«Німфаманка»: Трыераўскі маніфест зборкі

Німфаманка блукае па Еўропе. Усе прагрэсіўныя сілы кінуліся святарна цкаваць гэтую здань: карціна Трыера забароненая ў Румыніі і Арменіі, пракатчыкі Гродна і Ваўкавыска леглі касцьмі, абы толькі не дапусціць паказу.



Нават на даступных пляцоўках дэманструюцца ўрэзаныя версіі (у двух частках, па дзве гадзіны; цяпер у Мінску стартавала першая частка). Рэжысёрскі варыянт, дакладней, яго палову, Ларс Трыер прымеркаваў да Берлінскага кінафэсту, што акурат завяршыўся.

Прыйшоў час самім німфаманкам растлумачыць, за што яны б’юцца і чаго прагнуць, дзеля чаго бунтуюць і чаго дамагаюцца.

Скандальная стужка — гісторыя німфаманкі, расказаная ёй самой. Халодным ранкам самотны халасцяк Селігман знаходзіць непрытомную і моцна збітую Джо (Шарлот Гейнсбур). Ён прыво­дзіць кабету дадому, лекуе раны, сагравае — і распытвае, што адбылося. Гераіня распавядае пра бурлівае жыццё, поўнае ўсялякіх сэксуальных прыгодаў.

Сюжэт такой карціны мог стаць — а часам і станавіўся — нагодай для звычайнага порнафільму. Хаця ў фільме Трыера процьма рызыкоўных інтымных момантаў, не прыхаваных аніякай рэтушу (дублёрамі выступалі порнаакцёры), аматараў салодкага чакае серыя разлічаных удараў пыльным мехам па галаве.

Пачынаюцца гэтыя ўдары халоднай сцэнай, аформленай пад Таркоўскага — і з жорсткай музычнай аранжыроўкай «Рамштайна».

Гуллівыя сцэны дзяцінства змяняюцца бадзёра-гратэскным эпізодам пазбаўлення нявіннасці ў адпаведнасці з лікамі Фібаначы (на рамантычнай ролі першага каханка Шайя Лабаф). Гераічнае паляванне на мужчынаў у цягніку (саліруе Стэйсі Марцін, якая сыграла Джо ў маладосці) суправаджаецца трапнымі каментарамі Селігмана, які параўноўвае сэкс з рыбалкай. Колькасць ахвяраў німфаманкі расце ў геаметрычнай прагрэсіі, колькасць гледачоў у накаўце — таксама.

Фільм Трыера — гэта выказванне, што мае некалькі слаёў.

Першы слой, які ляжыць на паверхні, — гэта выказванне пра інтымнасць, самоту і апантанасць. Сучасныя сацыёлагі — ад Зыгмуна Баўмана да Энтані Гідэнса — дыягнастуюць крызіс прыватнасці, пішуць пра «вадкага» чалавека, што кідаецца ў разнастайныя хэнці. Паказ гэтага — не самае вялікае прызнанне.

Але німфаманія паводле Трыера — гэта пэўная тэхналогія зборкі, мантаж, які ляжыць у падмурку кінамастацтва (і цяперашняй цывілізацыі). Дзяўчына, якая калекцыянуе мужчынаў, займаецца мантажам: далоні ад аднаго, вочы ад другога, вусны ад другога, а вось цэлая падборка чэлесаў розных памераў і колераў, ахайна каталагізаваная і пранумараваная.

Увогуле, пагоня за жаданнем — ёсць мантаж, пачуцці мантажуюцца ў фільме кантрастна: з полымя — у лёд, са спёкі — у холад. За іранічнымі сэксуальнымі забавамі ідзе эпізод вар’яцтва і смерці (ролю бацькі Джо на разрыў сыграў Крыстыян Слэйтар), гераіня задыхаецца ў роспачы — а па яе назе сцякае кропля вільгаці з нетраў вагіны.

Але самы глыбінны слой фільму не сэксуальнасць, не самота, не вычварная тэхналогія зборкі, а гнастыцызм. Гнастыцызм — колішняе вучэнне, згодна з якім матэрыяльны свет створаны злым бажаством, цела ёсць зло, а душа мусіць вызваліцца з вязніцы. «Німфаманка» — як гнастычны фільм ёсць дыягназам сучаснай цывілізацыі, прасякнутай старажытнай герэзіяй.

Асноўны канфлікт фільму — гэта канфлікт паміж бязвольнай культурай і драпежнай прыродай. Цнатлівец Сэлігман (мы даведваемся пра гэта пазней) і німфаманка Джо — два бакі аднаго медалю. Гэта апавяданні, якія люструюцца. Злая прырода спакушае культуру, каб злавіць яе і ўвязніць. У трызненнях (другая частка карціны) з’яўляюцца Вавілонская блудніца і фантом Месаліны — галоўнай рымскай німфаманкі. А раскол паміж каталіцтвам і праваслаўем — становіцца чарговай нагодай для сэксуальных практыкаванняў.

Гераіня бунтуе супраць кахання як буржуазнага забабону — і арганізуе ведзьмаўскі культ вагіны. Страта чуласці — найгоршае пакаранне. Калі першая частка карціны яшчэ лашчыла гледача (у перапынках паміж накаўтамі), то другая частка (на Беларусі будзе ў сакавіку) — дабівае сцэнамі жорсткай лупцоўкі.

Але «Німфаманка» — фільм не настолькі здзеклівы з чалавека, як «Антыхрыст». Бездакорна-маніпулятыўны мантаж саграваецца чорным гумарам і іроніяй.

Дваццаціхвілінная сцэна з Умай Турман — гэта істэрычна-хітрая і бліскучая феерыя кабеты, у якой німфаманка ўвяла мужа.

Але німфаманка хлусіла, калі сцвярджала, што яе галоўны грэх — распуста.

Яе галоўны грэх — гэта галоўны грэх гностыкаў, якія ўпіваліся сваёю выключнасцю, грэх фанабэрыстых кінааўтараў, што спрытна выкарыстоўваюць гледача.

Яе грэх пыхі — гэта грэх бунтоўных феміністак (з кактэйлямі Молатава; у фільме маецца), грэх адукаваных культурнікаў — і грэх распешчанага цела, узнесенага на публічны эшафот гонару.

А таму німфаманкам няма чаго губляць, акрамя выстаўленага на паказ аргазму. Але сваёю ласкай яны накрыюць увесь свет.

Каментаваць