Пісьменнікі на кніжных барыкадах

5 мая апоўдні шматлікія наведнікі Карлава моста ў Празе натыкнуліся на нечаканую перашкоду. Выхад з мосту да Пражскага Граду быў перагароджаны барыкадай з кніг.

Такім чынам чэшскія выдаўцы і пісьменнікі выказалі сваё абурэнне з нагоды падвышэння ПДВ. Цягам наступных двух гадоў чэшскія ўлады маюць намер паступова ўзняць гэты паказнік з 10 да 17,5%. “Гэта заб’е кнігу! — перакананыя дзеячы чэшскай культуры.



5 мая апоўдні шматлікія наведнікі Карлава моста ў Празе натыкнуліся на нечаканую перашкоду. Выхад з мосту да Пражскага Граду быў перагароджаны барыкадай з кніг.

Такім чынам чэшскія выдаўцы і пісьменнікі выказалі сваё абурэнне з нагоды падвышэння ПДВ. Цягам наступных двух гадоў чэшскія ўлады маюць намер паступова ўзняць гэты паказнік з 10 да 17,5%. “Гэта заб’е кнігу! — перакананыя дзеячы чэшскай культуры.

Не толькі кнігу — а культуру наагул: уздымуцца кошты не толькі надрукаваную прадукцыю, але і на квіткі ў тэатры і ў музеі. Паводле дзеячаў мастацтва, гэта ўдарыць па ўзроўні адукаванасці насельніцтва, якім Чэхія па праве ганарыцца: вось ужо трэцяе стагоддзе ў краіне — амаль 100-працэнтная пісьменнасць насельніцтва. Апынуўшыся ў ценю гуманітарнай катастрофы, прадстаўнікі дзясяткаў выдавецтваў звезлі на Карлаў мост скрынкі з кнігамі і за лічаныя хвіліны “забарыкадаваліся ад фінансавага гвалту.

Супрацоўнік выдавецтва “Докаран Марэк Пэчэнка, арганізатар акцыі, зазначыў, што мэта іх негвалтоўнага супраціву — устрымаць улады ад хібнага кроку. Чэхі ўлічваюць сумны досвед славацкіх калег, для якіх аналагічнае падвышэнне ПДВ прывяло да адчувальнай страты чытачоў — і ў выніку славацкі ўрад прыняў рашэнне знізіць падатак на кніжную прадукцыю да ранейшага 10-працэнтнага ўзроўню. Але гэта ўжо не ўратавала кніжны рынак ад калапсу.

Удзельнікі пратэсту назвалі міністра фінансаў Міраслава Калаўшка — ініцыятара падвышэння падаткаў на, фактычна, 100% ад цяперашняга стану — варварам. “Смерць калаўшкам, а не кнігам! — было напісана на адным з транспарантаў.

У сакавіку дзеячы культуры звярталіся ў Мінфін з просьбай уключыць кнігі ў спіс сацыяльна значных твараў — як хлеб ці малако, на якія падвышэнне падатку не распаўсюдзіцца. Але адказу не атрымалі.

Акцыя пратэсту (сімвалічныя ўчынкі не чужыя чэхам) адбылася 5 мая — у дзень пачатку Пражскага паўстання 1945 года. Удзельнікі былі перакананыя, што зазнаюць разгон паліцыі, але паліцэйскія прыбылі на месца акцыі толькі праз паўгадзіны, калі ўсё ўжо скончылася. Кнігі з барыкады былі раздадзеныя ўсім ахвочым. Пратэсты супраць падвышэння падатку стануць асноўнай тэмай пражскага кніжнага кірмашу “Свет кнігі, які адбудзецца на гэтых выходных.

Аналагічная акцыя мінскіх выдаўцоў асуджаная на правал нават не таму, што міліцыя была б на месцы здарэння ўжо праз тры хвіліны. Беларускай кніжнай прадукцыі апошніх гадоў проста не хопіць на тое, каб перакрыць хаця б мінскую вуліцу, названую імем філосафа-матэрыяліста Карла Маркса, не кажучы ўжо аб праспекце, які колісь насіў імя першадрукара Францішка Скарыны.

ПДВ у Беларусі яшчэ ў 2010 годзе складаў 18%, а ў пачатку “пад шумок 2011 вырас да 20%. Ніякіх ільготаў выдаўцам кніжнай прадукцыі не прадугледжана. Такім чынам, не дзіва тое, што кніжнага рынку як такога ў Беларусі не існуе, а сама краіна разглядаецца адно як сегмент вялізнага рускамоўнага арэалу для збыту масавай літаратуры. Дзіва тое, што аўтары і выдаўцы ў гэтых драконаўскіх умовах знаходзяць нейкую магчымасць прадукаваць кнігі па-беларуску.



У дадатак праз валютны крызіс у красавіку гэтага года ў краіне рэзка і ўдвая выраслі кошты на паперу. Новая кніга імкліва ператварылася ў дарагую прыемнасць, а друкарні сталі. Мёртвы сезон на кніжныя прэзентацыі, які зазвычай прыпадае на ліпень-жнівень, пачаўся ўжо ў маі. Трэба думаць, паўза працягнецца да восені — прыкладна да гэтага тэрміну з прымаўкай: “Там пабачым, — у Беларусі адкладаюць сёння любы бізнэс.

Новая кніга — тое, чым у першую чаргу ахвяруюць людзі, калі няма на што купляць харчы. Гэта выдатна разумеюць чэшскія выдаўцы і таму б’юць у набат. Іх беларускія калегі — тыя з іх, хто яшчэ не пазбавіўся ліцэнзіі за “палітыку і іншую “парнаграфію, — спраўна плацяць падатак у 20%...
 

Каментаваць