Ніколі не ешце шакаладных русалак!

У Сямейным цэнтры творчасці развіцця «Млын» адбылася прэм’ера новай п’есы драматурга, акцёра і дзіцячага педагога Васіля Дранько-Майсюка «Зубное шчасце».



Фота Лідзія Трасцянко


Гэта казка пра вялікага аматара торцікаў, цукерак і шакаладак хлопчыка Алесіка. Да яго зубкаў, пасля таго як хлопчык з’еў Шакаладную Русалку, завітаў страшны, брыдкі Карыес. Пакутуе зуб Васіль, зубіня Ганна, зуб Міхась, але герой казкі вельмі баіцца стаматолагаў і не хоча ратаваць свае зубкі. На дапамогу Алесіку прыходзіць крылаты Мыш Сцяпан, які адносіць яго да стаматолага Маі і яе вернай Бор-Машыны ВаРРРвары.

Васіль зрабіў свой спектакль у жанры сторытэлінг. Прынцып сторытэлінгу — экспрэсіўна-насычаны расказ казачна-фантастычнай гісторыі, без дэкарацый, нейкіх адмысловых касцюмаў, пры выкарыстанні мінімальнага рэквізіту і эмацыйнай дапамозе дзяцей, якія завабленыя ў дзейства і актыўна дапамагаюць выканаўцу.

Васіль быў адзіным акцёрам, але ж не! У яго былі памочнікі — лялькі: дзве яркія вялікія пчалы, замацаваныя на адмысловых металічных прутах, і наручная лялька Мыша Сцяпана. Астатнія героі былі прадстаўленыя яркімі малюнкамі фармату А3, якія стварыў аўтар.

Дзейства і сапраўдны атрымалася дынамічным, цікавым, смешным і вострасюжэтным. Дзеці і дарослыя глядзелі з захапленнем, актыўна дапамагалі артысту, а пад канец спектакля нават самыя маленькія вельмі артыстычна паказвалі, як яны выдатна ўмеюць чысціць зубкі.

Уражаннямі ад прэм’еры падзялілася заснавальніца Сямейнага цэнтра «Млын» Віка Язвінская:

Інтэрактыўнай казкай «Зубное шчасце» мы адкрылі новы накірунак у нашым сямейным цэнтры «Млын» — сямейныя выходныя — і гэта быў вельмі паспяховы старт. Мы планавалі зладзіць адзін паказ спектакля, а ахвотнікаў патрапіць было даволі шмат і ў выніку паказаў стала два з поўнай залай.

Нават самыя гарэзлівыя дзеткі цалкам пагрузіліся ў інтэрактыўнае дзеянне, яны былі не проста назіральнікамі, а паўнавартаснымі ўдзельнікамі казкі — разам з героем елі імправізаваныя шакаладкі і цукеркі, потым чысцілі зубкі, лёталі на кажане, хаваліся ў доміку ад пчол, хадзілі да зубнога доктара. А пасля кожны ўдзельнік атрымаў сапраўдны дыплом з подпісам зубнога фея Васіля — «Эксперт па чыстцы зубоў»!

Бацькі таксама засталіся моцна задаволеныя і ўжо чакаюць новых спектакляў. Цяпер ідзе праца над навагодняй і каляднай праграмай, якую анансуем у хуткім часе.

Па словах Васіля Дэ Эм, ён даўно марыў зрабіць спектакль, прысвечаны зубам і страху перад стаматолагам: «Я сам вельмі баюся зубных дактароў — і таму ў хлопчыка Алесіка ёсць рысы, уласцівыя і мне. Мне падабаюцца спектаклі на аднаго-двух выканаўцаў. У такіх пастаноўках галоўнае — нечаканая ідэя, эмацыйнае выкананне, мінімум рэквізіту і максімум фантазіі. Я мару зрабіць серыю спектакляў, прысвечаных дзіцячым страхам».

Не паспеў Васіль адыграць свой спектакль у «Млыне», а ўжо кіраўніцтва клуба «Вера і Анфіса» зладзіла ў нядзелю паказ у Арэне-сіці на фестывалі «Дзеці ў свеце».

Алена Панасюк, кіраўнік дзіцячага клубу «Вера і Анфіса» на фестывалі «Дзеці ў свеце», адзначыла:

«Гэта казка робіць моцнае ўражанне не толькі на дзяцей, але і на дарослых! Выдатны сэнс, які маюць у наш час не усе казкі. Манера выкладання, якая складае камерную, хатнюю атмасферу, вельмі асаблівая і цёплая. Менавіта так Васіль таленавіта, як бацька на ноч, распавядае пра добрае, светлае, чыстае, што прымушае дзяцей задумацца, ці з'есці наступную цукерку?

А самае галоўнае, бацькі казалі мне, што Васіль неяк магічна можа данесці да дзетак усё запланаванае (што нават у бацькоў не заўжды атрымліваецца), і дзеткі доўгі час памятаюць пра карыес, трымаюцца за зубы і нават бацькам забараняюць есці цукеркі».

   

Каментаваць