Ноч музеяў. Сон свядомасці

«Ноч музеяў» — прыдуманая супрацоўнікамі парыжскага Луўра ў 1991 годзе акцыя па прыцягненню ў музейныя залы гледачоў у нестандартны час — прыйшла ў беларускія музейныя ўстановы ў шосты раз. Са 149 беларускіх устаноў — захавальнікаў гісторыі ініцыятарамі паўтарыць французскі досвед у Беларусі выступілі натуральныя лідэры, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея. «НЧ» неаднаразова пісаў пра станоўчыя бакі ініцыятывы. З доляй сяброўскай іроніі — пра народжаныя ёй недарэчнасці.



«Ноч музеяў» — прыдуманая супрацоўнікамі парыжскага Луўра ў 1991 годзе акцыя па прыцягненню ў музейныя залы гледачоў у нестандартны час — прыйшла ў беларускія музейныя ўстановы ў шосты раз. Са 149 беларускіх устаноў — захавальнікаў гісторыі ініцыятарамі паўтарыць французскі досвед у Беларусі выступілі натуральныя лідэры, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея. «НЧ» неаднаразова пісаў пра станоўчыя бакі ініцыятывы. З доляй сяброўскай іроніі — пра народжаныя ёй недарэчнасці.

Паколькі вясёлы карнавал прыйшоў з Парыжу — у Нацыянальным мастацкім музеі абвясцілі «Вечар у французскім стылі». У якасці эмблемы імпрэзы дэманстравалася поўнае юначай шчырасці палатно кіраўніка ўстановы, на якім маэстра гойдаўся на месяцы з французскай прыгажуняй. Прывабіць да высокага мастацтва гэтым разам імкнуліся сродкамі простанароднага мастацтва, самага даступнага для кожнага — кінематографа, дзякуй Богу, таксама вынайдзенага французамі, братамі Люм’ер: раз-пораз на экране дэманстраваліся стужачкі з эпохі народзін сінема.


Уяўленне пра французскі стыль жыцця дапаўнялася наяўнасцю ў залах музея вялікай колькасцю паўаголеных дам і мадэлек. Камусьці гэта нагадвала атмасферу свецкага будуара, камусьці — лазні. Мадэлькі дэманстравалі ўзоры свайго ўяўлення пра высокую моду. Прыцягваючы ўвагу гасцей з вуліцы, гэтая дэманстрацыя, папраўдзе, ніяк не спрыяла знаёмству выпадковых гасцей з творамі мастацтва, бо прыгадаць назаўтра тое, што абкружала іх у сценах музея, апрача вадэвільных сюжэцікаў паратэатральных шоу, яны наўрад ці былі здольныя. Убачыць у экспазіцыі музея выставачныя спасылкі на беларускую культурную прысутнасць у Парыжы пасля паўстанняў ХІХ стагоддзя альбо ў часы эміграцыі ХХ стагоддзя, як нехта спадзяваўся, не ўдалося.

Затое французскі акцэнт — баль у стылі Ваньковіча — паставіў у гэты вечар творчы калектыў «Гісторыка» ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея. Як своеасаблівы рэквіем па вялікаму беларускаму мастаку, які спачыў у выгнанні ў Парыжы. І, трэба сказаць, на гэтай частцы вячэры хапала і весялосці, і густу, і праўды гістарычных рэмінісцэнцый, якія спрыяюць выхаванню паўнавартаснага грамадзяніна сучаснай Беларусі. А вось «разынкай» вечара ў Гістарычным музеі абвясцілі дэманстрацыю параднага шыняля расійскага імператара Аляксандра І.



Чаму атрыбуту імператарскага побыту пачатку пазамінулага стагоддзя была нададзеная выключная ўвага, следам за гаспадарамі музея не зразумелі і яго наведнікі. Першыя рабілі выгляд, што сярод 400-тысячнай калекцыі паважанай установы няма больш вартаснага экспаната, другія — ветліва дэманстравалі, што суконны цуд ім цікавы. Аляксандраўскія лахманы — сімвал эпохі бязладдзя ў Беларусі, падчас якой Полацкі універсітэт спачатку ператварыўся ў кадэцкі корпус для акупацыйнага войску, а потым ягоныя інтэлектуальныя скарбы былі нахабна скрадзены і звезены за мяжу, у расійскія сховы. Адначасова была знявечаная ўся краіна.

На жаль, неадэкватны выбар цвіковых аб’ектаў музейнага свята — лагічны працяг экспазіцыйнай палітыкі аднаго з найважнейшых музеяў краіны, у выніку якой ён рызыкуе ператварыцца ў беларускі варыянт філіялу дысней-лэнду. Днямі ў залах музея адчынілася выстава, у якой не прадстаўлена ніводнага (!) арыгінальнага экспаната — «Орудия наказания Средневековья» — запазычаная ў Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга «Петрапаўлаўская крэпасць». Адкажыце, у такім выпадку, чым адрозніваецца нацыянальны музей ад прывакзальнай залі гульнявых аўтаматаў?

Знакам узроўню эфектыўнасці падобнай беззмястоўнай, пазбаўленай адчування сутнасці ўласнай гісторыі арганізацыі музейнага жыцця можа служыць вынік «музейнай ночы» ў Бабруйскім краязнаўчым музеі. Мясцовыя энтузіясты, апранутыя ў вопратку расійскіх салдат і мяшчан ХІХ стагоддзя, раздавалі ў той вечар наведвальнікам… сухары. Імпрэза прыцягнула ўвагу 50 чалавек.
 

Каментаваць