Нобель ці Тэйлар?

Услед за Нобелем Святланы Алексіевіч на галовы суайчыннікаў звалілася чарговая радасная навіна. Беларуская мастачка Валянціна Шоба з Гародні і скульптар Сяргей Парцянкоў з Гомеля ўганараваныя  падчас правядзення міжнароднай экспазіцыі Art Capital у выставачным комплексе Гран Пале ў Парыжы прэміяй Ісідора Жусцена Севярына Тэйлара.



Гэтым разам нацыянальныя тэлеканалы не скупіліся на паведамленні пра заваяваныя творцамі ўзнагароды: афіцыйна непажаданай грамадзянскай пазіцыі творцы пластычных мастацтваў, у адрозненне ад літаратаркі, публічна не агучвалі. Пачуццё законнай задаволенасці — ведай нашых! — падточвала толькі малавядомая назва прэміі.

Але варта супакоіцца. Узнагарода сапраўды існуе, а Фонд заахвочвання служыцеляў пластычных мастацтваў узнік яшчэ ў 1844. Папраўдзе, актыўна працаваць распачаў толькі з 1980-х, калі ў арганізацыі назапасіліся адпаведныя сродкі. У галіне жывапісу, скульптуры і графікі Фонд Тэйлара штогод прызначае 14 прэмій (намінацыі за розныя фармальна-стылявыя і выразныя якасці) памерам ад 2 000 да 18 000 еўра, спрыяючы развіццю творчасці як французскіх мастакоў, так і замежнікаў.

Увага да беларусаў, якія ўпершыню бралі ўдзел у штогадоваым Art Capital, абсалютна заслужаная. У гэтым пераконвае аператыўна адчыненая ў Доме-музеі Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33А) 18 снежня экспазіцыя работ Валянціны Шобы.

Вытанчаная, узнёслая, “эстэтная” графіка мастачкі сустрэла і захапіла наведвальнікаў. Ушанаваць зямлячку спевамі прыйшоў знакаміты бард і актор Віктар Шалкевіч. Выступіў класік аўтарскай песні Алесь Камоцкі. Вечарына завяршылася гадзінным канцэртам Таццяны Грыневіч-Матафонавай.

Звернем увагу нашых чытачоў: падобнай насычанасцю апошнім часам вызначаюцца многія мерапрыемствы ў Музеі. Прычына — установу ачоліў Сяргей Вечар, нядаўні дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, які, натуральна, прызвычаіўся да маштабнай арганізацыйнай працы. І калі папярэдняй установе з яго зыходам не пашанцавала (тэндэнцыя: неабыякавыя да нацыянальнай культуры і самастойныя ў працы  чыноўнікі сёння “не да двара”), то ў Доме-музеі Ваньковічаў жыццё завіравала з новай сілай.

Таму дырэкцыя шчыра раіць сачыць за хадой падзей на Інтэрнацыянальнай, 33 на сайце музея (http://www.artmuseum.by/ru/filial/vank), а 26 снежня ў 12.00 і 14.00 запрашае бацькоў з дзецьмі 3-10 год на дзіцячыя калядкі (праграма тут: http://www.artmuseum.by/ru/filial/vank/novosti/kalyadki-dlya-detej-v-dome-muzee-vankovichej) з удзелам гурта “VurajHurt”.

Што ж датычыць экспазіцыі Валянціны Шобы, яна працуе па 6 лютага наступнага году.

Каментаваць