Не, танцы!

26 красавіка ў рамках закрыцця мінскага “Таго самага фестывалю эксперыментальных тэатраў сталічнай публіцы былі паказаныя “Не танцы — пластычна-танцавальная прыпавесць пра беларускі валютны крызіс.



26 красавіка ў рамках закрыцця мінскага “Таго самага фестывалю эксперыментальных тэатраў сталічнай публіцы былі паказаныя “Не танцы — пластычна-танцавальная прыпавесць пра беларускі валютны крызіс.

Чаму пра крызіс? Таму што пастаноўка маладога рэжысёра Яўгена Карняга не мае сюжэту. Яна мае генеральную лінію — настрой, на які глядач накладае тыя сэнсы, што яго хвалююць. А паколькі аўтарку гэтых радкоў у дадзены момант надзвычай хвалюе эканамічнае становішча асабістае і дзяржавы, у антытанцах васьмі актораў, апранутых у чорнае, яна была схільная пабачыць менавіта такія сэнсы. Але, здавалася, перад кожным у вялікім зале ДК Прафсаюзаў, пад завязку запоўненай як радавой публікай, так і ўдзельнікамі тэатральнага фестывалю, разыгрываўся яго асабісты спектакль.

“Не танцы з’явіліся ў 2007 годзе як дыпломны праект выпускнікоў Беларускай акадэміі мастацтваў. Зазвычай дыпломныя спектаклі занепадаюць. А вось “Не танцы выжылі — і трапілі на вялікія падмосткі, у фестывальныя праграмы, на гастролі. У гэтым, трэба думаць, заслуга новага пакалення беларускіх тэатралаў: і прафесіяналаў, якія не цураюцца слова “маркетынг, і гледачоў, якія жыва адгукаюцца на мастацтва, якое сапраўды іх чапляе. У часы, калі “Не танцы ставіліся на сцэне Акадэміі мастацтва, некаторыя фанаты наведалі спектакль каля дзесяці разоў запар!

Пад старыя песенькі нямецкага ды французскага кабарэ на сцэне адбываецца гвалт. Гвалт мужчыны ў дачыненні да жанчыны, настаўніка — да вучня, салдата — да вязня канцлагеру. На сцэне — няспыннае напружанне, сутыкненне эмоцый, рухаў, энергетыкі... Усё гэта літаральна прыкоўвае да дзеяння на паўтары гадзіны. Як і належыць сур’ёзнай, непапсовай сцэнічнай працы, “Не танцы дзейнічаюць адначасова на розум і пачуцці.

Для гледачоў, якім выпадала трапляць на спектаклі маленькіх тэатрыкаў па ўсёй Еўропе, нічога прынцыпова новага не адбываецца. “Не танцы — дабротны еўрапейскі мэйнстрым. З уласцівым яму мінімалізмам, непрамалінейнасцю, сімвалічнасцю. Такімі сімваламі ў спектаклі выступаюць знятыя жаночыя туфлі (чытай Фрэйда), рыдлёўка, зачыненыя дзверы, у якія б’ецца чалавек, зламаныя гваздзікі... Тэатр гвалту ва ўсёй яго красе. Трупа “Карняг-тэатра ўзнімае тыя ж вечныя праблемы грамадства, што і “Свабодны тэатр Мікалая Халезіна — але без уласцівага апошняму палітыканства. Больш далікатна, метафарычна і, што важна, — абсалютна легальна. І тое, як прагна ўспрымаецца гэтая пастаноўка аматарамі тэатру па ўсёй Беларусі, сведчыць: тое, што ў Еўропе — звычайная справа, у нас па-ранейшаму — промень святла ў цёмным царстве.

“Не спрабуйце звязаць у адно цэлае тое, што вы зараз пабачыце. У вас усё адно нічога не атрымаецца, — шчыра папярэджваюць акторы публіку перад пачаткам спектаклю. Але ўсё ж такі існуе нешта, што аб’ядноўвае шэраг танцавальных сцэнаў у адно палатно. І гэтае нешта — густ рэжысёра. “Не танцы — сур’ёзны выклік старому беларускаму тэатру, якому бракуе найперш густу.

Расійскі крытык Марк Ліпавецкі высоўвае асцярожнае меркаванне, маўляў росквіт драматургіі ў літаратуры прыпадае на часы, калі пасля бурных узрушэнняў у грамадстве наступае застой, заняпад, дэпрэсія... Гэта, здаецца, працуе і для беларускага тэатру.

Беларускі тэатр доўгі час знаходзіўся ў стагнацыі, будучы, па-за рэдкімі выняткамі накшталт пастановак Мікалая Пінігіна ці легендарнага “Альтэрнатыўнага тэатра, перажыткам савецкай эпохі. З гэтай стагнацыі тэатр пачаў выходзіць хіба некалькі гадоў таму — са з’яўленнем маладых труп, незашораных рэжысёраў, свежых павеваў з Захаду (Еўропа) і Усходу (Расія). Самае цікавае ў айчынным тэатральным мастацтве адбываецца на вучэбных, дапаможных, эксперыментальных, імправізаваных падмостках — на тых, якія не трапляюць у поле зроку праўладных змагароў з авангардам. “Не танцы — лішняе таму пацверджанне.
 

Каментаваць