Ой, не буду горювати — буду танцювати!

Сёння ў Мінску на тэрыторыі Верхняга горада шумна і весела. Тут, у рамках фестывалю нацыянальных культур, праходзіць Свята ўкраінскай культуры.

Каб стварыць па-сапраўднаму святочную атмасферу і перадаць дух каларытнай украінскай культуры на канцэрт у цэнтр Мінска прыехалі творчыя выканаўцы украінскай песні і танца з Мінска, Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей: фальклорны ансамбль украінскай песні і абраду "Ватра", хор "Берагіня", жаночы вакальны квартэт "Камертон", вакальны ансамбль "АкалаДа!", народны ансамбль бандурыстаў "Вербічанька", дуэт "Смерэка", дуэт баяністаў "Драйв", народны ансамбль "Вязынка", народны хор украінскай песні "Крыніца". Можна пачуць народныя песні "Рове та стогне Днипр широкий", "Ой у поли криниченька", "Гуляемо весiлля", пабачыць заліхвацкія танцы.

Рыцарскі турнір


Тут жа разгарнулася экспазіцыя народных рамёстваў — украінскага гафту і традыцыйных ручнікоў, праходзіць кірмаш майстроў народнай творчасці і выстава-продаж украінскай літаратуры, прадукцыі ўкраінскіх выдавецтваў. Апроч таго, на свяце прадстаўлена фотавыстава мінскага фатографа Міколы Лінніка "Захавальніца спадчыны".

Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва

Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва


Майстар народнай творчасці, сябра ГА "Беларускі саюз майстроў народнай творчасці", выдатнік адукацыі РБ Галіна Мікалаеўна Безбародка з прыватнай калекцыяй


І якое ж украінская свята без вядомай амаль на ўвесь свет украінскай кухні? Наведвальнікі сёння могуць пакаштаваць такія стравы, як боршч ўкраінскі з пампушкамі, варэнікі, закарпацкія галубцы, зразы бульбяныя з капустай, бульбяныя галушкі, канапе з салам, цыбульнік, піражкі адэскія, бульбачку са скваркамі, дранікі са смятанай і інш.


У чэрвені беларускія ўкраінцы ўжо ўдзельнічалі ў Фестывалю нацыянальных культур, які праходзіў у Гродна. Украінская дыяспара ў Беларусі — адна з найбольш вялікіх, таму і  дзень іх культуры абяцае быць насычаным. Асноўная канцэртная праграма праходзіць з 13.00 да 16.00. Пакаштаваць стравы ўкраінскай кухні можна будзе да 23 гадзін. Арганізатарамі свята выступаюць Беларускае грамадскае аб'яднанне ўкраінцаў "Ватра", Мінгарвыканкам, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, пасольства Украіны ў Беларусі.


На тэрыторыі Беларусі пражывае каля 160 тыс. украінцаў. Адзін з бульвараў у Мінску носіць імя Тараса Шаўчэнка, на якім усталяваны барэльеф вялікаму Кабзару. Яшчэ адзін помнік украінскаму паэту размешчаны каля будынка пасольства Украіны. Таксама ў Мінску працуе кінатэатр "Кіеў".

Каментаваць