Неандэртальцы маглі выкарыстоўваць агонь пры вырабе драўляных прылад

Археолаг Б’янкамарыя Арангурэн (Biancamaria Aranguren) і яе калегі выказалі здагадку, што неандэртальцы, якія жылі ў Еўропе каля 170 тысяч гадоў таму, маглі выкарыстоўваць агонь пры вырабе драўляных прылад працы.

Гіпотэза паўстала пры даследаванні знаходак са стаянкі Паджэцці Векіі (Poggetti Vecchi) на поўдні Тасканы, выяўленай у 2012 годзе. Датуюцца знаходкі перыядам 174-168 тысяч гадоў таму. Сярод іх былі косткі жывёл, каменныя прылады, а таксама фрагменты дрэва, даўжынёй да 1,2 метра. Выраблены яны былі з самшыту. На дванаццаці фрагментах з 55 ёсць сляды агню з аднаго боку. Процілеглы канец не мае слядоў гарэння, таму навукоўцы выключылі магчымасць выпадковага асмальвання палак, напрыклад, пры пажары. Падрабязнае вывучэнне паказала, што на кавалках дрэва маюцца сляды, пакінутыя ад выкарыстання іх у якасці прылад.

Па словах Б’янкімарыі Арангурэн, сваёй формай і памерамі яны нагадваюць палкі-капалкі, якія выкарыстоўваюць для здабычы ядомых каранёў ці для палявання на жывёл, што рыюць норы, прадстаўнікоў народа хадза і кайсанскіх народаў Афрыкі, а таксама аўстралійскіх абарыгенаў. Для вырабу такіх прылад часта выкарыстоўваюць агонь, абпальваючы знешнюю кару і саскрабаючы яе. Па здагадцы навукоўцаў, так паступалі і неандэртальцы.

Навукоўцы адзначаюць, што драўніна самшыта вельмі цвёрдая і шчыльная, таму апрацаваць яе неандэртальцам было няпроста. Праведзены археолагамі эксперымент пацвярджае, што абпальванне на агні сапраўды дапамагае выканаць гэтую задачу.

Паводле Pro Science

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць