«Open Space» прэзентавалі трохмоўны сінгл

Мінскія інды-рокеры «Open Space» нарэшце выканалі старую абяцанку — прэзентавалі сваю песню «Do You Remember» на трох мовах. Гэты сінгл, як і папярэдні альбом гурта, быў запісаны ў кіеўскай студыі Дзмітрыя Іванея.



Загалоўная песня сінгла была ўзята з іншага паўнафарматнага альбома гурта, «Pressure». Рускі тэкст да яе напісала Алена Ермаловіч, а беларускі — вядомы бард Алесь Камоцкі.

— Мы запісалі гэты сінгл па прапанове Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (UNFPA), — расказвае вакаліст гурта Віталь Маціеўскі. — Яны прапанавалі нам запісаць песню на міжнароднай мове, мове, звычнай для нас, і на роднай. Яна была запісаная хутчэй у якасці эксперыменту для саміх сябе і для крытыкі — каб разумець, якімі мы больш падабаемся слухачам, — зазначае ён.

З UNFPA «Open Space» супрацоўнічаюць ужо не першы год, а нядаўна гурт стаў афіцыйным беларускім паслом сеткі Y-Peer, якая была заснавана гэтым фондам. Y-Peer — гэта моладзевая сетка, якая займаецца прасоўваннем здаровага ладу жыцця праз падыход «роўны-роўнаму». Гэта значыць, што прасоўванне вядзецца не прафесійнымі лектарамі, а такімі ж вучнямі, якія ўжо навучыліся прадмету. У рамках гэтай праграмы музыкі займаюцца прасоўваннем сярод падлеткаў асноўных тэм Y-Peer: пытанняў ВІЧ/СНІД, наркаманіі і адказнага стаўлення да свайго здароўя.

— Гэтай песняй мы хацелі сказаць, што не трэба сядзець на месцы, трэба нешта спрабаваць, эксперыментаваць, шукаць сябе, — кажа Віталь Маціеўскі. Зараз у музыкаў ёсць у праекце яшчэ адна рускамоўная песня з новага альбома, але, як гаворыць Віталь, «пра яе казаць пакуль неактуальна». А наконт моўных аспектаў будучага альбома гурта ён пакуль нават не думае.

Спампаваць сінгл можна на афіцыйным сайце гурта.

Каментаваць