«Інтымная» вечарына Лявона Вольскага

3 кастрычніка ў клубе «Графіці» адбыўся адзін з двух запланаваных «інтымных» канцэртаў вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага, які зусім нядаўна выдаў сваю першую кнігу прозы. Такім чынам, канцэрт уключыў у сябе і афіцыйную прэзентацыю празаічнага зборніка «Міларусь».



3 кастрычніка ў клубе «Графіці» адбыўся адзін з двух запланаваных «інтымных» канцэртаў вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага, які зусім нядаўна выдаў сваю першую кнігу прозы. Такім чынам, канцэрт уключыў у сябе і афіцыйную прэзентацыю празаічнага зборніка «Міларусь».

Яшчэ ў самым пачатку вечара амаль усе месцы за столікамі ў невялічкім «Графіці» былі занятыя, але стоячых гледачоў было няшмат — усё ж такі кошт квітка спалохаў шмат патэнцыяльных наведнікаў. Але і тых, хто не пашкадаваў ста тысяч на квіток, было нямала. Пачатак імпрэзы быў запланаваны на 19 гадзін, але сам Лявон Вольскі выступаць не спяшаўся — канцэрт пачаўся з гадзінным спазненнем. Планавалася, што Лявону будуць дапамагаць гітарыст Павал Траццяк і басіст Алесь-Францішак Мышкевіч, але апошні з-за хваробы не змог прыняць удзел у выступе. Такім чынам, з-за сумных абставін трыа Вольскага пераўтварылася ў дуэт, што, безумоўна, паўплывала на гук не ў лепшы бок — басу ўсё ж не хапала.

Выступ пачаўся песнямі з «Белай яблыні грому» — першай была выканана «Пахне чабор» на верш Петруся Броўкі, а наступную песню, «Мала сказаць: ненавіджу» на верш Пімена Панчанкі, Лявон Вольскі прысвяціў Алесю Бяляцкаму. Лявон Вольскі адразу прапанаваў гледачам перадаваць яму любыя, нават самыя правакацыйныя пытанні. Публіка актыўна адгукнулася на прапанову і пачала з энтузіязмам крэмзаць пытанні на сурвэтках. Зусім хутка каля сцэны з’явіўся цэлы стос цыдулак.

Затым пайшлі песні з «Народнага альбому». І тут нечакана ўзнік імправізаваны дуэт — падчас выканання «Простых словаў» да Лявона Вольскага нечакана далучылася вядомая спявачка Вераніка Круглова, вакалістка гурта «KRIWI». За ўсім гэтым усмешліва назірала жонка Вольскага Ганна, у якой жартаўліва намагаўся адабраць фотакамеру фатограф «Будзьма!» Аляксандр Ждановіч.

Пазней акрамя твораў з «Народнага альбому» былі і гіты «Крамбамбулі», а бліжэй да канца загучалі песні «N.R.M.». Асабіста ў мяне выкананне «энэрэмаўскіх» песень выклікала супярэчлівыя пачуцці — здаецца, вось яны, улюбёныя песні дзяцінства, але тое, калі фірмовыя сола Піта Паўлава выконвае іншы чалавек, пакідае пачуццё нейкага блюзнерства. Пачынаеш адчуваць, што тая старая легенда ўжо памерла, што той непадзельны звяз чатырох чалавек, што стварылі легенду беларускага року, ужо не вернецца.


Акцэнтую ўвагу: Лявон Вольскі выступіў з праграмай, якая не мае аналагаў, — больш нідзе вы не пачуеце настолькі шырокай панарамы культавых беларускіх спеваў — старыя знакавыя песні «Мроі», легендарныя гіты «N.R.M.», вясёлая «Крамбамбуля» з «Саўкам ды Грышкам», сур’ёзная «Белая яблыня грому» і культавы «Народны Альбом». А калі ўлічыць той факт, што «Мроі» даўно не існуе, а «N.R.M.» з «Крамбамбуляй» — пад забаронай, канцэрты Вольскага застаюцца адзінай магчымасцю пачуць іх спевы жыўцом.

Дуэту Лявона Вольскага некалькі разоў даводзілася выходзіць на біс. Апошні раз частка гледачоў ужо было паверыла, што прагучала апошняя песня, і сышла, але самыя адданыя фанаты зноў дамагліся выхаду на сцэну музыкаў, якія на развітанне выканалі «Абсэнт». На гэтым канцэртная частка вечара скончылася.

Пасля невялікага перапынку Лявон Вольскі падпісаў усім ахвочым сваю новую кнігу «Міларусь». Чарга за аўтографамі расцягнулася на ўвесь клуб, у якім паступова аднаўлялася звычайная вечаровая атмасфера, аднак пранізаная духам рамантыкі і пазітыву, што пакінуў выдатны музыка Лявон Вольскі.
 

Каментаваць