«Ноч культуры» ў Любліне

Звыш 260 імпрэзаў у 100 месцах адбыліся цягам адной ночы ў польскім горадзе Любліне. Рознафарматныя мерапрыемствы, аб’яднаныя назвай «Ноч культуры», былі накіраваныя на пошукі Чалавека, які неяк згубіўся сярод банкаў, паркінгаў, казіно, супермаркетаў і бігбордаў з рэкламай. Мастакі, акцёры, пластыкі, музыканты і акрабаты выйшлі на вуліцы горада, каб у новых нечаканых формах мастацтва знайсці і абудзіць Чалавека, адказаць на пытанне: «Чалавек створаны для горада, ці горад для чалавека?»

Звыш 260 імпрэзаў у 100 месцах адбыліся цягам адной ночы ў польскім горадзе Любліне. Рознафарматныя мерапрыемствы, аб’яднаныя назвай «Ноч культуры», былі накіраваныя на пошукі Чалавека, які неяк згубіўся сярод банкаў, паркінгаў, казіно, супермаркетаў і бігбордаў з рэкламай. Мастакі, акцёры, пластыкі, музыканты і акрабаты выйшлі на вуліцы горада, каб у новых нечаканых формах мастацтва знайсці і абудзіць Чалавека, адказаць на пытанне: «Чалавек створаны для горада, ці горад для чалавека?»

Люблін — гэта горад з 350 тысячамі насельніцтва, двума вядомымі ва ўсім свеце універсітэтамі — Марыі Кюры-Складоўскай і Люблінскім каталіцкім універсітэтам, Старым горадам, які захаваўся ў добрым стане, і надзвычай высокім узроўнем культурнага жыцця. Культурныя мерапрыемствы ў Любліне з кожным годам набываюць усё новыя формы і маштабы, развіваюцца і гарманічна ўваходзяць у жыццё гараджан, становяцца традыцыйнымі. Міжнародныя кінафестывалі, тыдні тэатра, творчыя конкурсы, майстар-класы ў розных галінах культуры, музычныя канцэрты, спатканні з польскімі і замежнымі знакамітасцямі — горад, які пасля стрыманай Беларусі прадстаўляецца сапраўднай культурнай сталіцай.

Сёлета ўжо ў трэці раз у «Ноч культуры» з 6 на 7 чэрвеня, тысячы люблінцаў і гасцей польскага горада вандравалі па ўпрыгожаных вуліцах і задарма наведвалі адчыненыя з нагоды свята мастацкія галерэі, музеі, бібліятэкі, філармонію, тэатры і кінатэатры.

З бараў, кавярняў і рэстарацый ліюцца гукі джазу, з раскіданых па ўсіх вуліцах канцэртных пляцовак даносяцца харавыя спевы, якія перамяжоўваюцца з гітарнымі рыфамі цяжкага року. Парадаксальна, але і ў натоўпе людзей нельга застацца проста гледачом ці назіральнікам: вось побач з табой падае на калені на камяні Старога горада нядаўні, здавалася б, такі ж, як і ты мінак, ён нешта крычыць, прасцірае рукі, побач яшчэ некалькі чалавек пачынаюць іграць свае ролі, і разумееш, што знаходзішся ў цэнтры падзеі — хэпінінгу.

На кожнай вуліцы, нягледзячы на імжысты дожджык, з дапамогай мультымедыйнай праекцыі і інсталяцыі з’яўляюцца часткі чалавечага цела: рукі, ногі, галава — так люблінцы працягваюць шукаць Чалавека. На кожным кроку мастацтва заяўляе пра сябе. Перад галоўным уваходам Кароннага трыбуналу — будынку, дзе адбываюцца мерапрыемствы з удзелам высокапастаўленых асобаў, — у самым сэрцы горада стаіць некалькі дзесяткаў дзіцячых гаршчкоў. Малады чалавек запрашае ўсіх жадаючых туды «пасікаць». Ніводнага мінака гэты жарт не пакідае без усмешкі, а некаторыя далучаюцца да натоўпу, каб дачакацца, ці пагодзіцца хто-небудзь на такую прапанову.

Мастацтва чысцей за словы, яно перадае на ўзроўні эмпатыі частку праўды, якую адчувае мастак, дае сапраўдную свабоду. Нездарма арганізатары «Ночы культуры» абралі не словы, а мастацкія сродкі. На галоўнай вуліцы адбываюцца перформансы і шэсці. Сапраўдныя афрыканцы і размаляваныя пад афрыканцаў люблінцы частуюць усіх жадаючых вегетарыянскім пловам і гарачай кавай са збожжа. Такая ветлівасць у ветраную дажджлівую ноч асабліва прыемная. Але кусок у горла не лезе, калі звяртаеш увагу на плакаты, развешаныя побач з намётамі афрыканцаў: «Кожныя 3,6 хвіліны ў Афрыцы адзін чалавек памірае з голаду». Побач стаіць намёт маскіровачных колераў, абцягнуты сеткай. Перад ім па зямлі раскіданая вопратка, выпацканая ў чырвоную фарбу. Яна сімвалізуе забітых на вайне людзей. Гэта акцыя-напамін пра тое, што і зараз у розных кропках зямлі адбываюцца ваенныя дзеянні.

На адну ноч Люблін ператвараецца ў адно дынамічнае здарэнне. Хтосьці з вандроўнікаў параўнаў Люблін у «Ноч культуры» з карнавалам у Рыо-дэ-Жанейра.

Трапляеш у такі горад — і адчуваеш сябе сапраўднай асобай, гараджанінам, для якога створаны ўсе ўмовы для жыцця і адпачынку. Аўтаматычна шукаеш, а што ж такога ў нашай краіне можна прывесці ў прыклад падобнай смеласці мастацкага выражэння ў гарадскім фармаце. Рыцарскія фестывалі сярэднявечнай культуры, «Дударскі фэст»… Але яны адпадаюць, бо загнаныя ў рамкі адной тэматыкі. Перад вачамі святкаванні дня горада, «Дажынкі», дзяржаўныя святы, але, на жаль, яны толькі выкананне загаду і нізкаякаснае сцверджанне дзяржаўнай ідэалогіі. Калі захочаш у беларускім горадзе вольна выказаць сваю творчую пазіцыю, адразу адчуеш, што чалавек створаны для аграгарадкоў і калгасаў, для заводаў і выплаты крэдытаў, для працы на хлеб і малако.

Цешыць, што ёсць гатоўнасць суседзяў падзяліцца сваім культурным досведам. Дарэчы, высокая якасць арганізацыі культурных імпрэзаў і адданасць традыцыям ставіць Люблін на ўзровень горада-кандыдата, годнага змагацца за тытул «Еўрапейская сталіца культуры» ў 2016 годзе.

Каментаваць