Новы Бонд — руды, гей, чарнаскуры, жанчына?

Ад сёння ў кінатэатрах Мінска можна будзе пабачыць фільм «007: Спектр». Еўрапейская прэм’ера чарговай частки бандыяны выклікала дэбаты наконт неабходнасці змянення іміджу агента 007.



Фота www.buro247.ru


Ужо зараз можна казаць пра тое, што «007: Спектр» — не будзе прахадной стужкай (як вядома, фільмы пра шпіёна выходзяць рэгулярна раз на два гады). Аднак мастацкія якасці карціны і гульня актораў тут не пры чым. Папросту напярэдадні выхаду «Спектру» на шырокі экран як ніколі гучнымі былі заклікі да карэкцыі іміджу героя бандыяны. 

Вобраз Бонда склаўся ў 1960-я гады і заставаўся практычна закансерваваным да цяперашняга часу. Чуеш «Джэймс Бонд» — і адразу ўзнікае тыповы набор асацыяцый: брытанскі арыстакрат, якому ўласцівы цынізм, самаіронія, спажывецкае стаўленне да слабага полу, любоў да добрых аўтамабіляў і алкаголю і г.д. Калісьці такая мадэль успрымалася як нешта рэвалюцыйнае, аднак сёння шмат каму падаецца архаікай і сексізмам. Адсюль заклікі неяк мадэрнізаваць імідж славутага шпіёна.

Найбольшую фракцыю сярод аматараў рэбрындынгу агента 007 складаюць аматары чарнаскурага Бонда, або Black Bond (англ.: Чорны Бонд). Такі праект горача падтрымлівае, напрыклад, Пітэр Бросман, які выконваў ролю Бонда ў 1990–2000 гадах. Называецца нават канкрэтны актор, які можа прыйсці за змену Дэніэлю Крэйгу, які выконвае ролю Джэймса Бонда з 2006 года. Гэта Ідрыс Эльба — брытанскі актор, вядомы нашай аўдыторыі па серыялу «Лютэр». Праўда, сам артыст кажа, што Чорны Бонд — гэта пакуль фантазіі яго фанатаў.

Ідрыс Эльба. Фота © vk.com/idriselba

Адначасова паўстаў лагер тых, каму ідэя Чорнага Бонда не падабаецца. Сярод праціўнікаў чарнаскурага шпіёна — Энтані Горавіц — пісьменнік, сцэнарыст, якому не так даўно даручылі пісаць працяг прыгод агента 007. Горавіц лічыць, што вобраз агента ў выкананні чарнаскурага актора хутчэй пасуе творам пра барацьбу паліцыі з вулічнымі гандлярамі наркотыкаў. Роджэр Мур, які выконваў ролю шпіёна Яе Вялікасці ў 1970-я гады, мяркуе, што чарнаскуры актор у ролі агента 007 будзе азначаць адмову ад «брытанскага шыку» — аднаго з сакрэтаў поспеху брэнду «Джэймс Бонд». 

Асобная група гледачоў выступае за тое, каб Бонд у будучых серыях належаў да катэгорыі сексуальных меншасцяў. У папярэдняй серыі «Каардынаты Скайфол» яны нават пабачылі намёк на тое, што Бонд бісексуал. У адной са сцэнаў галоўны адмоўны персанаж Мільва гулліва кранае торс разведчыка. Аднак сам Даніэль Крэйг у адным з інтэрв’ю рашуча адхіліў спробы замаху на гетэрасексуальнае лібіда свайго персанажа. «Бонд — не гей, паколькі гэта супярэчыць яго характару», — катэгарычна заявіў артыст. 

Існуе такая незвычайная плынь, аматары якой выступаюць за трансфармацыю Бонда ў жанчыну. Для іх міс Бонд — гэта адзіны шанс для рэабілітацыі персанажа за свае былыя адмоўныя ўчынкі. «Пачынаючы з 1962 года Джэймс Бонд — белы мужчына, які шпацыруе па свеце, які належыць яму і яму падобным. Аднак тыя часы мінулі. Бонд павінны адказваць на нейкія не прыемныя для яго пытанні. Перш за ўсё — чаму ён увесь час абыходзіўся з жанчынамі як стары сексіст?» — піша нямецкая газета «Tageszeitung». А амерыканскае выданне «Variety» увогуле называе ўсе старыя серыі бандыяны «крымінальнае мінулае».

Цікава, што стваральнікі бандыяны вымушаны рэагаваць на падобную крытыку. Так, Даніэль Крэйг перад прэм’ерай «Спектру» заявіў, што Бонд у яго выкананні — гэта самы па-сяброўскі наладжаны да жанчын Бонд за ўсе часы існавання серыялу. 

Каб падкрэсліць павагу да жанчын, ролю сяброўкі Бонда ў «Спектры» спецыяльна аддалі Моніцы Белуччы, якая на тры гады старэйшая за Крэйга. За кошт Беллучы адносіны Бонда да сяброўкі выглядаюць больш сур’ёзнымі, чым дзяжурны флірт. Сама Моніка падкрэсліла, што выконвае ролю «не сяброўкі Бонда, а жанчыны Бонда». Увогуле, сам Джэймс Бонд у апошняй серыі не падобны на «крутога мача». Персанаж Крэйга, як пішуць кінакрытыкі, вельмі замкнёны і адзінокі.

Аднак падобныя крокі ўспрымаюцца ўсё ж як нейкія хітрыкі. На думку феміністак, Бонда нішто не зменіць, акрамя ператварэння ў жанчыну. Дарэчы, аматары пераўвасобіцца ў Бонда-жанчыну ўжо з’явіліся. Напрыклад, Анджэліна Джалі. Па яе словах, ёй прапаноўвалі ролю сяброўкі Бонда ў фільме «Казіно Раяль» (2006), аднак яна ў адказ запатрабавала ролю галоўнага героя.

 Дэміян Льюіс. Фота www.kino-teatr.ru

Нарэшце, трэба ўзгадаць і опцыю «Руды Бонд». Праўда, звязаныя са словам «руды» побытавыя забабоны тут не пры чым. Папросту актор Дэміян Льюіс якога шмат хто хацеў бы пабачыць у ролі наступнага Бонда, мае рудыя валасы.

Каментаваць