Новыя выставы

У лютым цалкам абнавіліся экспазіцыі Музея сучаснага мастацтва, прыняўшы адначасова тры выставы.

Першая з іх, «Казюкі», якая працуе па 6 сакавіка, аматарам беларускага мастацтва адразу прыгадае славуты твор жывапісца ХІХ стагоддзя Кануція Русецкага «Літоўка з вербамі». Менавіта вобраз каляровых плеценых вербаў, (сімвал хуткага свята каталіцкага святога Казіміра і звязанага з гэтай падзеяй вясёлага віленскага кірмашу «Казюкаў») зрабіўся крыніцай натхнення майстроў вырабу з лямцу, якія прадставілі ў музеі свае творы.

Як і трэба было чакаць, праект, што адштурхоўваецца ад ці не найбольш адметнай з’явы народнага мастацтва Віленшчыны, аб’яднаў беларускіх мастакоў з літоўскімі. Таварыства аматараў лямцу «Белыя вароны» пры падтрымцы Літоўскай амбасады ў Беларусі запрасіла да ўдзелу ў экспазіцыі літоўскіх майстрых: Інгу Самушэне, Данату Думчувене, Юргіту Міганене, Брыгіту Ракаўскене і Рэнату Краус. Апошнія прадставілі разнастайныя аксесуары і прадметы адзення, стылёва вырабленыя з лямцу. Беларуская ж частка выставы напоўнена прадметамі, якія непасрэдна апелююць да формаў і колераў традыцыйных вербаў, толькі выкананых з той жа лямцавай матэрыі. Атрымліваецца сапраўднае свята колеру і дызайну.

У вялікай дольнай залі па 4 сакавіка можна пазнаёміцца з работамі творцаў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва пад агульным тытулам «Цаца ёсць цаца». Разам сабраныя габелены, ткацтва і кераміка сямі аўтараў — Тамары Васюк, Наталлі Сухаверхавай, Алы Непачаловіч, Максіма Калтыгіна, Алега Ткачова, Вольгі Рэднікінай, Уладзіміра Лісавенкі. Стрыжань, што яднае іх паводле творчай дэкларацыі, — «агульная ідэя захаплення разнастайнасцю прыгажосці навакольнага сусвету». «Цаца» — гэта народнае вызначэнне «прыгожага». Уласна і сваю эстэтычную канцэпцыю мастакі выбудоўваюць, адштурхоўваючыся ад першаснай народнай эстэтыкі простых рэчаў і простых матэрыялаў. Таму побач з амаль традыцыйнымі прадметамі ганчарства і ткацтва яны паказваюць пераўвасобленыя, насычаныя сучасным мастацкім мысленнем экспанаты. Яны дэкларуюць — глядзіце, старажытныя паганскія багіні Цаца (Цёця), Ляля (Лёля) нашымі намаганнямі пачынаюць ажываць у сучасным свеце. І быццам бы замыкаюць у кола вечнасці розныя эпохі.

Нарэшце, па 13 сакавіка ў малой верхняй залі можна пазнаёміцца з персанальнай выставай Таццяны Гардашнікавай «Гульня ў коткі». Мастачка працуе ў галіне жывапісу, плакату, кніжнай ілюстрацыі, дызайну, з’яўляецца дыпламантам конкурсаў «Мастацтва кнігі». Гэтым разам яна прадстаўляе 25 палотнаў, прысвечаных «аўтарскай інтэрпрэтацыі ўспрымання сутнасці катоў і котак».

Каментаваць