Піт Паўлаў і барацьба

У мінскім Палацы спорту 20 лютага завяршыўся розыгрыш Кубка свету па грэка-рымскай барацьбе, у якім узялі ўдзел 10 каманд. Беларуская зборная трыумфальна заваявала трэцяе месца. Але размова не толькі пра спорт.



У мінскім Палацы спорту 20 лютага завяршыўся розыгрыш Кубка свету па грэка-рымскай барацьбе, у якім узялі ўдзел 10 каманд. Беларуская зборная трыумфальна заваявала трэцяе месца. Але размова не толькі пра спорт.

За беларусаў у малым фінале пераможна змагаліся Міхаіл Сямёнаў, Аляксандр Кікенеў, Цімафей Дзейнічэнка і Язэп Чугашвілі. Вырашальнай зрабілася апошняя схватка суперцяжаў. Менавіта з такой песняй — «Схватка» — Піт Паўлаў адчыняў турнір, выконваючы яе ў перапоўненай зале палаца проста ў цэнтры барцоўскага дывана. Яна ж гучала і на закрыцці турніру.

Пры чым тут знаны лідар-гітарыст гурта N.R.M. Піт Паўлаў і барацьба — спытаецеся вы. А справа вось у чым: мала хто ведае, але напачатку 1980-х, перад паступленнем у Мінскі радыётэхнічны інстытут, Піт паспяхова займаўся «класікай», беручы першыя месцы на чэмпіянатах горада, прызы — на рэспубліканскіх першынствах, і ўдзельнічаў у агульнасаюзных спаборніцтвах. Потым пытанне стала рубам: вучоба або спорт, і навука перамагла, а пазней яго захапіла музыка.

І вось вяртанне да захапленняў юнацтва: «Гэта вынік маёй паспяховай музычнай кар’еры, — заўважае Піт, — у спалучэнні з добрымі стасункамі ў спартовым асяроддзі».

Задача, якую вырашае Піт Паўлаў, не зводзіцца да простага выканання музычнай кампазіцыі перад спаборніцтвамі: ён прыйшоў як іх своеасаблівы рэжысёр, вызначаючы стыль прэзентацыі і афармленне залы. І прывёў з сабой новы каментатарскі «голас» — спевака і музыку Аляксандра Памідорава. Яны дэбютавалі два месяца таму на барцовых спаборніцтвах імя Караваева. З залы зніклі нафталінавыя саўкова-дажынкавыя букеты, з фанаграм — розныя «развітанні славянак», прыбавіўся строгі і выразны спартовы дызайн, дынамізм музычнага, пераважна «металічнага» аздаблення і экспрэсіўнае выкарыстанне асвятлення на ўрачыстых цырымоніях. Карацей, у вобраз спаборніцтва прыйшоў сучасны мастацкі дух.

Вядома, што алімпійскі спорт пачынаўся менавіта з барацьбы, папросту ў апошняе стагоддзе непаўторная атмасфера барцоўскіх цыркаў саступіла ў відовішчнай прывабнасці сучасным футболу і хакею. А цікаўнасць да барацьбы, мяркуе Піт, трэба вяртаць не толькі таму, што гэты від спорту нашмат дэмакратычней затратных гульнявых спаборніцтваў: дастаткова паслаць дыван — і, калі ласка, займайся ўдасканаленнем фізічнай формы і змагарнага духу. Але ж і славу беларускаму спорту прыносяць менавіта барцы: са шматлікіх сусветных спаборніцтваў ад Алімпійскіх гульняў да чэмпіянатаў свету і кантыненту беларусы рэгулярна прывозяць узнагароды розных проб.

Наша размова не магла не закрануць музычных навін, героем якіх рэгулярна з’яўляецца Піт Паўлаў. Ён паведаміў, што не збіраецца сыходзіць у цень, плённа працуе над новым дыскам. Прэзентаваная на спартовых спаборніцтвах кампазіцыя «Схватка» (якая і пра барацьбу, і пра тое, што жыццё — само па сабе змаганне) таксама з новых твораў.

Каментаваць