс абарваў жыццё таленавітай спявачкі і журналісткі Вольгі Самусік. Але тое, што яна зрабіла для сучаснай беларускай культуры, не дазваляе гаварыць пра Вольгу ў мінулым часе. Думаю, што гурт «Тарпач» у цяперашнім яго складзе давядзе справу да выдання дыска з вакалам Вольгі, апублікуе яе відэа.

Выдатны талент, трагічны лёс.

Бывайце, Вольга...

Каментаваць