Някляеў адказвае Лукашэнку

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі 25 кастрычніка кіраўнік дзяржавы даволі рэзка і не хаваючы эмоцый выказаўся на адрас сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) — незалежнай арганізацыі, у якую ўваходзілі Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Максім Танк, а зараз гонарам якой з’яўляюцца Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і іншыя слынныя літаратары. 

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі 25 кастрычніка кіраўнік дзяржавы даволі рэзка і не хаваючы эмоцый выказаўся на адрас сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) — незалежнай арганізацыі, у якую ўваходзілі Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Максім Танк, а зараз гонарам якой з’яўляюцца Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і іншыя слынныя літаратары. 

Гаворачы пра афіцыйную пісьменніцкую арганізацыю — Саюз пісьменнікаў Беларусі, Лукашэнка зазначыў: “Ваша грамадскае аб’яднанне карыстаецца беспрэцэдэнтнай падтрымкай дзяржавы. У адказ мы чакаем ад вас толькі аднаго — яскравых і палымяных твораў. Гэта наш агульны інтарэс.

Крыху пазней кіраўнік дзяржавы не ўтрымаўся, каб не шпурнуць камень у бок сваіх апанентаў ад літаратуры. “На жаль, ліхія 90-я прынеслі ў літаратурны асяродак упадак і хаос. У тыя гады “Саюз беларускіх пісьменнікаў парынуў у нацыяналізме і палітычных інтрыгах. Дагэтуль так званыя “свядомыя пісьменнікі, якія размянялі талент на замежныя гранты, у сваіх опусах паліваюць брудам нашу краіну, абражаюць уласны народ і падбухторваюць моладзь да бессэнсоўных бунтаў, — заявіў Лукашэнка. Паводле ягоных слоў, “аддаваць культуру на глум адшчапенцам было нельга, таму шэсць гадоў таму і была падтрыманая ідэя аб стварэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі “дзеля аб’яднання здаровых творчых сіл. “І з гэтай задачай, у цэлым, саюз справіўся, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пракаментаваць словы афіцыйнага лідара, што да сяброў СБП,  карэспандэнт “Новага часу папрасіў паэта Уладзіміра Някляева, які ў свой час узначальваў Саюз беларускіх пісьменнікаў:

— Усё гэта лухта. У той сітуацыі, якая склалася ў Беларусі цалкам, у культуры ўвогуле і ў літаратуры ў прыватнасці, вінаваты толькі Лукашэнка, а нейкія там пісьменнікі, якія б яны не былі, кепскія ці дрэнныя, якія, як ён кажа, паліваюць там штосці брудам. Ніхто нічым нішто не палівае. Я ні зараз, ні раней не чытаў ніводнага літаратурнага твора, дзе беларускімі пісьменнікамі, незалежна ад таго, у якім творчым саюзе яны знаходзяцца, абражаўся б народ ці тым больш краіна, Беларусь. Гэтага нямашака, гэта няпраўда.

Пісьменнікі ў сваіх творах кажуць пра тое, што ёсць: пра дыктатуру, пра рэжым, які ненавідзіць усё нацыянальнае, усё беларускае, пра гэты парадокс, які беларуская літаратура да гэтага часу не можа асэнсаваць… Дык вось пратэставаць супарць усяго гэтага — нармальна, што і робіць Саюз беларускіх пісьменнікаў, на які навальваецца Лукашэнка. І не нармальна — у сітуацыі, калі хутка не знойдзецца людзей, якія здольныя чытаць па-беларуску, праводзіць з’езд і прымаць на ім дакумент, у якім ухваляецца дзейнасць, як раней было, “партыі і ўраду па духоўнаму развіццю народа. Гэтага нямачака, а яны ўхваляюць. Дык што ж вы ўхваляеце ў сітуацыі, трагічнай для мовы, культуры, літаратуры?

Ніколі б гэтага не было, калі б Лукашэнка не зрабіў тое, што зрабіў — сам не падзяліў, як ён робіць гэта паўсюдна, дзелячы журналістаў на “чэсных і “нячэсных, і літаратараў — на “чэсных і “нячэсных. У свой час праз тое, што не захацеў яму служыць, “нячэсным аказаўся Васіль Быкаў. І хай Лукашэнка знойдзе хоць адно апраўданне, што да гэтае пары ў Мінску і ўвогуле ва ўсёй Беларусі імем Быкава не названа ніводная вуліца! Быкаў пляжыў і зневажаў народ і Беларусь? Ці менавіта праз Быкава ведаюць гэты народ і Беларусь у гэтым свеце і з павагаю адносяцца. 

Васіль Быкаў не захацеў, пасля не захацеў Уладзімір Някляеў, якому ён прапанаваў у замен на ідэалагічнае абслугоўванне свайго рэжыму нейкія там пайкі. Я тады быў старшынём Саюза беларускіх пісьменнікаў, і тады ўпершыню паўстала пытанне пра тое, што гэты Саюз, відаць, непапраўны, ён не разумее палітыкі вялікага кормчага, і трэба яго падмяніць. Вось і падмянілі тымі людзі, якім усё адно, будзе Беларусь ці не будзе, абы яны былі тут пры гэтым рэжыме.

Так што ўсе словы — лухта, уся віна ляжыць на Лукашэнку. І нават тое, што Уладзімір Някляеў — паэт, які б ніколі ў іншым выпадку не апынуўся ў палітыцы, а займаўся тым, чым яго Бог паклікаў займацца, — гэта таксама віна Лукашэнкі. Я ўсё зрабіў, каб давесці яму неяк гуманітарнымі спосабамі тое, што ён павінен быў бы рабіць як прэзідэнт Беларусі — усяляк развіваць нацыянальную мову і культуру, літаратуру, бо яна ўжо і так на ладан дыхае. Не, ён пачаў яе душыць і тапіць. Тады, выкарыстаўшы ўсе магчымыя гуманітарныя спосабы, я быў вымушаны звярнуцца да спосабаў палітычных. І гэта не па маёй добрай волі. Гэта наўпроставая заслуга кіраўніка дзяржавы.

І яшчэ ёсць шмат людзей, якія замест таго, каб займацца развіццём нацыянальнай кульутры, вымушаны займацца палітыкаю. І за гэта іх садзяць у турму, дзе б яны ніколі не былі, выганяюць з працы, чаго б з імі ніколі не было, і гэтак далей. І ў гэтым таксама наўпроставая заслуга гэтага чалавека, які кажа, што не ён вінаваты перад нацыянальнай культурай і літаратурай, а яна перад ім вінаватая. Бач ты, не заўважыла і не ўславіла такога вялікага! Няма за што ўслаўляць.     
 

Каментаваць