Некаранаваныя каралі вяртаюцца ў Беларусь

З 19 па 21 лістапада ў Беларусі знаходзіліся князі Свяшчэннай Рымскай Імперыі браты Мацей і Канстанцін Мікалай Радзівілы. Візіт можна было б аднесці да раздзелу свецкай хронікі, калі б падчас яго не адбываліся даволі значныя падзеі.

( Фота Надзеі Дзяйкун і Аляксея Хадыкі)



З 19 па 21 лістапада ў Беларусі знаходзіліся князі Свяшчэннай Рымскай Імперыі браты Мацей і Канстанцін Мікалай Радзівілы. Візіт можна было б аднесці да раздзелу свецкай хронікі, калі б падчас яго не адбываліся даволі значныя падзеі.

( Фота Надзеі Дзяйкун і Аляксея Хадыкі)

У першы дзень князі прысутнічалі ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на прэзентацыі вялікай кнігі — другога перавыдання «Icones Familiae Ducalis Radivilianae…» са 165 гравіраванымі Гіршам Ляйбовічам выявамі прадстаўнікоў сям’і ад 1346 года да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Першае выданне выйшла ў 1748 годзе ў Нясвіжы. Фаліянт, прадстаўлены публіцы ў бібліятэцы, падрыхтавала Беларуская Энцыклапедыя і індывідуальна мастацтвазнаўца Вольга Бажэнава. Урачыстая падзея завяршылася сяброўскім фуршэтам.

На наступны дзень князі накіраваліся ў сваю сталіцу, цэнтр ардынацыі Нясвіж, каб агледзець у чарговы раз вынікі рэстаўрацыі замка і правесці кансультацыі па працэсе аднаўлення яго інтэр’ераў з намеснікам дырэктара музея-запаведніка Галінай Кандрацьевай.

Князі ўзялі ўдзел у ідэнтыфікацыі гістарычных фамільных фотаздымкаў. Таксама прадстаўнікам музея была зроблена прапанова: наведаць Радзівілаў у Польшчы, каб па магчымасці адабраць некаторыя экспанаты з сямейных збораў дзеля перадачы на часовы дэпазіт у замкавую экспазіцыю.

Гэты працэс мог бы быць і значна больш плённым, калі б урад Беларусі вярнуў Радзівілам у прыватную ўласнасць хоць бы частку былой магнацкай рэзідэнцыі. Аднак гэта пытанне пакуль толькі разглядаецца. У цэлым гаспадары-госці засталіся задаволеныя ўбачаным: значна больш строгія ацэнкі рэстаўрацыі дае 93-гадовая княгіня Альжбета, але яе прыезд запланаваны на цёплы час, вясной 2011 года.

Зразумела, што Радзівілы маюць для Беларусі вялікае значэнне як сімвал гісторыі краіны, яе багатай інтэлектуальнай і культурнай спадчыны. Таму ўспрымаць сям’ю трэба найперш у плане рэпрэзентатыўна-знакавым, а не палітычным. Пра гэта князі не аднойчы казалі ў сваіх выступленнях. Аднак у нядзелю яны пагадзіліся сустрэцца з адным з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэем Саннікавым.

Сустрэча адбылася ў гатэлі «Еўропа». Князёў можна зразумець: хто валодае інфармацыяй, той валодае сітуацыяй. Гутарка ішла зноў-такі пра аднаўленне Нясвіжа і перспектывы выкарыстання замка-музея, а таксама пра інвестыцыі, якія сям’я гатовая зрабіць у эканоміку нашай краіны. Князь Мацей, нефармальны лідэр новага пакалення сям’і, займаецца развіццём інфраструктуры чыгуначных шляхоў зносін на землях былой Рэчы Паспалітай. Яго можна назваць паслядоўнікам Чэслава Мілаша з ідэяй апошняга пра культурнае адзінства народаў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. Пашана да культуры пераходзіць у цалкам эканамічную сферу. Так, будаўніцтва чыгуначных шляхоў з Польшчы на Вільню ўжо абмеркаванае.



А цяпер уявіце, што падобны шлях, еўрапейская калейка, пацягнецца да Мінска ад Брэста. Ці не праўда, з пазбаўленнем неабходнасці мяняць колы пад цягнікамі зносіны сталіцы Беларусі з Еўропай зробяцца больш камфортнымі? І выгадна, і прыемна.

На гэтым рэпартаж можна было б скончыць, але дадзім невялікую даведку пра аднаго з братоў, Мацея.

Мацей Радзівіл (нарадзіўся ў 1961 годзе ў Варшаве), філосаф і фінансіст, прадстаўнік княжацкага роду Радзівілаў гербу «Трубы», малодшай клецкай лініі, адгалінавання князёў у Шыдлаўцы і Паланечцы. У адзінаццатым калене — нашчадак будаўніка Нясвіжскага замку віленскага ваяводы і вялікага літоўскага маршалка Мікалая Крыштафа Радзівіла званага «Сіроткам». Жонка — Ганна Радзівіл з нямецкай лініі сям’і, мае пяцёра дзяцей.



Адукацыю атрымаў ва ўніверсітэтах Варшавы і ЗША. З’яўляецца выканаўчым дырэктарам Trakcja Polska S.A. (Варшава), фірмы, што займаецца мадэрнізацыяй Польскай чыгункі. За шмат гадоў здолеў набыць на аўкцыёнах па ўсім свеце шэраг рэчаў, якія ў розны час належалі Радзівілам. Падараваў Нясвіжу гравюры з асабістай калекцыі, а ў кастрычніку 2009 года перадаў сем лічбавых копіяў карцін на палатне. Сёння Мацей Радзівіл — фактычны галава роду, які аб’ядноўвае ўсю сям’ю. Сваякам імкнецца нагадаць: кожны Радзівіл мусіць пабываць у Нясвіжы. Сваіх дзяцей выхоўвае ў духу французскай прымаўкі: «Noblesse oblige» (шляхецтва абавязвае).
 

Каментаваць