«Незалежны позірк» — новае беларускае кіно на вялікім экране

З 28 красавіка да 1 мая ў «Доме кіно» ў межах праекту «Незалежны позірк» адбудуцца паказы кароткаметражных фільмаў маладых рэжысёраў.



Частку праграмы складаюць фільмы беларускага кінафестывалю "Лістапад". Гэтыя стужкі заходнія і беларускія эксперты лічаць прарывам у айчынным кінематографе. Сярод іх “Сапраўдная амерыканка” Дар'і Жук, “ОБНЦБНЧА” Максіма Лушчыка, “Адной крыві” Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, “Баба, Ваня і каза” Дар'і Юркевіч.


кадр з фільма Ігара Чышчэні “Лічыльнік шчасця”


Гледачоў чакаюць і прэм’ерныя паказы: гісторыя кахання “Ро і Дж” Яўгена Лыткіна і Максіма Малахава, створаная з дапамогай краудфандынга, прыпавесць пра чалавечыя ўзаемаадносіны “Бліжэй, чым ты думаеш” Арцёма Лобача, а таксама фільм пра Чарнобыльскую катастрофу “Лічыльнік шчасця” Ігара Чышчэні, зняты ў межах праекта “Kinosprint”.

 

Стваральнікі праекту зазначаюць, што зараз нараджаецца новае беларускае кіно — не дзяржаўнае і не камерцыйнае, а аўтарскае, асабістае, незалежнае.

 

Найперш новаму пакалення кінематаграфістаў патрэбна падтрымка гледачоў — іх зацікаўленасць ды жывы водгук.

 

У дзень адкрыцця фестывалю ў кінатэатры адбудзецца выступ удзельнікаў нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2016” — гурта "NAVI", чые песні сталі саўндтрэкам да “Ро і Дж”.




Паказы распачынаюцца а 19.00 у “Доме кіно”. 

 

Арганізатары праекта — УП “Кінавідэапракат” і Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”.

Каментаваць